«Расія — мой дом, захоплены ворагамі». Імаверна, застрэліўся вядомы Z-блогер-франтавік Андрэй «Мурз» Марозаў
У яго канале «Нам пишут из Янины» — 100 тысяч падпісантаў. Афіцыйнага пацверджання смерці Марозава няма, але ён апублікаваў серыю развітальных пастоў са знішчальнай крытыкай расійскай сістэмы і арміі.
У адным з апошніх пастоў, якія Марозаў напісаў сёння ранкам ён наракае на «лізацеляў дуп начальства» і генералаў, якія дзеля карʼеры не шкадуюць салдат.
«Мне не трэба нікуды ўрывацца. Расея — мой дом, захоплены ворагамі. Паслужлівымі лізацелямі дупы начальства. Генераламі, гатовымі «пакласці «тысячы салдат, абы «вызначыцца». Журналістамі, якія будуюць карʼеру на хлусні з экрана.
Я не стаміўся змагацца з гэтым.
Я заўсёды знаходзіў у сабе новыя сілы змагацца. Дактарам на ўскрыцці, напэўна, будзе цікава даведацца, як я яшчэ трымаўся на нагах усе гэтыя гады з такімі трыбухамі. Неяк трымаўся. Знайшоў бы і яшчэ сіл, і яшчэ, але я не бачу сэнсу змагацца далей тымі сродкамі, якія даступныя мне жывому. Яны вычарпаныя, яны страцілі эфектыўнасць, і я дастаю апошні сродак», — піша Марозаў.
Ён заклікае скончыць вайну расейскай перамогай.
«Авантура прайдзісветаў, якія дастаюць слова «рускі» з кішэні толькі тады, калі гэта ім выгадна, заканамерна правалілася — пачалася вайна. Ваша справа — завяршыць гэтую вайну поўнай ваеннай перамогай над усімі, хто выступіць са зброяй супраць Расеі, якая ўстала на абарону рускіх. Дзе гэта будзе, у Кіеве ці ў Парыжы, з якога французскае кіраўніцтва нядаўна ўхваліла тэрор супраць нашага мірняка ў Белгарадзе, — пытанне тэхнічнае», — піша ён.
Марозаў просіць пахаваць яго «побач са сваімі» ў так званай «ЛНР».
У развітальным лісце Марозаў таксама заклікае забіваць украінцаў «як мага больш эфектыўна, з мінімальнымі стратамі».
Менавіта «Мурз» даў цвярозую ацэнку бітвы за Аўдзеўку. Яго прымусілі выдаліць гэты пост.
Каментары