Грамадства55

«Перасталі быць качэўнікамі і аселі на зямлі». Выдавец Янушкевіч прэзентаваў новую кнігарню і расказаў пра перспектывы бізнэсу

Самы вядомы беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч адкрыў у Варшаве сваю кнігарню, і гэта — галоўная кніжная навіна апошніх тыдняў. Сімвалічная і надзвычай чаканая беларускімі чытачамі падзея супала з дзесяцігоддзем выдавецтва. Перад варшаўскім адкрыццём там жартавалі: «Памятаеце, як мінская кнігарня «Кнігаўка» пратрымалася менш за суткі? Абяцаем, што варшаўская «Кнігаўка» будзе працаваць мінімум у 365 разоў больш». З выдаўцом у новай кнігарні паразмаўляла радыё «Унэт».

— Ідэя, мара, план рэалізаваўся. Мы перасталі быць качэўнікамі ў інтэрнэце і аселі на зямлі, — па-гаспадарску сустракае журналістаў выдавец Андрэй Янушкевіч у сваім невялікім, але ўтульным і вельмі светлым павільёне. Спачатку тут працавалі ў фармаце пункту самавывазу, але цяпер гэта ўжо сапраўдная кнігарня, якая чакае сваіх першых гасцей.

«Зробім месца прыцягнення ўсіх аматараў беларускай кнігі і культуры»

Беларуская «Кнігаўка» месціцца на вуліцы Kłopotowskiego, 4 на Старой Празе ў Варшаве. Лакацыя — выдатная. Неўзабаве праз Віслу адкрыецца пешаходны мост, па якім да Янушкевіча можна будзе дайсці з цэнтру за хвілін 10-15. А літаральна ў некалькіх кроках ад кнігарні хутка запрацуе кавярня Inclusive barista Аляксандра Аўдзевіча (выдатны беларускі анклаўчык вымалёўваецца!). Зрэшты, частаваць гарбатай-кавай плануюць і ў «Кнігаўцы».

Фота: instagram беларускай кнігарні «Кнігаўка»

— Мы хочам, каб гэта было месца сустрэч аднадумцаў, — натхнёна расказвае Андрэй Янушкевіч. — Зробім месца прыцягнення ўсіх аматараў беларускай кнігі і культуры. Каб нашыя людзі ведалі, што ў Варшаве ёсць месца, дзе заўсёды можна прыйсці, даведацца, што адбываецца ў нашай літаратуры — што выходзіць, што плануецца, якія праблемы, якія радасці, з чым мы сутыкаемся.

Абжывацца ў кнігарні будуць пакрысе, кажа выдавец. Хутка тут з’явіцца яшчэ адна кніжная шафа, паставяць столікі, а вялікія вокны ўпрыгожыць неонавая шыльда.

Фота: instagram беларускай кнігарні «Кнігаўка»

— Мы не хочам дапусціць той памылкі, якую зрабілі ў Мінску. Зрэшты, тут яна і немагчымая, — смяецца Андрэй Янушкевіч. — Тады мы паўтара месяца рыхтаваліся да адкрыцця, трымалі ўсё ў таямніцы, замовілі спецыяльную мэблю ў адпаведных колерах, размалявалі сцены, купілі абсталяванне.

— А пасля да вас прыйшлі няпрошаныя госці…

— І ўсе нашыя капіталаўкладанні пайшлі насмарку. Таму цяпер мы вырашылі, што будзем працаваць паступова. Неўзабаве зробім тут усё ўтульненька, прыгожанька, каб не хацелася выходзіць. Мы вельмі хацелі адкрыцца пад свой юбілей, і ў нас гэта атрымалася. Так што няхай людзі прыходзяць, бо галоўнае, чым мы можам парадаваць — гэта кнігі. Яны ў нас ёсць. Можна прыйсці, пагартаць, паглядзець, пачытаць і зрабіць свой выбар.

Аб’яднае Янушкевіч вакол сябе і калег па цэху. Ужо цяпер на яго паліцах стаяць кнігі розных беларускіх выдавецтваў.

— Мы адыдзем ад фармату выдавецкай кнігарні, — дзеліцца планамі Андрэй Янушкевіч. — Мы ўжо цесна супрацоўнічаем са сваімі блізкімі партнёрамі — выдавецтвамі «Пфляўмбаўм» і «Вясна». Мы хочам, каб у нашай кнігарні была прадстаўлена ўся якасная новая беларуская літаратура. 

Андрэй Янушкевіч на Міжнародным кніжным кірмашы ў Варшаве

«У нас вельмі вялікі слой чытачоў, якія патрабуюць сур’ёзнай інтэлектуальнай літаратуры»

На сёння «Кнігаўка» можа парадаваць асартыментам, які ёсць у яе інтэрнэт-крамах, а гэта — больш за 60 пазіцый. Традыцыйна адны з самых папулярных у беларускага чытача — творы Альгерда Бахарэвіча. У «Кнігаўцы» прадаецца цяпер 5 яго кніг. Надрукуе Янушкевіч і новы раман беларускага пісьменніка. Калі ўсё будзе добра, то навінку пагартаем ужо праз некалькі месяцаў. Стаіць на паліцах і хіт гэтай зімы — пераклад першай часткі легендарнай сагі Джона Толкіна.

— Калі з’явіўся «Валадар пярсцёнкаў», то ён перабіў усе іншыя кнігі. Быў вельмі актыўны папярэдні заказ, кніжку вельмі інтэнсіўна замаўлялі перад новым годам, а студзень паказаў, што яна знаходзіцца на першым месцы па продажы. Стабільна карыстаюцца попытам кнігі Альгерда Бахарэвіча. Карыстаецца папулярнасцю сусветная класіка — гэта і Джордж Оруэл, і Эрых Марыя Рэмарк, і Габрыэль Гарсія Маркес. Безумоўна, робім стаўку на нашыя навінкі. 

— Я цудоўна разумею, што калі выдавецтва хоча жыць і інтэнсіўна развівацца, нельга спыняцца. Трэба пастаянна рабіць новыя кнігі, радаваць імі чытача. Прынамсі, у нашым выпадку гэта і ёсць рэцэпт поспеху. Мы ўсцешаныя, што навінкі, якія мы выпускаем, заўсёды карыстаюцца попытам. Часта чытач ідзе менавіта за імі.

— А потым вяртаецца за іншай кнігай?

— Плюс у кнігах, якія ўсе ведаюць — дзякуючы ім да цябе ідуць новыя людзі. Тыя, якія абыякавыя да беларускай літаратуры ўвогуле, але даведаўшыся, што выходзіць «Гары Потэр» ці «Вядзьмар», яны ідуць чыста з цікаўнасці, купляюць адну кніжку, а потым прыходзяць ізноў. Праз месяц, праз два, але прыходзяць. Так адбываецца ў 9 з 10 выпадкаў. 

Увогуле ж, аўдыторыя беларускіх кніг даволі шырокая. Вельмі вялікі слой чытачоў, якія патрабуюць сур’ёзнай інтэлектуальнай літаратуры. Мы выдалі «Ненасытнасць» польскага пісьменніка Віткевіча. Ён вельмі няпроста чытаецца, складаны да зразумення. Я думаў — ну, пару дзясяткаў кніжак разыдзецца, і дзякуй Богу. А ён купляецца і карыстаецца папулярнасцю!

Вялікі пласт чытачоў патрабуе масавай літаратуры, якая дазваляе адасобіцца ад будзённай рэальнасці і расслабіцца. Наша задача як выдавецтва, каб гэты адпачынак быў з кніжкай, а не з гульнёй ці з тэлевізарам.

Стэнд выдавецтва на Гучна-фэсце ў Варшаве

«Трэба падымаць прэстыж працы карэктара, рэдактара, перакладчыка. І добра было б, каб «власть предержащие» задумаліся аб гэтым»

— Цяпер вельмі важна, каб залаты фонд сусветнай класічнай літаратуры быў выдадзены па-беларуску, — разважае над няпростымі пытаннямі Андрэй Янушкевіч. — А ў нас вялікія прагалы! У нас не выдадзеныя тыя раманы, якія заўсёды чытаюцца ў падлеткавым узросце — «Тры мушкецёры», «Падарожжы Гулівера». У нас да гэтай пары не выдадзены самы вялікі раман за ўсю гісторыю сусветнай літаратуры — «Дон Кіхот» Сервантэса. Усе гэтыя лакуны трэба закрываць. За гэтымі кнігамі чытач будзе ісці. Але мы ўсё адразу на сваіх рэсурсах зрабіць не можам. Так што неўзаранага поля вельмі шмат.

— І Вы на гэтым полі шчыруеце ўжо 10 гадоў!

— Я прызнаюся, што мне было даволі лёгка, таму што на беларускім кніжным рынку даволі слабая канкурэнцыя. Калі зараз з’явіцца яшчэ 10 беларускіх выдавецтваў кшталту нашага — добра, калі мы закрыем працэнтаў 10 запатрабаванняў патэнцыйнай аўдыторыі. Так не павінна быць, але ўсё ўпіраецца ў рэсурсы. Прытым не толькі ў матэрыяльна-фінансавыя, а і ў кадрава-чалавечыя.

Нам трэба падымаць прэстыж працы карэктара, рэдактара, перакладчыка, і добра было б, каб «власть предержащие» задумаліся аб гэтым. Гэта была б практычная канкрэтная дапамога, а не пафас, які ліецца са старонак СМІ пра тое, як усе падтрымліваюць беларускую культуру. Толькі справа засведчыць чыюсьці рацыю.

— Што Вам дапамагала ўвесь гэты час быць у авангардзе працэсу? Што патрэбна, каб заставацца адным з самых паспяховых гульцоў на кніжным рынку — хватка, апантанасць? А можа, інтуіцыя?

— Я ўключаў бізнэс-мысленне: якая кніга пойдзе ў чытача, на якой кнізе я магу добра зарабіць, каб потым далей развівацца? Мы прыйшлі на рынак і праз 5 гадоў ужо выдалі першага «Гары Потэра». І калі я задаваў сабе рытарычнае пытанне, а чаму кнігу, якая грымела ў любых грамадствах апошнія 20 гадоў, ніхто не выдаў да гэтай пары — то аказваецца, што ніхто і не браўся. Так што прыйшоў, убачыў, перамог (смяецца).

Каментары5

  • Anatol Starkou
    21.02.2024
    Не, у Варшаве ці ўвогуле ў Польшчв мае кнігі не будуць друкавацца. У завяшчанні напішу. Пакуль застаецца Расія, дзе выйшла мая адна кніга і рыхтуецца другая. Калі заўважу нядобрае з боку бел улады для выхаду кнігі ці кніг у Расіі, то выкл Беларусь з публікацый маіх кніг таксама ў завяшчанні ўнукам. Выдаю на беларускай мове і русском языке.
  • Багдан
    21.02.2024
    Вы б хоць спасылку на Інстаграм, сайт, гугл мэпс далі. Каб прасьцей людзям было знацсьці.
  • Так
    21.02.2024
    Поспехаў пану Янушкевічу ў выдавецкай працы. Адразу бачна, што чалавек з г.зв. Заходняй Беларусі ды разумее істотнасць культуры і свядомы.

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу9

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Усе навіны →
Усе навіны

Выпускнік мінскай беларускамоўнай гімназіі скончыў Гарвардскі ўніверсітэт. Вось дзе ён цяпер працуе21

Трагедыя ў Мінскім раёне: загінулі двое дзяцей

Мужчына, які ўдарыў малатком па сцяне Крамля, аказаўся не беларускім палітвязнем, а яго поўным цёзкай

Змянілі тэрмін уручэння позвы на вайсковыя зборы

«Дзмітрыеву сказалі: «Калі нешта не тое, адразу вернешся ў турму»19

У Драздах выратавалі бабра, які праваліўся ў адкрыты калодзеж

Санкцыі перагледзець, паслоў вярнуць? Што стаіць за «маніфестам» Андрэя Дзмітрыева11

Сяргей Скрыпаль упершыню пракаментаваў замах на сябе па загадзе Пуціна3

Колішняму начальніку аддзела Банкаўскага працэсінгавага цэнтра пагражае да васьмі гадоў калоніі за данаты і каментары ў Telegram1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу9

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Галоўнае
Усе навіны →