Былая палітзняволеная спявачка Мэрыем Герасіменка выступіла з канцэртам у Варшаве
Беларуская спявачка Мэрыем Герасіменка, якая сядзела ў турме за выкананне песні вядомага ўкраінскага гурта «Океан Ельзи», 16 лютага выступіла з канцэртам у Варшаве, піша «Радыё Свабода».
Гэта быў першы канцэрт спявачкі пасля затрымання. На ім яна зноў выканала песню, за якую яе затрымалі ў жніўні 2022 года.
Таксама на канцэрце прысутнічаў Андрэй Жук, колішні ўладальнік мінскага бара «Банкі-бутылкі», пры якім выступала Герасіменка.
«За гэтую песню развалілі ўвесь бізнэс, пасадзілі. Але нічога не змянілася, мы далей засталіся пры сваёй думцы. Магчыма давялося дзесьці прагнуцца, але мы ўсё ж такі верым, што ў адзін дзень мы вернемся дадому, і спяем там, і станцуем, і ўсё будзе клас», — сказаў Андрэй Жук.
Мэрыем Герасіменка затрымалі 4 жніўня 2022 года пасля канцэрту каля мінскага бара «Банкі-бутылкі», дзе спявачка выконвала песню «Обійми» гурта «Океан Эльзи» ў падтрымку Украіны. Факт выканання песні на ўкраінскай мове абурыў прапагандыстаў.
Спявачку двойчы асудзілі на 15 сутак паводле адміністрацыйнага артыкула. Пасля перазатрымалі ў межах крымінальнай справы і змясцілі ў СІЗА.
20 студзеня 2023 года суддзя Вікторыя Шабуня прысудзіла Мэрыем Герасіменка тры гады «хатняй хіміі». А ў студзені 2024 года стала вядома пра тое, што «Байсол» эвакуіраваў спявачку з Беларусі.
Андрэй Жук і ягоная жонка Марыя тады таксама атрымалі «хатнюю хімію».
«Сіл усім, для каго гэтая гісторыя акажацца асабістай». Мэрыем Герасіменка прэзентавала песню, якую напісала ў СІЗА
«Цяпер я абсалютна шчаслівая, а шчаслівая, таму што вольная». Мэрыем Герасіменка эвакуіравалі з Беларусі
Уладальніка бара «Банкі-Бутэлькі» і яго жонку асудзілі за ўдзел у маршах і выпусцілі з СІЗА
Каментары