«Лічаць, колькі каштуюць, а мы не можам за гэтыя грошы купіць там анучы якія-небудзь». Лукашэнка стаў адказваць на прэтэнзіі пра адзенне
Падчас нарады па адукацыі Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра тое, хто што носіць.
«У нас ідзе змена пакаленняў. Усе, хто сядзіць тут, рана ці позна сыдуць. А хто прыйдзе за намі?» — пачаў ён разважаць і нечакана пераключыўся на адзенне, якое носіць моладзь (і якое ён, з яго слоў, нібыта не можа сабе дазволіць).
«Называюць гэтыя імпартныя брэнды і іншае — я такіх не чуў. А калі і чуў, дык толькі за імя там вялікія грошы плацяць. Але нашы нармальна ўжо шыюць. Не, трэба там.
А калі лічаць, колькі каштуюць, то прад’яўляюць прэтэнзію, а мы не можам за гэтыя грошы купіць там анучы якія-небудзь. А навошта табе гэтая ануча?
Я прыехаў некалі ў Злучаныя Штаты, найбагацейшая краіна. Гляджу: мільярдэр, я з ім сустракаюся па інвестыцыях і іншае, [на мне] акуратны касцюмчык, [а яны] амаль усе ў памятых нейкіх. Думаю: божа мой, такія грошы. А ў іх не прынята. А ў іх тады і, упэўнены, цяпер не прынята было выдурняцца, выпінацца.
А ў нас ужо сёння малады чалавек, ён калі не адзенецца, я нават не ведаю, як тэлевядучы ці тэледзіва — недзе трэба, можа быць, адзецца, — ён ужо кепска жыве».
Што гэтым хацеў сказаць Лукашэнка, складана сказаць, бо скончыў ён высновай пра «Хочам даскакацца да Украіны?».
Малодшы сын Лукашэнкі носіць часцей дэмакратычныя маркі спорт-кэжуал. Напрыклад, цішоткі ад Under Armour ці класічныя пола ад вядомага брэнда Marc O'Polo. Касцюмы для Колі, меркавана, шыюцца ў сталічным атэлье LineA — там жа, дзе ствараюцца касцюмы амаль усёй лукашэнкаўскай эліты.
Каментары
Студзент, скідай лайно, памыйся і бяжы філасофію з вышкай батаніць.))