За нязначныя парушэнні некаторых адпраўляюць на «суткі».
Па нашай інфармацыі, сачэнне за «хатнімі хімікамі» праз камеры відэаназірання адбываецца прыкладна цягам года. У некаторых выпадках — з канца 2023 года. Людзям падчас адзнак у міліцыі паказваюць фота з камер назірання, калі яны былі «не ў тым месцы».
У асуджаных на хатняй хіміі строгі расклад, калі яны мусяць быць дома ці на працы, ад яго нельга адхіляцца. Інакш можна атрымаць спагненне.
Прычынай, напрыклад, можа стаць візіт на запраўку ці ў цырульню ў недазволены час. Або паход у супермаркет, дзе прадаюць алкаголь на фудкортах, або нейкае кафэ, бо фармальна ім забаронена бываць у месцах, дзе разліваюць алкаголь.
Спагнаннем можа стаць буйны штраф або адміністрацыйны арышт, а пасля некалькіх парушэнняў пагражае ўзмацненне рэжыму.
Вядомы выпадкі, калі «хатнія хімікі» траплялі на суткі за такія парушэнні.
Гэтыя ж звесткі пацвярджае і праваабарончы цэнтр «Вясна». Праваабаронцы атрымалі сведчанне былога палітвязня, які нядаўна адсядзеў суткі і патрапіў у камеру, дзе было шмат тых, хто сядзеў акурат за такія парушэнні. Адзін з іх зайшоў у краму «Грын», дзе быў фудкорт.
У Мінску цяпер падключаныя да сістэмы распазнавання твараў да некалькіх тысяч камер — на красавік 2023-га іх было болей за тысячу, але колькасць планавалі павялічыць утрая да выбараў, якія адбудуцца 25 лютага. Камеры ўсталяваныя ў кафэ, рэстаранах, на запраўках, у вялікіх крамах ды публічных месцах у цэнтры гораду.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары