Арыштавалі аднаго з самых небяспечных злачынцаў Еўропы. Падвяла слабасць да жанчын
Боса італьянскай мафіі Марка Радуана, які ўцёк з турмы з дапамогай прасцін, злавілі ў Францыі.
Ён быў у спісе Еўрапола як адзін з самых шуканых злачынцаў Еўропы. Радуана арыштавалі на Корсіцы, пацвердзілі афіцыйныя асобы Францыі і Італіі, паведамляе Бі-бі-сі.
Мафіёзі арыштавалі ў чацвер 1 лютага, калі ён вячэраў у рэстаране з маладой жанчынай.
Паводле звестак Еўрапола, ён адбываў 24-гадовы тэрмін за незаконны абарот наркотыкаў і іншыя злачынствы.
Радуана збег з турмы строгага рэжыму ў лютым 2023 года, выкарыстоўваючы звязаныя прасціны, каб спусціцца па сценах.
Італьянскія ўлады абвясцілі, што яго бліжэйшы памочнік Джанлуіджы Траяна таксама быў затрыманы недалёка ад Гранады на поўдні Іспаніі.
40-гадовы Радуана лічыцца босам злачыннага сіндыката Фоджа, які часам называюць чацвёртай італьянскай мафіяй — пасля больш вядомых арганізацый на Сіцыліі, у Калабрыі і Неапалі.
Каментары