«Спадзяюся, што мы вырулім, таму што робім нешта важнае і добрае». Дырэктарка кнігарні расказала, што такое кніжны бізнэс у сучасных умовах
Цяпер час кантэнту. Кожны павінен умець пісаць прыгожа (ці хаця б пісьменна). Можна, вядома, публікаваць сакавітыя фота, але калі да іх не прыкладаецца змястоўная, выразна сфармуляваная думка, то кантэнт пусты. Толькі начытанасць можа даць чалавеку тое, чым ён мог бы чапляць іншых людзей. А для прадпрымальніка гэта вельмі важны навык. Выданне «Про бизнес» пагаварыла з дырэктаркай кнігарні «Кніжная шафа» Настай Дудковай і даведалася, што адбываецца з кніжным бізнэсам у Беларусі і чаму крытычнае мысленне моладзі — важны фактар поспеху кнігарняў.
Што адбываецца ў кніжным бізнэсе цяпер
— Як сёння развіваюцца незалежныя кнігарні, якія не ўваходзяць ні ў якія сеткі?
— Паступова закрываюцца: «Кніжная нара», «Букашкин дом»… Вось «Вілка» ў нейкай ступені перарадзіліся ў Marks. Як я разумею, усе, хто працаваў у «Вілцы», у Marks ужо не працуюць. Атрымліваецца, гэтая кнігарня адна з нямногіх, што жыве.
Тут няма вялікіх прыбыткаў, якія б матывавалі людзей ісці ў гэты бізнэс. У тым жа Oz.by, напрыклад, ёсць мноства спадарожных тавараў: бытавая хімія, касметыка, насенне, тавары для дому. Па вялікім рахунку, гэта не толькі кнігарня і гэта ўсё ж такі сетка. Магчыма, дзякуючы гэтаму яны і выжываюць — на абароце.
— Ці ёсць перспектывы?
— Кніжны бізнэс — гэта альтруізм людзей і проста любоў да кніг. Я пакуль так бачу. Ведаю, што ў Еўропе практычна ўсюды ёсць ільготы на прадпрымальніцтва ў кніжнай сферы. У нас ты выжываеш нароўні з усімі, хоць гэта вельмі нізкапрыбытковы бізнэс.
Кніга можа чакаць свайго чытача не адзін год і проста стаяць на паліцы.
І яна дачакаецца, як казаў адзін з маіх кліентаў, але гэта ўжо ўкладзеныя, г. зн. выдаткаваныя грошы. Плюс асартыментнасць — у цябе не пяць найменняў, а тысячы. У нас — каля пяці тысяч.
Магчыма, больш перспектыў было б, калі б мы пашыраліся ў сетку, але для гэтага таксама патрэбныя інвестыцыі. Ніхто не дасць гарантыі, што гэта будзе прыбыткова.
Складана ацаніць нашы перспектывы, мы ж яшчэ не на адным баку і не на трафіку, а ў закуточку. Да нас прыходзяць людзі, якія проста любяць кнігі, гэтак жа як і мы. Гэта больш гурток па інтарэсах.
Я спадзяюся, што мы вырулім, таму што робім нешта важнае і добрае.
— З чаго пачаўся ваш бізнэс?
— Я ўсё жыццё працавала з кнігамі. Была дырэктаркай выдавецтва, а да гэтага менеджаркай, калі трэба было ўладкавацца пасля інстытута.
— Дырэктаркай якога выдавецтва?
— Я была дырэктаркай ТАА «Граўцоў Букс» — перакладная бізнэс-літаратура. Мне здаецца, што папярэдні дырэктар трохі апярэдзіў свой час, таму што літаратура, якую ён выдаваў, была адрасаваная гарадам-мільённікам. І на той момант толькі расійскія Екацярынбург, Масква, Санкт-Пецярбург былі гатовыя ўжываць такі кантэнт. І гэта былі вельмі невялікія наклады.
Расійскі курс тады праваліўся, роялці выплачваліся ў еўра і друкаваліся мы ў Літве. Здарылася вялікае падзенне ў цане рэалізацыі, а сабекошт вырас. Гэта быў правал. Ідэя класная, і кнігі выдатныя, але нешта пайшло не так. І калі бізнэс скончыўся, я таксама заканчвала сваю працу. Муж сказаў, што ёсць памяшканне пад невялікую кнігарню, можна паспрабаваць. У мяне заўсёды была мара адкрыць сваю краму.
Вядома, былі хвіліны адчаю, таму што нават пункты бясстратнасці не вызначалася. Усе сябры дапамагалі. Дызайн памяшкання і планіроўку зрабіла адна наша сяброўка, лагатып (мішку) — таксама сябар.
Нам тут усе дапамагалі, як маглі. Брат майго мужа дапамагаў рабіць шафы. Ну і праз нейкі час убачылі беларускі бізнэс «каля нуля» (смяецца). Гэта хоць неяк дапамагае нам жыць, выплачваць заробак, закрываць рахункі.
Нават маё дзіця крыху дапамагло. Дачка зрабіла домікі, якія ўжо тры гады вісяць над нашай касай.
— Калі пачалі зарабляць? Праз які час пасля адкрыцця?
— Нельга сказаць, што мы пачалі зарабляць. Я ўвесь час успамінаю адну добрую кніжніцу: калі ў яе пыталіся «як у цябе справы?», заўсёды адказвала, што даўгі растуць.
— Дзе вы заказваеце кнігі?
— Частка кніг — гэта беларускія выдавецтвы. Мы іх бярэм на рэалізацыю і гэта дазваляе нам выжываць, таму што, калі адразу па перадаплаце, то гэта цяжкавата.
Нядаўна да нас прыехала шмат расійскіх кніг — дзіцячых і дарослых. Цяпер не вельмі шмат новых перакладных кніг, праз тое, што правы не прадаюць, таму прыходзяць папулярныя «старынкі». Дарэчы, з адным пастаўшчыком я прапрацавала больш за 20 гадоў, яшчэ калі менеджарам пачынала.
Мы не можам выбраць шмат кніг у аднаго выдавецтва, нам прасцей працаваць з аптавікамі, каб пашырыць асартыментную лінейку.
Дадатковыя магчымасці ў нас з'явіліся з адкрыццём інтэрнэт-крамы: мы выйшлі за межы Мінска. У нас шмат актыўнай моладзі, якая чытае, і не ўсе жывуць у Мінску.
— Вы не хацелі б наогул увесь бізнэс перавесці ў анлайн?
— Мне здаецца, што атмасферу, дзеля якой сюды прыходзяць людзі, трэба захаваць. Хоць мы і не ведаем, што будзе заўтра. Але будзем старацца.
— Раскажыце, а хто ваша аўдыторыя?
— Вельмі розная. Але ўсе гэтыя людзі любяць наш дом, падтрымліваюць нас ва ўсіх чаціках, друкуюць у нас усе важныя дакументы свайго жыцця, ксеракапіруюць, купляюць падарункі. Нашы людзі заўсёды, калі хтосьці губляецца і не ведае, дзе раздрукаваць тэрмінова, — адпраўляюць да нас.
Мы іх маленькая зорачка і, вядома, сябруем тут усе. Часта да нас прыходзяць і на каву, хто жыве побач, і проста правесці час, пасядзець, пачытаць. Ніколі нікога не праганяем, у нас можна пачытаць, пакласці кнігу на паліцу і пайсці па сваіх справах.
Людзі — самая вялікая каштоўнасць
— Выдатна, што прыходзіць моладзь. Мне здаецца, яна ў нас вельмі самадастатковая. Магу меркаваць па сваіх супрацоўніках: я за іх старэйшая ў два разы, і часам думаю, адкуль у іх столькі смеласці. Яны малайцы — робяць тое, на што ў мяне не хапала духу.
Мы неяк наймалі супрацоўнікаў: прыходзіць адна дзяўчынка і кажа, што бясплатна паступіла на міжнародныя адносіны ў БДУ, але праз год зразумела, што гэта не яе і сышла. Яна не паступала нават, а выйграла нейкую алімпіяду. І я думаю, што ніколі б так не зрабіла — гэта ж разбіла б сэрца маім бацькам, там жа конкурс дзікі.
Яны зусім іншыя, больш свабодныя ці што: запускаюць свой бізнэс, выбіраюць творчую і прафесійную самарэалізацыю. І мне гэта ў іх вельмі падабаецца.
— Раскажыце пра каманду. Як знайсці супрацоўнікаў?
— У мяне цяпер дзве супрацоўніцы-філолагі. Адна — кандыдатка навук, а другая — бакалаўрка або магістарка, я дакладна не памятаю. І разам з намі яны па любові, па любові да кніг.
Насцю Букваеда мы знайшлі, калі ўбачылі яе блог. Муж кажа: «Якая цікавая, мне здаецца, што нам трэба з ёй супрацоўнічаць». І мы пачыналі супрацоўнічаць з Насцяй як з аўтаркай водгукаў па кнігах. Яна іх спажывае нон-стоп. Крыху пазней запрасілі яе на працу, і яна з радасцю пагадзілася.
— Колькі ўжо працуе?
— Гадоў з шэсць дакладна.
Так, мае дзяўчынкі даўно працуюць. Калі я шукала супрацоўніка, мая сяброўка паралельна шукала таксама сабе супрацоўніка ў фронт-офіс банка. У банку зусім іншыя фінансавыя ўмовы. І вось сяброўка прызналася: «Выхлап на тваю аб'яву ў разы большы, чым у мяне».
Людзі, якія ідуць да мяне, ведаюць, чаго хочуць.
А людзі, якія ідуць у фронт-офіс — гэта альбо пра «пераседзець», альбо пра кар'ерны рост, ухвалены асяроддзем. Унутраная матывацыя іншая.
Мае дзяўчынкі займаюцца і рэдактурай, і карэктурай. Усё роўна ў іх ёсць праца, звязаная з філалогіяй, яны ўсё адно ў сваёй сферы. Насця вось перакладае кнігу.
Другую Насцю мы знайшлі пазней. У нас было 5 прэтэндэнтаў і ўсе крутыя. Мы не маглі спыніцца і Насця, якая на той момант ужо працавала, дапамагла. Так атрымалася, што ў нас стала тры Насці. Каманда крутая. Я часам заўважаю, што яны жывуць тут амаль як дома (знайшла неяк хатнія тэпцікі).
— А вы ходзіце па іншых кнігарнях? Назіраеце за выкладкай, працай прадаўцоў?
— На самым старце хадзіла і глядзела. За працай прадаўцоў дакладна не назірала, таму што было сваё разуменне. Гэта як менеджараў у любой галіне запрашаюць і вучаць любіць людзей. А я думаю: ты іх альбо любіш, альбо не. Навучыць гэтаму немагчыма. Так і з кнігамі: ты іх любіш альбо не. І гэта так відавочна. Я больш глядзела, як гэта ўладкавана візуальна, і ўсё адно мы нічога не пазычалі, нам хацелася нешта сваё.
А гэта Андрэй Лянкевіч падарыў нам карціну, якая «зацмявае» ўсю Шафу.
— Давайце пагаворым пра грошы. Дзе вы ўзялі грошы на старт?
— У мяне быў інвестар.
— На гэты момант які самы вялікі артыкул выдаткаў?
— На заробак шмат трацім, на новыя кнігі. У нас з інтэрнэт-крамай памянялася расходная частка, таму што мы шмат на адпраўку аддаём. Як у любога бізнэсу — мы выдаткоўваем сродкі на людзей.
— Можа, у вас ёсць унікальны вопыт па прасоўванні?
— Мне здаецца, што наш выпадак — гэта маркетынг без бюджэту. Мы ні разу не плацілі за рэкламу, таму што ў нас на гэта няма рэсурсу. Першы час нам тэлефанавалі розныя менеджары, прапаноўвалі рэкламу.
А я думаю: вы бачыце, куды тэлефануеце? У нас не той тавар, каб плаціць за рэкламу.
У нас раней былі выставы, мы рассылалі прэс-рэлізы. Я скончыла Акадэмію паслядыпломнай адукацыі па піяру. І вось з дапамогай прэс-рэлізаў мы траплялі ў расклад мерапрыемстваў у Мінску. Да нас прыходзілі. Проста мы даўно нічога не праводзім… У нас тут раней былі кніжныя чытанні для дзяцей, Англійская, маляванне, выставы. Засталося толькі маляванне.
— Азіраючыся назад, што б вы зрабілі інакш?
— Напэўна, у нейкіх пытаннях была б смялейшай. Я вельмі эканоміла.
Часам, каб нешта атрымаць, трэба рызыкнуць, але, калі грошы не твае, гэта заўсёды складана.
І я заўсёды больш ашчаджала, чым рызыкавала. Цяпер мне здаецца, што гэта небізнэсная стратэгія, ці што. Класныя прадпрымальнікі якраз звычайна рызыкоўныя. Яны ставяць і выйграюць, а я ўсё падціскаюся: цяпер тут ашчадзім, тут… Я рабіла, як магла. У дапамогу сабе купляла «курсы бізнэс-гуру».
— І які іх эфект?
— Ад іх ёсць матывацыя ў кожным разе.
— Як лічыце, у вас ёсць канкурэнты?
— Ведаеце, OZ.by неяк павесілі білборд насупраць нашага дома, проста побач з нашай шыльдай, але ў іх зусім іншая канцэпцыя. Раней у мяне было дбайнае стаўленне да канкурэнтаў. У мяне было маленькае дзіця і мне здавалася, што я не паспяваю за ўсімі. А потым, калі яны сталі закрывацца, гэта разбівала мне сэрца, таму што я разумела, што ім таксама цяжка, як і мне. І яны таксама патрэбныя і важныя. Мы ўсе былі ў розных раёнах: Уручча, Каменная Горка. Мы не перасякаліся па геаграфіі: хто не даедзе да нас, даедзе да іх.
— А Marks?
— Па-першае, у іх зусім іншая літаратура, яны купляюць дарагія альбомы, англамоўныя кнігі. Хутчэй за ўсё, у нас чытацкая аўдыторыя ўсё ж розная. Яна ў чымсьці перасякаецца: ёсць людзі, якія ходзяць і туды, і сюды. Але, напэўна, туды ідуць прыгожа папіць кавы і патрымаць у руках прыгожую кнігу, а па кантэнт ідуць да нас.
— Вы на кагосьці арыентуецеся ў бізнэсе? Хто для вас карысны, натхняльны прыклад?
— Гэта Таццяна Герасімава, несумненна. Гэта Linen and you — яны робяць ільняныя рэчы, і мне здалося, што ў іх проста крутая маркетынгавая стратэгія. Шмат чаго куплялі і сабе ў тым ліку. Мне прыемна было за імі назіраць: як растуць, развіваюцца. Яшчэ прыкладам быў Фастэркідс, але, на жаль, закрыўся. Гэта быў і развіваючы цэнтр, і дзіцячы садок. І мне яшчэ вельмі падабаецца Міла Ігнацік — яна робіць упрыгажэнні з палімернай гліны. Самі дзяўчынкі, уладальніцы гэтых бізнэсаў, самадастатковыя, вельмі яркія і крутыя.
— Якія ў вас планы?
— Захавацца. Для пачатку. Была ў мяне ружовая мара. Цяпер там зверху рамонт робяць, а раней доўга пуставала памяшканне з вітражнымі вокнамі. І здавалася, летам мы паставім столікі, будзем піць каву, у вітражы выставім кнігі. І ў нас будзе яшчэ больш кніг, яшчэ больш людзей. Але цяпер там сківічна-тварная хірургія, яны купілі гэтае памяшканне і сканчаюць рамонт.
Можа быць, і хацелася б куды-небудзь у цэнтр пераехаць, але для гэтага патрэбныя дадатковыя рэсурсы. Пакуль будзем захоўвацца тут. Гэта першая задача. Як бізнэсвумен я павінна думаць, як пашырацца і развівацца, але пакуль мэта такая.
Незразумела, што будзе заўтра: беларускія выдавецтвы таксама па рознаму жывуць, і перакладной літаратуры становіцца менш. І людзі таксама менш сталі купляць — эканомяць.
— Якія кнігі вы б параілі прадпрымальнікам, дасведчаным або пачаткоўцам? З бізнэс– і мастацкай літаратуры.
— Мне здаецца, што «Атамныя звычкі» — класная кніга. Гэта тое, што ўводзіш у свой штодзённы рытуал, а потым новая звычка становіцца часткай цябе.
Калі шчыра, я не вельмі чытаю бізнэс-кнігі, таму што гэта не сюжэтная літаратура, і мне яе складана чытаць. Талеба трэба чытаць, але яго, мне здаецца, усе бізнэсмены ўжо ведаюць.
— Гэта мастрыд, як той казаў?
— Ну, гэта не тое, каб мастрыд, а мэйнстрым для бізнэсменаў, як калісьці былі стратэгіі блакітных акіянаў. Напэўна, «21 урок для XXI стагоддзя» Харары таксама ўсе ўжо прачыталі 1000 раз. Мы гэтую кнігу пастаўлялі для кампаніі 21vek на падарункі для іх партнёраў.
Я ўжо казала, што ўсю працу па краме мы робім самі. Мы і фатографы, і рэдактары, і афарміцелі. У нас ёсць унікальныя фатаграфіі, якія зробленыя адразу на шкло, каштуюць яны вельмі дорага. Гэта работы Дзмітрыя Аза. А ёсць фатаграфіі, якія зробленыя адразу на жалезную пласціну. Вельмі крутыя работы.
— Што б вы сказалі чалавеку, які хоча адкрыць кнігарню?
— Калі любіш — рызыкуй.
— Вы б не сталі адгаворваць у цяперашніх умовах?
— Я б расказала пра падводныя камяні. Проста мне здаецца, што калі чалавек да гэтай думкі прыйшоў, значыць, ён пра гэта шмат думаў. А калі ён пра гэта шмат думаў, то, хутчэй за ўсё, не проста так яго гэтая тэма зацягнула. Думаю, што я б не стала адгаворваць, але дакладна б папярэдзіла, што гэта не просты хлеб.
«Кнігарня-гэта сядзець сярод кніг і піць каву. Так думаюць многія»
Некаторыя, хто спрабаваў трапіць да нас у наём, былі ўпэўненыя, што кнігарня — гэта сядзець сярод кніг і піць каву, а насамрэч гэта вялікая асартыментная праца. Гэта і неабходнасць весці сацсеткі, і пастаянныя камунікацыі па замовах інтэрнэт-крамы. Акрамя таго, трэба правяраць усе плацяжы, адпраўкі, упакоўкі. Гэта ўсё трэба рабіць. Кнігі прыходзяць — і там накладная не на адну старонку. Добра, што цяпер ёсць pdf — залівай у 1C. Усё аўтаматызавана, але не настолькі. Усё адно трэба працаваць ручкамі.
— Што цяпер тармозіць жыццё і развіццё?
— Ну, па-першае, калі б на гэтую галіну была льгота — нам 100% усім было б лягчэй жыць: і чытачам, і прадаўцам, і выдаўцам. Гэта ўжо галіна з «Чырвонай кнігі», якую трэба абараняць. Я груба кажу, але я так лічу.
І другі момант — дабрабыт і крытычнае мысленне падрастаючага пакалення. Калі людзі не могуць камунікаваць, у іх няма цікаўнасці і патрэбы пазнаваць нешта новае, то ў такіх умовах працаваць складана. Гэта досыць аб'ёмнае пытанне, не хачу называць гэта праблемай.
— Што любіце чытаць і ці хапае вам часу?
— Я люблю чытаць мужчын. Вельмі люблю Даўлатава, шкада, што ён ужо нічога не напіша. З мяне ўсе смяюцца, асабліва філолагі: я і Пялевіна чытаю, і бачу сэнс паміж радкоў, але мне кажуць, што я прыдумляю яго сама.
Мне падабаецца Вадалазкін. Здаецца, што гэта прыгожае валоданне мовай. Хоць «Кысь» Таццяны Талстой прачытала і падумала, што яна правяла класны эксперымент са словам, але я ўжо не памятаю, што я апошняе чытала з жанчын.
— Але час ёсць пачытаць?
— Няма часу, але я стараюся чытаць дзіцяці. І атрымліваецца, што час майго чытання я аддаю ёй. Зараз мы чытаем Дарэла «Лятаючы дом». І яе зачапіла нарэшце: мы спрабавалі Дарэла чытаць летась, але беспаспяхова. А ў гэтым годзе ўжо пытаецца: «А працяг ёсць?» Цяпер мы чытаем ужо «Падарожжа да дыназаўраў». Увогуле, зайшло. Дзецям падабаюцца прыгожыя кнігі. Яны іх будуць з радасцю чытаць.
— Ці прыходзяць да вас людзі, груба кажучы, з папсовымі запытамі? Ці прыходзяць па кнігу «50 адценняў шэрага»?
— Прыходзяць дзяўчынкі па «Курыны булён для душы». Але мне здаецца, што нават гэта лепш, чым нічога. У нас раней жыў у доме дальнабойнік, малады хлопец. Вось я яго аднойчы сустрэла і даведалася, што ён пераехаў. Сказаў, што мы змянілі яго жыццё. Ён расстаўся са сваёй дзяўчынай, таму што больш не мог пасля чытання Букоўскага з ёй мець зносіны. Кажа: «Я сышоў з працы, цяпер іншы чалавек. Што вы са мной зрабілі?» (смяецца).
— Ускладнілі жыццё чалавеку…
— Так, чытачы могуць быць абсалютна рознымі. У Расіі можна сустрэць у кнігарнях «нармальных маргіналаў». Яны выглядаюць незвычайна, здаецца, што ў іх няма грошай, каб памыцца і паесці, але яны купляюць столькі кніг, што разумееш, што ў яго ёсць грошы на ўсё. Чалавек у прынцыпе купляе толькі кнігі.
У нас усё ж такі людзі больш адэкватныя, вось такіх персанажаў няма. Я часам думаю, што, можа быць, такія і дадаюць перчыку.
Андрэй Янушкевіч адкрывае ў Варшаве кнігарню «Кнігаўка»
«Шуфляда поўная, але каму гэта і куды?» Пісьменніца расказала пра шчасце, мукі творчасці і запаветныя мары
Ці загадвае Крэмль забараніць беларускую літаратуру і ці кэнселіць расійскую культуру — дыскусія
«Цяпер ёсць Камароўка, чырвоны дворык, любімая кнігарня і батанічны сад». Беларуска стварае духмяныя свечкі з пахам месцаў Мінска
Каментары