Чалы: Галоўнае адкрыццё, якое нас чакае, — усё адбудзецца раней, чым мы думаем
Аналітык Сяргей Чалы ў выпуску «ЧестнОК-LIVE» падзяліўся прагнозам, калі чакаць перамен у Беларусі, расказаў пра стаўленне да Арыны Сабаленка і патлумачыў, каго лічыць найгоршым у атачэнні Лукашэнкі.
«Там безнадзейная паніка»
Падчас гутаркі Сяргей Чалы падзяліўся сваім меркаваннем пра сітуацыю ў Беларусі.
«Там усё вельмі няпроста. З эканомікай яны не ведаюць, што рабіць, нягледзячы на ўсе размовы. Апошнія захады абсалютна некампетэнтныя. І выканаўцаў там няма. І тыя, хто застаўся, на жаль, страцілі сваю рэпутацыю. І вялікага жадання далей ратаваць [эканоміку] у іх няма.
Імкліва пагаршаюцца магчымасці самога Лукашэнкі. Я гляджу на яго, і мне фізічна становіцца балюча. Я бачу, як інтэлектуальныя і фізічныя сілы яго пакідаюць.
І вось у такой сітуацыі краіна жыве. Праз увесь флёр пра тое, як усё здорава, прарываюцца размовы пра тое, што пэўная паніка там прысутнічае. Праблема ў тым, што яна безнадзейная».
Чалы патлумачыў: калі раней у цяжкіх сітуацыях можна было знайсці людзей, якія былі гатовыя замяніць «ідыётаў, якія гэта ўсё наварацілі», то цяпер гэта значна складаней.
«Я думаю, што галоўнае адкрыццё, якое нас усіх чакае, гэта тое, што ўсё адбудзецца раней, чым мы думаем. А па-другое, не знойдзецца нікога, хто возьмецца разграбаць гэтыя аўгіевы стайні пасля таго, як яны іх канчаткова запаскудзяць».
«У нейкі момант яны вырашылі, што самі змогуць абысціся без гэтых «здраднікаў»-інтэлектуалаў. Потым для іх выявілася нечаканым, што гэтыя «здраднікі»-інтэлектуалы рабілі ўсю працу за іх, а яны ўмелі толькі кантраляваць. Але цяпер і кантраляваць няма каго, бо ахвотных няма. І наступны крызіс, які адбудзецца, будзе на іх. Бо ніхто на сябе адказнасць не возьме. Адсюль гэтая паніка. Плюс да ўсяго час няўмольна сыходзіць».
Па словах Чалага, Лукашэнка добра адчувае, што сістэма пасля яго не працягнецца. «Яна разваліцца ўмомант. Будзе свой аналаг XX з'езда партыі, калі ўсе тыя, хто меў дачыненне да ўсіх паскудстваў, што рабіў Лукашэнка з іх дапамогай, скажуць, што насамрэч гэта быў «культ асобы». Гэта ўсё Лукашэнка, мы пакутавалі таксама. Цяпер нарэшце мы ад гэтага пазбавіліся і будзе адліга».
Перамены ў Беларусі, ацэньвае аналітык, могуць адбыцца праз 3-4 гады.
Ці радаваўся перамозе Арыны Сабаленка
Чалы адзначыў, што яму больш за фінальную гульню Арыны Сабаленка на Australian Open спадабаўся паўфінал. На яго погляд, фінал быў нецікавы.
«Я думаю, што ў яе моцная форма, таму што нарэшце яна сказала: «Адстаньце ад мяне, я гуляю ў тэніс. Аўстралія цяпер мой дом. Ідзіце ўсе ў задніцу». І такім чынам яна набыла нармальны душэўны спакой».
Чалы звярнуў увагу, што ў адрозненне ад футболу тэніс — цалкам індывідуальная гульня.
«Гэта ўжо дакладна тое, дзе ні дзяржава, ні Лукашэнка ніякім чынам аказваць ніякай дапамогі не могуць і не ўмеюць. Ты валодаеш талентам, цябе вывозяць у Іспанію. Ты там знаходзіш трэнера. Ты больш за палову года ці нават увесь год жывеш за мяжою, там трэніруешся. Гэта нібы твая інвестыцыя. Потым пачынаеш сямʼі вяртаць.
Гэта дарагі насамрэч від спорту. Гэта індывідуальныя заслугі. Лукашэнка паспрабаваў сябе да гэтага прымазаць. Ну што ёй трэба было сказаць? «Аляксандр Рыгоравіч, ідзіце нафіг»? Ну так жа не працуе».
Апошняя размова з Лукашэнкам
У 1990-х Сяргей Чалы ўваходзіў у атачэнне Лукашэнкі. Ён згадаў пра сваю апошнюю размову з ім.
«Тады, скажу шчыра, жыць на той заробак, што быў нават у Адміністрацыі, было вельмі цяжка. Рэальна нейкі варʼяцкі Савецкі Саюз, калі людзі выстройваліся па прадуктовыя замовы, як у савецкія часы. Нейкая курыца, грэчка. Нейкая лухта. І вось пасля гэтага была размова, якая мне вельмі запомнілася.
«Я цябе разумею. Ты хочаш бізнэс. Але навошта табе нейкі бізнэс, у нас жа ёсць свой».
Я падумаў: «Не, хлопцы, хопіць ужо». Там былі яшчэ заходы кшталту: «Ты там калісьці за ідэю быў». «Не, хлопцы, за ідэю ў вас такіх грошай няма».
Па словах Чалага, гэтая сустрэча была першай і апошняй, калі ён быў «у вялікім кабінеце».
Хто найбольшае зло ў атачэнні Лукашэнкі
Сяргей Чалы адзначыў, што Качанава — прыклад усяго самага негатыўнага, што можа быць з кадравай палітыкай Беларусі. Да сваёй пасады, лічыць аналітык, яна дайшла «без ніякіх уменняў, не кажучы пра таленты, толькі на ліслівасці».
Згадваючы Ярмошыну, Чалы выказаўся, што яна ў адрозненне ад Качанавай добра разумела, што робіць. І людзей з такой здольнасцю падманваць у адкрытую вельмі мала.
«Ярмошына — гэта наўмыснае зло ў чыстым выглядзе», — даў ацэнку аналітык.
Гаворачы пра Івана Церцеля, Чалы адзначыў, што, на яго погляд, КДБ цяпер мае менш уплыву на сітуацыю, хаця спрабуе актыўна вяртаць страчаныя пазіцыі.
«Цяпер усё зло сканцэнтравана ў тым гестапа, як яны самі сябе называюць, ці ГУБАЗіКу. Карпянкоў, які знайшоў сабе нарэшце занятак. Таму што арганізаванай карупцыяй займацца было нецікава. Аддзел практычна расфармавалі. А вось цяпер нарэшце палітычны вышук. Ён яго цалкам адабраў ад КДБ. Тыя хоць неяк спрабавалі прэтэндаваць на інтэлектуалізм. А гэтыя сказалі «нафіг». Дубінкі, зброя — і наперад.
Параўнанне Карпянкова з Каранікам, на погляд Чалага, залежыць ад крытэрыяў:
«Калі гаварыць пра зламыснасць, то, зразумела, Карпянкоў. Калі гаварыць пра наступствы, то на сумленні Караніка (хутчэй ад слабасці яго характару) каля 30 тысяч празмерных смерцяў беларусаў падчас каранавірусу».
Чалы згадвае нараду ў Лукашэнкі, якая адбылася, калі толькі каранавірус прыйшоў у Беларусь. На ёй прысутнічалі цывільныя медыкі і вайсковыя медыкі. Першыя гаварылі пра неабходнасць увядзення каранціну. Лукашэнка думаў, што вайсковыя медыкі выступяць супраць.
«Але тыя сказалі, што ў іх ёсць пратакол на выпадак нейкай бактэрыялагічнай вайны. Неабходна разварочваць спецыяльную бальніцу, якая будзе абслугоўваць хворых. І ўсе іншыя меры ўключна з каранцінам. Тады ж прагучала лічба, чаго можа каштаваць непрыняцце гэтых мер, прыкладна 30 тысяч чалавек.
Гэтая мадэль, як і ўсе, што былі на той час, аказалася страшнейшай за рэальнасць, але потым па даных, якія можна было аднавіць (да таго, як статыстыку закрылі), дзіўным чынам гэта ацэнка аказалася дастаткова дакладнай», — выказаў сваё бачанне аналітык.
Па словах Чалага, Каранік аказаўся слабы характарам і не здолеў пераўпэўніць Лукашэнку. Ён выбраў стратэгію падыгрываць памылковым поглядам, карʼерныя меркаванні замест таго, каб ратаваць людзей.
Чытайце яшчэ:
Сяргей Чалы запускае вечаровае шоу
У Аляксандра Івуліна новы ютуб-канал і новае шоу. Што там цікавага?
Каментары
балее за лукашэнку... чаму дасюль не ў камісіі па вяртанні? прымуць з распрасцёртымі аб'яццямі, як вернага лукашыста (В 1993 году участвовал в качестве аналитика в предвыборном штабе кандидата в президенты Республики Беларусь Александра Лукашенко. Своё участие позднее Сергей Вячеславович объяснял желанием...)