«Стварае атмасферу ўсёдазволенасці». Мінчука асудзілі на 2,5 года «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыі пратэстаў
У судзе Савецкага раёна Мінска 18 снежня 2023 года асудзілі Мікіту Кавалеўскага паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Вольга Емяльянчанка прызначыла Мікіту два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»), піша «Вясна».
Мінчука абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў 2020 годзе і выхадзе на праезную частку. Ён цалкам прызнаў віну. Мужчыну апазналі па відэазапісе з акцыі пратэсту ў ягоным тэлефоне і па даных аб ягоным месцазнаходжанні ад мабільнага аператара. А таксама ў Мікіты знайшлі байку з каптуром, у якой ён быў на мітынгу.
Паводле судовай пастановы, «здзейсненае абвінавачаным злачынства стварае атмасферу ўсёдазволенасці».
Пасля абвяшчэння прысуду мужчыну вызвалілі ў судовай зале.
Мікіта Кавалеўскі мае вышэйшую адукацыю, беспрацоўны.
Каментары