Усяго патроху33

Экзатычныя канкурэнты коцікаў. Якіх незвычайных хатніх гадаванцаў можна сустрэць у беларускай правінцыі

Клецкая раённая газета «Да новых перамог» знайшла трох жыхароў раёна з незвычайнымі гадаванцамі і пагаварыла з імі пра асаблівасці іх утрымання.

Павук-птушкаед Эльза

Не кожны на сваіх квадратных метрах наважыцца завесці павука, ведаючы, што ён атрутны. Аднак жыхарку Клецка Ганну Шымко такое суседства не палохае. Ужо восем гадоў яна даглядае чылійскага птушкаеда.

Да гэтага дзяўчына вывучыла ўсю базавую інфармацыю па доглядзе за ім. І толькі пасля знайшла ў Брэсце тых, хто іх разводзіць, і яны ў сакавіку 2015 года дапамаглі Ганне з купляй рэдкага гадаванца. Ганна назвала павучыху Эльзай.

«Забрала яе ў Баранавічах, — кажа дзяўчына. — Было холадна. Па дарозе ў Клецк ахінула кантэйнер у сваё паліто, каб яна не замерзла».

«Чылійскі птушкаед не патрабуе адмысловага догляду і вялікіх выдаткаў, — дзеліцца суразмоўніца досведам утрымання экзатычнага павука. — Спатрэбяцца невялікі па памеры шкляны тэрарыум з вечкам і вентыляцыяй паветра, грунт — какосавы субстрат, шырокая паілка — для падтрымання пэўнага ўзроўню вільготнасці, пінцэт — для падачы жывой ежы і сховішча, дзе ён зможа схавацца. Гэта можа быць корч ці любая ёмістасць, якая імітуе нару».

Цеплалюбівым жывёлам неабходна забяспечыць тэмпературу 23-29 градусаў. Холад для іх смяротны. Каб не адбылося перасыхання скурных покрываў, вільготнасць у тэрарыуме варта падтрымліваць на ўзроўні ад 40 да 60°С.

Есць гадаванец зімой 1 раз у тыдзень, летам — 2 разы. Хоць можа абыходзіцца без корму паўгода.

«Улюбёны ласунак Эльзы — конікі, — удакладніла гаспадыня. — У яе рацыёне таксама тараканы і лічынкі зафобаса. Такі корм у Клецку не купіш. Таму даводзіцца ездзіць у Мінск».

Лічынак Ганна захоўвае ў вазе з пілавіннем, і кожны дзень падкормлівае іх яблыкам. У такіх умовах яны могуць пражыць год.

Каб расці, птушкаед перыядычна скідае свой стары цвёрды экзашкілет.

«Калі надыходзіць працэс лінькі, у Эльзы змяняюцца паводзіны, — тлумачыць Ганна. — Яна адмаўляецца ад ежы. Пляце павуцінне і высцілае яго, нібы калыску».

Гэтая жывёла не падыходзіць для аматараў прамога кантакту з гадаванцамі. Хоць яна і не агрэсіўная, але атрутная. У рукі яе браць дакладна не варта. Як адзначае дзяўчына, ёй дастаткова назіранняў за тым, як Эльза плаўнымі рухамі, перакочваючыся, перамяшчаецца па тэрарыуме.

Суседства Ганны і яе хатняй улюбёнкі абяцае быць доўгім. Самка птушкаеда можа пражыць у хатніх умовах 20-25 гадоў, а вось самцы жывуць значна менш — 3-4 гады.

Шыншыла Хаку

У доме сям'і Дземух жыве грызун з мяккай поўсцю, вялікімі вушкамі і пухнатым хвастом. Гэтая мілая жывёліна, шыншыла па імені Хаку, ужо 5 гадоў радуе сваіх гаспадароў.

У сям'і ў розны час былі сабакі, каты, рыбкі, чарапаха, і заводзіць кагосьці экзатычнага яны не планавалі. Малое шыншыляня падарылі дачцэ Карыне, і яна прывезла яго дадому. Бацькі, вядома, прынялі гэты пухнаты цуд.

«З мужам прачыталі шмат інфармацыі па ўтрыманні звярка, — кажа Алена Дземух. — Даведаліся, што жывёліна непатрабавальная і не прынясе праблем. Імпанавала тое, што грызун ня ліняе, шубка ў яго гіпаалергенная, ён ахайны, не распаўсюджвае непрыемнага паху. Муж сам змайстраваў металічную клетку, зрабіў дамок і прыстасаванні для ляжання і скачкоў».

Суразмоўца расказала, што ў кармленні шыншылы ніякіх складанасцяў няма. Харчуецца яна толькі сухім кормам: семкамі, арэхамі, кукурузай, насеннем раслін, сушанай садавіной і гароднінай, любіць сена. Усё гэта прадаецца ў заакрамах і каштуе нядорага. Любіць яшчэ яблыневыя галінкі, з дапамогай якіх точыць зубкі.

Грызун вядзе начны лад жыцця, днём у асноўным спіць.

«Спачатку доўга прывыкалі да начных шоргатаў, цяпер не звяртаем увагу. Вечарамі любім назіраць за Хаку, — адзначае Алена. — Ён такі пацешны. Цікава глядзець, як бярэ лапкамі корм і есць, як мыецца, куляючыся ў пясочнай ванне. А якая ў яго прыемная навобмацак шубка. Гэта наш камячок шчасця».

Шыншыла — мірны, таварыскі звярок. Калі яму сумна, выдае своеасаблівыя гукі, каб звярнуць на сябе ўвагу.

«Але бывае, паказвае наравісты характар, — характарызуе гадаванца гаспадыня. — Калі нешта не задавальняе, то не падпускае да сябе. Калі ў настроі, то можа сам залезці на рукі ці ўскараскацца на калені.

Пухнацік вельмі шустры. Па-за клеткай яго лепш не пакідаць без нагляду ні на хвіліну, інакш пагрызе ўсё, што патрапіць на вочы».

Прыязны эўблефар Лія

Сям'і Тарасевіч з вёскі Азярэчча сумаваць не даводзіцца. Дома іх чакаюць два каты, котка, акварыумныя рыбкі і эўблефар, кожны з якіх патрабуе да сябе ўвагі і клопату.

Плямістая рэптылія з'явілася ў пары незапланавана. Такі незвычайны падарунак два гады таму зрабілі сваякі іх дзецям Маргарыце і Мікіту. Сёння яна стала ўлюбёнкай усіх членаў сям'і.

Яшчарка хутка прывязалася да новых уладальнікаў. Яна з задавальненнем прымае ласку. Любіць сядзець на руках або на плячы. Яшчэ ёй падабаецца схавацца пад валасы і грэцца.

«Лія спакойная, прыязная, лёгка ідзе на кантакт з людзьмі, асабліва добра ладзіць з дзецьмі, — кажа Эльвіра Тарасевіч. — Калі ў госці да сына і дачкі прыходзяць сябры, то галоўная забаўка — гэта пагуляць з эўблефарам».

Харчуецца гекон жывой ежай — мармуровымі тараканамі, цвыркунамі, саранчой, мучнымі чарвякамі. Карміць яго дастаткова два разы на тыдзень.

Складанасць, як адзначае жанчына, толькі ў тым, што па корм трэба ехаць у Мінск. Але і гэта вырашальна — можна купіць адразу вялікую партыю, каб хапіла надоўга. Яшчэ ў рацыёне абавязкова павінен быць кальцый.

Для камфортнага жыцця яшчаркі ў тэрарыуме трэба стварыць аптымальныя ўмовы: тэмпературу не вышэй за 30 градусаў, вільготнасць — 40-50%. Асвятленне не патрабуецца, паколькі гэта начныя жывёлы. У якасці грунту лепш узяць драўняны напаўняльнік. Важна кожны дзень мяняць ваду ў паілцы.

«Цікава тое, што эўблефары п'юць ваду, як каты і сабакі, хлебчучы яе языком», — паведаміла Эльвіра.

Адзін раз на месяц рэптылія ліняе, пасля чаго скура робіцца больш яркай. Старую скуру яна з'ядае.

Пры добрым доглядзе такія гадаванцы рэдка хварэюць. Сярэдняя працягласць жыцця 20 гадоў, у асобных экзэмпляраў можа быць і даўжэйшай.

Эльвіра Тарасевіч знаходзіць адны плюсы ў утрыманні экзатычнай рэптыліі:

«Хатнія гадаванцы — гэта адказнасць, але і вялікая радасць. Дзякуючы нашай Ліі дзеці спазнаюць частку навакольнага свету, вучацца быць клапатлівымі і дысцыплінаванымі».

Чытайце таксама:

«Да іх няма такой прывязанасці, якая ёсць да сабакі». Беларуска з дзяцінства прызвычаілася атачаць сябе экзатычнымі жывёламі

У Гродзенскім заапарку купаюць змей у малацэ. Навошта?

«Найлепшы сувенір з замежнай паездкі — не магніт ці статуэтка, а насенне». Ляснік з Жодзіна стаў фермерам і пасадзіў лесасад з экзатычнымі дрэвамі

У вёсцы пад Гроднам знайшлі зялёнае кацяня. І гэта яго натуральны колер

Каментары3

  • Жвір
    30.01.2024
    Ну, шыншыла - гэта не экзотыка. У нулявыя вельмі модна было, усе заакрамы мелі шыншыл у прапанове. А яшчэ фрэдкі карысталіся ўвагаю.
  • дочка Максима Дизайнера
    30.01.2024
    раней свіней і кароў вырошчвалі, ад экзатычных грызуноў пазбаўляліся наадварот.. а зараз вось...
  • дочка Максима Дизайнера
    31.01.2024
    няма радасци на твары ні жанчын, ні экзатычных жывёл

    толькі шэу быу рад

Гайдукевіч параіў беларусам, якія не здзяйснялі злачынстваў, «адседзець і жыць далей»15

Гайдукевіч параіў беларусам, якія не здзяйснялі злачынстваў, «адседзець і жыць далей»

Усе навіны →
Усе навіны

Адказнасць за ўчарашні тэракт у Ізраілі ўзяў на сябе ХАМАС2

У Польшчы пакуль не могуць стварыць «Украінскі легіён» — няма ахвотных23

У канфіскаце Гомеля з’явіўся люксавы абутак — красоўкі амаль за 4 тысячы рублёў. Жыхары ўражаныя8

У Беларусі пачалі выпускаць сыр з белым труфелем1

Падчас тэракту ў Ізраілі цяжка паранены грамадзянін Беларусі

Ізраіль забараніў уезд у краіну генеральнаму сакратару ААН10

У Бярдзянску забілі суддзю-калабаранта2

Дураў заявіў, што Telegram супрацоўнічае з праваахоўнымі органамі ўжо 6 гадоў4

Не квадроберамі адзінымі. Нефармалы 2000-х расказалі, чаму было небяспечна станавіцца эма і як з'яданне корму з сабачай міскі дапамагае інтравертам2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гайдукевіч параіў беларусам, якія не здзяйснялі злачынстваў, «адседзець і жыць далей»15

Гайдукевіч параіў беларусам, якія не здзяйснялі злачынстваў, «адседзець і жыць далей»

Галоўнае
Усе навіны →