«Ён галоўны супернік у маёй кар'еры. Я буду сумаваць» — Гвардыёла кранальна выказаўся пра сыход Клопа
Галоўны трэнер «Манчэстэр Сіці» пракаментаваў заяву трэнера «Ліверпуля», што той па сканчэнні сезона пакіне клуб і Англію.
«Без Юргена, спадзяюся, буду лепей спаць перад матчамі з «Ліверпулем». Ён галоўны супернік у маёй кар'еры. Я буду сумаваць», — сказаў каталонскі спецыяліст.
Клоп і Гвардыёла амаль сінхронна перабраліся ў Англію: адзін у 2015 годзе, другі ў 2016-м. Прычым абодва з Нямеччыны. Гвардыёла трэніраваў «Баварыю», з якой выйграў тры чэмпіянаты Нямеччыны, а Клоп — «Барусію», з якой выйграў два чэмпіянаты.
Гвардыёла на чале «Манчэстэр Сіці» выйграў пяць разоў чэмпіянат Англіі, Клоп з «Ліверпулем» аднойчы.
У сёлетнім чэмпіянаце «Ліверпуль» ідзе на першым месцы, у «Сіці» адставанне на пяць балаў, але ў запасе гульня з лядашчым «Барнлі».
***
Учора Юрген Клоп заявіў, што вырашыў пакінуць «Ліверпуль» па заканчэнні сезона. «Рэч у тым, што ў мяне, як бы гэта сказаць, сканчаюцца сілы. Я магу зразумець, што ў гэты момант для многіх людзей гэта шок, калі вы гэта ўпершыню чуеце, але я магу гэта растлумачыць — ці, прынамсі, паспрабаваць растлумачыць».
«Мне падабаецца абсалютна ўсё ў гэтым клубе, мне падабаецца ўсё ў горадзе, мне падабаецца ўсё ў нашых заўзятарах, мне падабаецца каманда, мне падабаецца персанал… Мне ўсё падабаецца. Але тое, што я ўсё ж такі прымаю гэтае рашэнне, азначае, што я перакананы: мне давядзецца яго прыняць», — сказаў Юрген Клоп.
Сезон 2022-23 года для «Ліверпуля» быў няўдалым, клуб з цяжкасцю завяршыў чэмпіянат на пятым месцы і не трапіў у чарговы розыгрыш Лігі чэмпіёнаў.
«Мінулы сезон быў у нейкім сэнсе суперскладаным, і былі моманты, калі ў іншых клубах, верагодна, рашэнне было б такім: «Ну, добра, вялікі дзякуй за ўсё, але, напэўна, мы павінны на гэтым расстацца». Ясна, што гэтага тады не адбылося», — сказаў нямецкі трэнер.
Потым ён дадаў, што магчыма вернецца ў футбол, але дакладна не ў Англію, «нават калі яму не будзе чаго есці».
Каментары