Грамадства44

Сузаснавальнік «Байхэлпа»: Калі мы сыдзем, палітвязням у Беларусі ніхто не дапаможа

Масавы супраціў беларусаў, не згодных з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, выклікаў хвалю рэпрэсій, якая не спыняецца чацвёрты год. Сузаснавальнік ініцыятывы «Байхэлп» і фонду «Байсол» Аляксей Лявончык са шкадаваннем канстатуе, што з цягам часу яна толькі мацнее і попыт на дапамогу людзям, якія апынуліся ў складанай сітуацыі, трапілі за краты або маюць патрэбу ў медычнай рэабілітацыі, не змяншаецца.

«Позірк» паразмаўляў з актывістам аб выніках 2023 года, планах і варыянтах развіцця падзей сёлета. Інтэрв’ю адбылося перад учорашнім рэйдам сілавікоў па кватэрах былых палітвязняў і іх сем’яў у пошуках грошай, атрыманых ад ініцыятыў салідарнасці. З гэтай прычыны Лявончык дапоўніў размову аператыўным каментаром:

— Гэты рэйд — спроба сістэмнага наезду на інфраструктуру дапамогі ўнутры Беларусі. Напярэдадні адбыліся кібератакі на інстаграм-старонкі Святланы Ціханоўскай, «Палітвязынкі», сайт «Байсола».

Па-першае, затрымлівалі тых, хто атрымліваў дапамогу праз INeedHelp. Я так разумею, гаворка ідзе пра звязанае з праектам INeedHelpBY «экстрэмісцкае» фармаванне. Па-другое, затрымлівалі сваякоў палітзняволеных, якія сядзяць альбо адсядзелі. Мы ведаем, што іх таксама распытваюць, адкуль яны бяруць грошы. Раней былі арышты людзей, якія адпраўлялі грошы ў турмы.

То бок гэта, паўтаруся, атака на сістэму дапамогі палітзняволеным унутры краіны. Але гэта не змяняе нічога ў нашай працы, бо мы як раней ставілі на працу ў Беларусі, так і працягваем гэта рабіць. Канешне, нічога прыемнага ў гэтым для нашых падапечных няма, але, калі мы сыдзем, ім ніхто ўжо не дапаможа. Са свайго боку мы прытрымліваемся ўсіх захадаў бяспекі.

Паводле маіх звестак, пакуль нікога не змаглі абвінаваціць у атрыманні дапамогі ад нас або ў яе выкарыстанні. Так што ў структуры нашага фонду няма ніякіх зменаў, усе кур’еры і працаўнікі ў бяспецы. Таму працуем далей, рэгулярна ацэньваем эфектыўнасць пратаколаў бяспекі. Апроч нас у Беларусі, падкрэслю, амаль нікога няма.

«Магчымасці для дастаўкі сродкаў павялічыліся. Попыт, на жаль, таксама»

— Якім быў 2023 год для «Байхэлпа»?

— Не горшы, але галоўнае, мы захавалі каманду, засталіся ўнутры краіны. Захавана сетка ў Беларусі, нікога не арыштавалі, нашы магчымасці для дастаўкі сродкаў павялічыліся. Попыт, на жаль, таксама. Мы застаемся адзінай арганізацыяй, якая здольная актыўна раздаваць дапамогу ўнутры краіны. Робім гэта сістэмна, дапамагаючы ў тым ліку іншым фондам і партнёрам. Даводзіцца канстатаваць, што нашыя паслугі застаюцца запатрабаванымі, але мы не абіралі такі лёс, калі пачыналі працу.

— Якія кірункі дзейнасці ў арганізацыі ёсць зараз і якія чаканні ад 2024 года?

— Перадусім я б хацеў, каб Лукашэнка здох. Але пакуль гэта не адбылося, імкнемся развіваць праграмы, што маем зараз. Перш за ўсё гэта праграма дапамогі палітвязням, якую я будаваў сам у краіне з дапамогай розных крыніц. Паколькі мы застаемся адзінай арганізацыяй, якая надае сістэмную медычную рэабілітацыю палітвязням унутры Беларусі, я б хацеў, каб яна працягвалася. Ясна, што і іншыя арганізацыі гэтым таксама займаюцца, але мы можам дазволіць сабе пакрываць істотныя выдаткі, аперацыі, рэабілітацыю.

Апроч таго, у нас працуе праграма прытулкаў і рэабілітацыі для палітычных зняволеных. У ёй бяруць удзел каля 200 чалавек. Гэта былыя палітзняволеныя, якія альбо выехалі, альбо засталіся. Медычная рэабілітацыя гэтых людзей застаецца нашым прыярытэтам. Па эвакуацыі і астатніх рэчах каардынуемся з BYSOL.

Калі Лукашэнка не здохне, то год будзе горшым, бо попыт [на нашу працу] будзе павялічвацца, людзей працягнуць саджаць і мы будзем прыкладаць больш намаганняў, каб нашу каманду не пасадзілі.

У нас засталіся памагатыя ў Беларусі. Яны рызыкуюць не трыма гадамі турмы, а дзесяццю. А некаторыя, з улікам іх ранейшага бэкграўнду дзяржслужбоўцаў, хоць і сышлі досыць даўно, рызыкуюць, як тыя міліцыянеры, што перайшлі на бок народу і потым атрымалі па 18 год за «здраду дзяржаве».

То бок праграмы мы працягнем развіваць, гэта 100%, а з гледзішча астатняга, з правамі чалавека і бяспекай, у Беларусі будзе толькі горш.

«Летась выдаткавалі сямізначную суму на рэабілітацыю, прытулак, дапамогу з інтэграцыяй»

— Ведаем, што паўгода таму ты планаваў некаторыя змены ў таргетаванні дапамогі. Што ў выніку атрымалася?

— Мы не столькі збіраем ахвяраванні, колькі атрымліваем дапамогу ад індывідуальных донараў, якія нас падтрымліваюць адносна вялікімі сумамі па меры ўзнікнення патрэбы — напрыклад, на тую ж медыцыну для палітычных вязняў; працуем з інстытуцыйнымі донарамі. Засталося, як было, але ў нас з’явіліся сродкі на рэабілітацыю палітзняволеных унутры краіны.

Мне ўдалося пераканаць шмат каго з партнёраў, што гэта адна з прыярытэтных мэтаў, на якую трэба інвеставаць час, бо гэта таксама праява салідарнасці, каб не пакідаць людзей сам на сам з праблемамі пасля выхаду на волю.

Я не кажу, што мы такія адны, ёсць іншыя арганізацыі, але без асаблівай сціпласці магу сказаць, што ў ByHelp у Беларусі самая вялікая праграма, якая працуе зараз. Канешне, мы каардынуемся з іншымі арганізацыямі, каб не было падвойнага фінансавання.

Што датычыць працы з выехаўшымі за межы Беларусі палітзняволенымі, летась мы выдаткавалі сямізначную суму на рэабілітацыю, прытулак, дапамогу з інтэграцыяй. Для атрымальнікаў гэта бясплатна.

Гэтая праграма мае працяг у 2024 годзе: яна працуе ў тых жа аб’ёмах, я хачу яе павялічыць і працаваць з нашым вялікім партнёрам так, каб ён дазволіў выкарыстоўваць сродкі ўнутры Беларусі для тых, хто застаўся. Бо для тых, кто выехаў, у нас патрэбы закрытыя, а для тых, хто застаўся, даводзіцца шукаць грошы з 10-15 розных інстытуцыйных і прыватных крыніц, пераконваць трасты і фундацыі. Нехта дае 20 тыс., нехта — 5 тыс., а нехта і 100 тыс. еўра, але, паўтаруся, я хацеў бы, каб гэты вялікі партнёр нам дазволіў выкарыстоўваць сродкі ў Беларусі, тады б мы закрылі пытанне посттурэмнай рэабілітацыі цалкам. Але пакуль як ёсць.

«Трэба займацца жорсткім лобінгам»

— Мы бачым, што сістэмны вектар дапамогі Беларусі зрушваецца. Напрыклад, сітуацыя з Reform.by і Plan B. Ці трэба нейкім чынам зноў прыцягваць увагу да Беларусі?

— Заўсёды трэба прыцягваць, бо час мінае і прыярытэты ссоўваюцца. Гэта бачна таксама на прыкладзе Украіны. Раней Зяленскі выбіваў патрэбнае на два шчаўчкі пальцамі, зараз вяртаецца без сродкаў.

Калі сітуацыя мяняецца, трэба займацца жорсткім лобінгам і фармуляваць, напрыклад, чаму для Беларусі важна не страціць незалежныя медыя і чаму, на жаль, на сённяшні момант асноўны цяжар будзе класціся на донараў. Таму што медыя працуюць за мяжой і не могуць абапірацца на падпіску і рэкламны рынак, бо яны заблакаваныя на радзіме.

Людзі могуць скінуцца і робяць гэта пры неабходнасці, як было, напрыклад, на марафоне салідарнасці «Нам не ўсё адно!». Зараз таксама скінуліся на Reform.by. Публічнае ўстойлівае фінансаванне незалежных СМІ і не толькі іх хаця б на 50% немагчымае проста таму, што зараз у нас на такія рэчы данаціць амаль толькі дыяспара. Гэта прыкладна мільён чалавек, і мы ўсе цудоўна ведаем, што данаціць адзін працэнт. То бок, нешта каля 10 тыс. чалавек. Але нават калі 20 ці 30 тыс., гэтага недастаткова.

Такіх сітуацый, як з Reform.by і Plan B., насамрэч да фіга. Сёння здарылася нешта з імі, заўтра можа здарыцца з «Нашай Нівай», паслязаўтра — з «Краем». І панеслася — з «Салідарнасцю» ці яшчэ кімсьці, а праз тры дні здарыцца сітуацыя, як з Віталём Тысевым (актывіст са Стоўбцаў, якому тэрмінова спатрэбілася аперацыя па рэканструкцыі хрыбетніка, на якую быў абвешчаны збор ахвяраванняў праз фонды дапамогі. — «Позірк».).

— Як у такіх умовах існаваць незалежным СМІ і грамадскім ініцыятывам?

— Гэта пастаяннае функцыянаванне ў рэжыме паратунку, і, калі існуе шмат [інстытуцый], якія вымушаны абапірацца на публічныя грошы, сістэма не будзе функцыянаваць стабільна. У выніку з Reform.by розгалас дапамог, і маю спадзеў, што ўсё наладзіцца. Але трэба разумець: пакуль Лукашэнка не рухне, донарства застанецца ў нас значнай часткай [фінансавання] і донарам трэба пастаянна гэта даводзіць, прасоўваючы сваю рацыю.

Можна ўбухваць сродкі ў расійскія СМІ — «Медузу», «Дождь», «русскоязычное вещание «Белсата», якое скіравана не на Беларусь, а на ўмоўную рускамоўную прастору былога СССР; ва ўкраінскія СМІ. Паўстае галоўны меседж: можаце так рабіць, але потым не здзіўляйцеся, што ў вас калі не фізічная, то ментальная Расія будзе стаяць на Бугу. Гэта трэба жорстка і часам некарэктна даводзіць, як я раблю са сваімі праектамі, пры гэтым размаўляючы з партнёрамі, якія сітуацыю больш-менш разумеюць.

Калі я размаўляю, то не кажу, што патрэбна 20 тыс. умоўных еўра, бо яны не выратуюць. Я кажу: вось у мяне праграмны дакумент да канца 2024 года, рэабілітацыя 200 палітзняволеных унутры краіны будзе каштаваць мільён. Парадак лічбаў не 20 і не 50 тыс. У нас і так паўсюль трубяць, што няма праграм сістэмнай падтрымкі палітвязняў.

Ёсць наша праграма, але за кошт таго, што я не размаўляю карэктна. Тое самае могуць рабіць СМІ. Вы можаце не падтрымліваць палітзняволеных, але потым не здзіўляйцеся, што падчас наступнага ўздыму будзе параза з-за нежадання кагосьці ў ім удзельнічаць. Бо дапамагчы гэтым людзям ёсць сігналам салідарнасці, што іх не кінулі. А гэта зараз самае важнае. І большасць партнёраў гэта разумеюць і дапамагаюць. Асабліва літоўцы і палякі: гэта пераклікаецца з іх досведам, бо ў іх таксама такое было.

Каментары4

  • Правдоруб
    24.01.2024
    Данатар, я смотрю, вы в курсе событий)
    КГБ, НКВД, кбопик, гестапо?... Откуда дровишки?
  • А, маёр?
    24.01.2024
    Данатар, у фонд першага данаціў?
  • Мара
    24.01.2024
    Дзякуй вам за вашу працу!

«50 гадзін у апошняй дыктатуры Еўропы». У Беларусь прыехалі мегапапулярныя блогеры з ЗША і Канады — вось навошта7

«50 гадзін у апошняй дыктатуры Еўропы». У Беларусь прыехалі мегапапулярныя блогеры з ЗША і Канады — вось навошта

Усе навіны →
Усе навіны

Борыс Джонсан расказаў, у чым змест мірнага плана Дональда Трампа па Украіне7

Лукашэнка: Мы «кінулі якар» у Расіі і Кітаі, але трэба знаходзіць шляхі супрацоўніцтва і з ЕС4

«У Беларусь Крыгер заехаў турыстам». З'явіліся новыя падрабязнасці пра немца, прысуджанага да расстрэлу12

Намеснік кіраўніка МЗС Польшчы назваў тры ўмовы нармалізацыі адносін з Мінскам9

За «абразу прадстаўніка ўлады» мастачцы з Полацка прызначылі прымусовае лячэнне. Яна вярнулася з Польшчы3

«З лёгкім ветрам» і «Нарэшце, бро» — што пішуць Байдэну ў твітары

Стрыжак расказаў, ці ўзяў бы мільён даляраў ад Чыжа6

У Беларусі з'явіцца нацыянальны відэахостынг — видео.бел 10

Джэй Ло перастала насіць заручальны пярсцёнак. Канец гісторыі кахання

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«50 гадзін у апошняй дыктатуры Еўропы». У Беларусь прыехалі мегапапулярныя блогеры з ЗША і Канады — вось навошта7

«50 гадзін у апошняй дыктатуры Еўропы». У Беларусь прыехалі мегапапулярныя блогеры з ЗША і Канады — вось навошта

Галоўнае
Усе навіны →