Бывае і такое. Суд у Віцебску спыніў адміністрацыйную справу за «экстрэмізм»
У лукашэнкаўскай судовай сістэме такое здараецца выключна рэдка. Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Міхаіл Юрчанка 27 снежня не стаў караць за «экстрэмізм у сацыяльнай сетцы» беспрацоўнага жыхара Віцебска Эдуарда Тарканоўскага, піша «Віцебская вясна».
Упершыню адміністрацыйную справу суддзя Юрчанка разгледзеў месяцам раней, 27 лістапада, адправіўшы яе на дапрацоўку. Пасля таго, як дакументы вярнуліся ў суд, справа была разгледжана па сутнасці.
Міліцыя абвінаваціла Эдуарда ў тым, што ён пачынаючы з 2020 года быў падпісаны на шэсць тэлеграм-каналаў, якія ўлады ўнеслі ў «рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
«Правапарушальнік» на судзе сваёй віны не прызнаў, адмаўляўчы, што захоўваў матэрыялы з мэтай распаўсюджвання.
Заслухаўшы аргументы Тарканоўскага і даследаваўшы доказы, якія змяшчаліся ў матэрыялах справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, суддзя прыйшоў да высновы, што пакараць мужчыну ў рамках ч. 2 арт. 19.11 КаАП немагчыма, «паколькі прадстаўленыя суду доказы адназначна і бясспрэчна не пацвярджаюць факт учынення адзначанага правапарушэння».
Міхаіл Юрчанка вядомы ў Віцебску як суддзя, які актыўна ўдзельнічае ў палітычным пераследзе, ён разгледзеў шмат такіх спраў, выносячы абвінаваўчыя прысуды. Напрыклад, менавіта ён вынес прысуд у два гады калоніі віцебскаму арт-менеджару Уладзіміру Булаўскаму і даў 9 гадоў Сяргею Думаве.
Чытайце таксама:
У Гомелі за палітыку пацярпеў яшчэ адзін праўладны прафсаюзнік
За відэа з вайсковай тэхнікай інжынеру з Брэста далі тры з паловай гады калоніі
Жыхар Наваполацка патэлефанаваў у міліцыю і сказаў «Слава Украіне». Яму прысудзілі 15 сутак
Каментары