Шрайбман прапанаваў нечаканы варыянт перафарматавання дэмакратычных сіл
Палітычны аналітык Арцём Шрайбман лічыць, што апазіцыі неабходна перафарматаванне, а таксама ёй не хапае левай палітычнай партыі.
2020 год пакінуць у музеі
У ток-шоу «Гадзіннічак цікае» абмяркоўвалася становішча дэмакратычных сіл Беларусі, якія маюць палітычны парадак дня 2020 года.
Аналітык Арцём Шрайбман патлумачыў, чаму апазіцыі складана адмовіцца ад яго:
«У такім выпадку яны прызнаюць тую рэальнасць, у якой яны больш не зусім палітычныя актары, у якой яны НДА і часам дыпламаты, але барацьба за ўладу скончана проста таму, што цяпер не час».
Шрайбман адзначыў, што лічыць прызнанне рэальнасці здаровай эвалюцыяй. «Я цудоўна разумею, што чыста па-чалавечы ўмоўна Пал Палычу [Латушку], нават Святлане [Ціханоўскай], Франаку [Вячорку], Кавалеўскаму, астатнім хлопцам, Кабінету проста сказаць, што ад сёння мы — НДА, якая працуе над інтарэсамі дыяспары і часам нагадвае свету пра Беларусь, і яшчэ мы трохі блогеры, проста псіхалагічна складана. А іншага палітычнага парадку дня акрамя 2020 года ў цябе няма».
Нават калі дэмакратычныя сілы прызнаюць паразу, рэжым Лукашэнкі не пойдзе на перамовы, мяркуе аналітык:
«Хто з імі пойдзе на перамовы? Яны могуць змяніць сваю пазіцыю на 180 градусаў. Але другі бок ад гэтага не скажа: «Ну добра. Раз вы прызналі паразу, тады давайце сядзем і ў Гудагаі дамовімся пра што-небудзь». Такога не будзе.
Таму лічу, што трэба 2020 год, як у музеі, запакаваць і пакінуць як важную частку пабудовы беларускай нацыі, адкуль зразумелы генезіс сённяшняга палітычнага поля. Легітымнасць Ціханоўскай адтуль бярэ свой пачатак».
На думку Шрайбмана, цяперашнія лідары дэмакратычных сіл такое зрабіць не могуць.
«Тая апазіцыя, якая будзе рухаць краіну далей з новым парадкам дня хутчэй за ўсё будзе паходзіць не з гэтага кола людзей. Хутчэй будзе змена пакаленняў, чым «змена скуры» гэтым пакаленнем».
Як адзначае Шрайбман, перамены ў любым выпадку пачнуцца ўнутры краіны, а не звонку.
Але апазіцыю ў краіне цяпер не дазваляюць ні ў якім выглядзе.
«Ніякага ўзаемадзеяння ўлады і апазіцыі да паўраспаду гэтай улады быць не можа. Гэта памылковы выбар. Калі ў цябе няма такога выбару, ты цешыш сябе ілюзіямі на тэму таго, што ён у цябе ўсё ж такі ёсць. Калі мы перагорнем старонку, то знойдзем нейкую новую старонку».
Шрайбман дапускае, што перамены ў Беларусі могуць адбыцца і з існуючымі дэмакратычнымі сіламі, калі яны «змогуць убудавацца ў наступную хвалю»: «Паглядзіце на сённяшнія дэмсілы, на Офіс Ціханоўскай. Там палова людзей са старой апазіцыі, якія ў палітыцы з часоў, калі я яшчэ ў школу не пачаў хадзіць. А Дабравольскі ў палітыцы з часу, як я яшчэ не нарадзіўся. Шмат амбіцыйных людзей знойдуць сябе і далей. Але яны, хутчэй за ўсё, не будуць крыніцай гэтых перамен. І 2020 год ім не будзе. Гэта будуць новыя спрэчкі, новыя войны, новыя размежавальныя лініі».
Таму Шрайбман за тое, каб дэмакратычныя сілы ўсвядомілі і прызналі «свой новы ўрэзаны мандат», дзе яны паслы дэмакратычнай Беларусі ў свеце і адвакаты дыяспары.
Навошта апазіцыі левая партыя
Аналітык лічыць, што апазіцыі не хапае левай партыі.
«Будучы чалавекам не левых поглядаў, лічу, што адсутнасць левай партыі — вялізны правал беларускага дэмакратычнага руху. Левыя сілы заўсёды былі на гэтым полі (ад калякінцаў да «зялёных»). І ў прынцыпе левы парадак дня быў аддадзены Лукашэнку. Ён суперпапулярны ў Беларусі. Мяркуючы па шматлікіх апытаннях, беларусы бачаць сваім ідэалам Швецыю. Я чалавек правацэнтрысцкіх поглядаў, але разумею, што нельга вялізную масу антылукашэнкаўскіх людзей, якія думаюць па-леваму, проста пакідаць сіротамі».
«Гэта, на мой погляд, кранае больш народу ў Беларусі, чым размовы пра буржуазна-дэмакратычныя, нацыянальна-дэмакратычныя каштоўнасці», — дадае Шрайбман.
Пытанні, на якіх можна было б сыграць, — нізкая дапамога па беспрацоўі пры Лукашэнку, павышэнне пенсійнага ўзросту.
«Вось па гэтых пытаннях з ім можна рубіцца. Калі гэта робіць чалавек з правых рынкавых пазіцый, гэта выглядае неарганічна. Месца для «зарубы» паміж аўтэнтычнымі левымі і Лукашэнкам за апошнія 20 гадоў назбіралася. І чым далей, тым горш».
Чытайце яшчэ:
Каментары