Збор закрыты. Беларусы сабралі каласальную суму на адзін укол для маленькай Рыты з Ліды
У сям'і Юшкевіч з Ліды трое дачушак. Малодшай, Рыце, у снежні 2021 года дактары паставілі страшны дыягназ — спінальна-мышачная атрафія 2-га тыпу. Каб перамагчы хваробу, дзяўчынцы патрэбны ўсяго адзін укол Zolgensma, які каштуе амаль два мільёны даляраў. Учора сям’я Рыты паведаміла, што збор закрыты, неабходная сума — больш за 1,8 млн даляраў — сабраная.
Гісторыю маленькай Рыты актыўна рэпосцілі ў сацсетках, да збору падключыліся жыхары Беларусі, Украіны і Расіі.
«У жыцці Рыты будзе толькі адзін дзень, шчаслівейшы за гэты — калі яна атрымае Zolgensma! А сёння той самы дзень, да якога мы ішлі два гады! 21 студзеня — гэты дзень стане чырвоным у нашым сямейным календары! Крок за крокам, дзень за днём, праз месяцы і поры года мы разам ішлі да перамогі. Кожны з вас — той самы чалавек, без якога гэты дзень бы не наступіў! Вы — прыклад чалавечай дабрыні і спагадлівасці, згуртаванасці і веры ў тое, што дабро заўсёды перамагае! Сёння вы маеце права сказаць усім — мы сабралі Рыце на ўкол жыцця!» — падзякавала мама Рыты тым, хто дапамог сям'і.
Каментары
А як жа бясплатная самая лепшая ў свеце беларуская медыцына?
За дзяўчынку вельмі рады. Але, цэны жахаюць. Няўжо няможна гэты прэпарат зрабіць танным і лячыць усіх хворых?