За беларуса Юшкевіча, якога хочуць дэпартаваць з Польшчы, заступіўся мясцовы ваявода
Ваявода Куяўска-Паморскі Міхал Штыбель звярнуўся ў адказныя за гэта ўстановы з просьбай прыпыніць дэпартацыю з Польшчы беларускага грамадзяніна Паўла Юшкевіча, паведамляе Polskie Radio PiK.
На думку чыноўніка, варта пачакаць разгляду скаргі мужчыны ў ваяводскім адміністрацыйным судзе.
«Спадар Юшкевіч падаў начальніку Упраўлення па справах іншаземцаў апеляцыю на рашэнне аб ануляванні яго дазволу на пастаяннае пражыванне, выдадзенае яшчэ ваяводам Мікалаем Багдановічам, — паведаміла журналістам прэс-сакратар Штыбеля Наталля Шчарбіньска. — Аднак рашэнне было пакінута ў сіле, і 1 снежня 2023 года спадар Юшкевіч абскардзіў гэтае рашэнне ў ваяводскім адміністрацыйным судзе. Цяпер справа разглядаецца ў судзе».
17 студзеня акадэмічная супольнасць Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні, дзе працуе Юшкевіч, правяла акцыю салідарнасці са сваім калегам, а потым перадала інфармацыю пра сітуацыю ваяводзе. Яшчэ адна акцыя адбудзецца 21 студзеня ў Быдгашчы — адміністрацыйным цэнтры Куяўска-Паморскага ваяводства.
Беларус Павел Юшкевіч, які родам з вёскі Васілішкі на Шчучыншчыне, пражыў у Польшчы 20 гадоў, 11 з якіх змагаецца за магчымасць жыць у краіне.
Каментары