Жыхарка Зэльвы паскандаліла з сынам і трапіла ў міліцыю. Там знайшлі «экстрэмісцкую» падпіску
Жыхарка Зэльвенскага раёна пасварылася з сынам і ўдарыла яго. Па яе прыехала міліцыя. У пастарунку сілавікі знайшлі ў яе «экстрэмісцкую» падпіску. У выніку жанчыну судзілі па двух артыкулах — штраф па адным з іх быў у 10 разоў большым, піша Hrodna.life.
Сям’я скандаліла ўвечары каля 23.00. У маці ўзнік канфлікт з сынам: яна лаялася на яго матам, гучна крычала, выганяла з хаты, ударыла яго далонню па твары.
Пазней у кабінеце міліцыянта ў 2.30 сілавікі выявілі, што жанчына была падпісаная на «экстрэмісцкую» групу ў «Аднакласніках». Яна не памятала, калі падпісалася на яе.
Адміністрацыйную справу паводле ч. 2 арт. 10.1 КаАП «Наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання» і ч. 2 арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць» разгледзелі 5 студзеня 2024 года ў судзе Зэльвенскага раёна.
За ўдар сына жанчыну аштрафавалі на тры базавыя велічыні (120 рублёў), за падпіску — на 30 (1200 рублёў) з канфіскацыяй мабільнага тэлефона. Разам штраф склаў 1320 рублёў.
Каментары