«Угаворваў вярнуцца ў Беларусь». Як былы муж, дэпартаваны з Польшчы, спрабаваў адабраць дзяцей у палітычнай эмігранткі
Сям'я з двума дзецьмі пасля пераследу ў Беларусі пераехала ў Польшчу. Праз год мужа дэпартавалі і ён са сваёй маці спрабаваў пазбавіць былую жонку бацькоўскіх правоў — каб забраць дзяцей. Няпростую сямейную гісторыю беларускіх мігрантаў расказала «Медыязона».
«Ён добра зарабляў». Пераезд
Зоя з мужам Пятром і двума дзецьмі 4 і 7 гадоў пераехалі ў Польшчу ў 2022 годзе. У 2020 годзе Зою затрымалі за ўдзел у Маршы — яна атрымала штраф. Суд улічыў, што жанчына выхоўвае дваіх непаўналетніх дзяцей, аднаму з іх на той момант быў год.
Пазней беларуску выклікалі ў пракуратуру і паведамілі, што яна праходзіць падазраванай па крымінальнай справе аб грубым парушэнні парадку. Сям'я вырашыла не чакаць суда і пакінула Беларусь.
У Польшчы абое сужэнцы ўладкаваліся на працу. Муж знайшоў добрую працу ў транспартнай кампаніі, яго заробку хапіла б, каб Зоі заставацца з дзецьмі. Але жанчына таксама ўладкавалася на працу — у рэкрутынгавае агенцтва.
«Ён добра зарабляў: ад 8 да 10 тысяч злотых. Плюс я ўладкавалася на працу — там 3 тысячы плюс. Гэта выдатна для маладой сям'і».
Пятро працаваў паводле графіку «тры дні праз тры». У канцы жніўня ён сказаў жонцы, што знайшоў падпрацоўку на час выхадных — «нешта перавезці». Зоя кажа, што не звярнула на гэта ўвагу: «Ну, знайшоў і знайшоў».
«Я не магла падумаць, што ёсць рызыкі і што калі ён ведае, што за гэта могуць дэпартаваць, то зможа пайсці на такое».
Пятро з'ехаў. Пра тое, што падпрацоўка — гэта перавозка нелегальных мігрантаў з беларускай мяжы ў Германію, Зоя даведалася пазней.
«Патэлефанавалі мне з мяжы». Дэпартацыя
«Ён паехаў у суботу раніцай, увечары напісаў, што ўсё нармальна, «едзем». Усю нядзелю ніякай весткі ад яго. Два дні яго, па-мойму, не было. Я не ведала, што з ім. Потым патэлефанавалі мне памежнікі, што яго дэпартуюць».
Пазней Пятро расказаў Зоі, што знайшоў вакансію ў інтэрнэце: наймальнікі запэўнівалі, што справа бяспечная, а калі нешта пойдзе не так, максімальнае пакаранне — гэта штраф, які аплаціць «фірма», або паўгода ў турме.
Памежнікі паведамілі Зоі, што мужа чакае дэпартацыя з забаронай уезду на тэрыторыю ЕС тэрмінам на 5 гадоў, без штрафу і турэмнага тэрміну.
Пятро да таго моманту ўжо быў на памежным пераходзе — жонку папрасілі перадаць туды ягоны пашпарт. Аднак польская памежная служба не дачакалася перадачы і адправіла Пятра на нейтральную тэрыторыю. Сямейны аўтамабіль, на якім ён паехаў на «падпрацоўку», адправілі на памежную штрафстаянку.
«Ты павінен знайсці якога-небудзь змагара». КДБ
Беларускі бок спачатку не прапускаў мужчыну без пашпарта, яму давялося чакаць чатыры гадзіны. На мяжы з ім гутарылі супрацоўнікі КДБ, правяралі тэлефон, спрабавалі падлавіць: «Чаму за такое сур'ёзнае правапарушэнне вас проста выслалі з краіны, не пасадзіўшы ў турму? Хутчэй за ўсё вы — шпіён».
Вярнуўшыся дадому, Пятро прыступіў да ўгавораў Зоі прыехаць з дзецьмі ў Беларусь. Дзяўчына падазрае, што такую ўмову яму маглі выставіць кадэбэшнікі.
«Яны давай з мамай [Пятра]: «Вяртайся ў Беларусь». Месяцы два [ўгаворвалі]… «Ды каму ты будзеш патрэбна? Гэтыя пешкі нікому не патрэбныя». Я ім кожны дзень скідаю навіны, што за каментар або лайк [затрымалі], а яны як упёртыя: «Не, давай». Пачалі мне прыдумляць, што праз Калінінград ляціш у Маскву, з Масквы едзеш у Беларусь. Я кажу: «Як я прыеду? Дапусцім, у школу дзіця пойдзе, яшчэ нешта. У любым выпадку даведаюцца, што ты ўжо ў Беларусі. Навошта мне так рызыкаваць?»
Зоя лічыць, што муж дзейнічаў так з-за крыўды: пасля пераезду пара прадала кватэру Пятра ў Беларусі, а кватэру Зоі здалі ў арэнду. За грошы ад продажу купілі аўтамабіль. Цяпер муж застаўся без нічога: без кватэры і без аўто. Грошы ад арэнды ідуць на кватэру для Зоі і дзяцей у Польшчы.
Праз пару месяцаў пасля вяртання Пятра зноў выклікалі ў КДБ. Гутарка з ім доўжылася каля 4 гадзін. Сілавікоў не цікавілі дэталі яго правапарушэння ў Польшчы, яны пыталіся пра стаўленне да вайны, прасілі выдаць беларускіх актывістаў у Польшчы, з якімі ён паспеў пазнаёміцца.
«Яны сказалі: «У цябе ёсць тыдзень, мы цябе зноў выклічам, і ты павінен кагосьці здаць». Так і сказалі. «Ты павінен знайсці якога-небудзь змагара, груба кажучы, палітычнага. Хто займаўся, займаецца ці быў неяк датычны да палітычнай дзейнасці. Калі ты яго не здасі, мы цябе пасадзім», — так яму сказалі».
Зоя гаворыць, што паўторна мужа ў КДБ не выклікалі, але працягваюць тэлефанаваць. Пятро з ягонай мамай яшчэ трохі паспрабавалі Зою ўгаварыць вярнуцца з дзецьмі, а пазней муж падаў заяву на развод.
«Ты мяне адсюль выставіш толькі з паліцыяй». Пазбаўленне бацькоўскіх правоў
У кастрычніку да Зоі ў Польшчу пабачыць дзяцей прыехала яе свякроў. Жанчына кажа, што зносіны адразу не зладзіліся. Зоя падслухала размову свякрухі з Пятром пра тое, што дзяцей «трэба ратаваць» і вывезці іх у Беларусь.
Былыя муж і жонка перасталі мець зносіны, Пятро не дапамагаў сям'і грашыма. Зоя прапаноўвала сустрэцца сям'і ў Грузіі ці Турцыі — ён праігнараваў. Тады жанчына перастала яму дапамагаць з вяртаннем аўтамабіля, на якім ён быў затрыманы, са штрафстаянкі.
«Ён не кантактуе са мной, з дзецьмі можа стэлефанавацца. У яго свае, напэўна, прычыны. А я гэта называю — інфантылізм. Ён нічога не хоча вырашаць. Прасцей пакрыўдзіцца, знайсці прычыны, чым вырашаць праблему. Навошта пераязджаць у нейкую трэцюю краіну ці нешта неяк думаць?»
У сваёй наступны прыезд у снежні свякроў заявіла, што пераехала да Зоі з дзецьмі жыць. У Беларусі Пятро зрабіў на сваю маці даверанасць і цяпер, па словах жанчыны, яна прадстаўляе інтарэсы свайго сына.
Свякроў запісалася да юрыста і дамовілася пра візіт у службы апекі. Зоі яна сказала, што гэта для кантролю за дзяўчынай і ўнукамі. Беларуска ж падазрае, што маці Пятра спрабавала запусціць працэдуру пазбаўлення яе правоў на выхаванне дзяцей.
Каб свякроў таемна не вывезла дзяцей у Беларусь па даверанасці ад мужа, Зоя схавала іх пашпарты. Жанчыны шмат сварыліся, дзеці востра рэагавалі на гэта.
«Яна казала: «Ты мяне адсюль выставіш толькі з паліцыяй».
Хэпі энд
Напярэдадні публікацыі з рэдакцыяй «Медыязоны» звязалася Зоя і сказала, што свякроў папрасіла прабачэння.
«Яна зразумела, што нічога не зможа зрабіць. Калі будуць «бадацца», то наогул дзяцей не ўбачаць. Яна папрасіла прабачэння, сказала: «Вядома, жыць мы разам не будзем. Можна я буду прыязджаць часам дзяцей бачыць?», — кажа Зоя. — Вядома, я нікуды не пайду [у службу апекі за дзецьмі]». Мабыць, ёй сказалі, што яна нічога не зможа зрабіць і найлепшы варыянт — гэта памірыцца з нявесткай».
Чытайце таксама:
«Стамілася быць Вольхай, калі я Ольга». Чаму і як беларусы змяняюць свае імёны за мяжой
Каментары