Грамадства77

Першую ў Беларусі пешаходную вуліцу рэканструююць

За цэнтральную вуліцу Магілёва капітальна возьмуцца праз 20 гадоў пасля таго, як яе вызвалілі ад транспарту. Што зменяць?

Так, на думку праекціроўшчыкаў, будуць выглядаць грамадскія прасторы ў дварах уздоўж Ленінскай вуліцы. Фота: тэлеграм-канал «Могилёв — мой город!»

Ленінская вуліца, якая праходзіць праз увесь гістарычны цэнтр, была ператворана ў пешаходную ў 2004 годзе па ініцыятыве тагачаснага старшыні гарвыканкама Віктара Шорыкава. Тады па праекце інстытута «Магілёўграмадзянпраект» быў рэканструяваны ў духу часу 1,5-кіламетровы ўчастак вуліцы ад Савецкай плошчы (цяпер плошча Славы) да вуліцы Міронава.

Праз дваццаць гадоў добраўпарадкаванне ўжо значна састарэла. Сёння гарадскія ўлады задумалі чарговую рэканструкцыю, каб актуалізаваць выгляд галоўнай славутасці Магілёва. Праект ізноў быў даручаны інстытуту «Магілёўграмадзянпраект». Архітэктурны аддзел № 2 пад кіраўніцтвам Віталя Рагаўцова распрацаваў канцэпцыя за рэкордныя паўтара месяца, у той час як у еўрапейскіх краінах толькі архітэктурны конкурс на лепшы праект па рэгенерацыі гарадскога асяроддзя можа расцягуцца больш чым на год. 

Кіраўнік архітэктурнага аддзела Віталь Рагаўцоў з канцэпцыяй рэканструкцыі Ленінскай вуліцы. Фота: тэлеграм-канал «Исаченко ОНЛАЙН»

Кіраўніцтва горада і вобласці паставіла задачу пачаць першы этап рэалізацыі праекта ўжо з пачатку 2024 года. Да лета, паводле папярэдніх прагнозаў, рэканструкцыя закране тэрыторыю ад плошчы Славы да Пажарнага завулка.

«Маштабны праект зойме практычна ўсю цэнтральную частку горада — ад плошчы Славы да будынка Магілёўскага аблвыканкама. Агульная працягласць вуліц з усімі існуючымі і плануемымі адгалінаваннямі, якія закране рэканструкцыя, — каля 3 км пешаходнай сеткі», — тлумачыць планы дырэктар інстытута Сяргей Баранаў.

Па ўсёй працягласці вуліцы Ленінскай плануюць паставіць каля 5 гадзіннікаў, а таксама шэраг новых скульптур — зборны вобраз пажарніка каля пажарнай часці, скульптуры мастака, банкіра, трубача і студэнта. 

На вуліцы мусяць таксама з’явіцца сувенірныя крамы з прадукцыяй магілёўскіх вытворцаў, камеры захоўвання, пітных фантанаў і грамадская прыбіральня.

Плошчу Зорак, створаную ў 2000-я гады, чакае толькі камесметычны рамонт, бо яе канцэпцыя ўжо была прадумана да дробязяў пры стварэнні і не патрабуе трансфармацыі. Асаблівую ўвагу нададуць выгляду шыльдаў у гістарычным цэнтры, за якія гарадскія ўлады ўжо не аднойчы атрымлівалі наганяй ад Міністэрства культуры. 

Двары, якія выходзяць на Ленінскую вуліцу, часта пазбаўленыя хоць якога добраўпарадкавання. Фота: Wikimedia Commons

Адна з асноўных задач праекта — добраўпарадкаваць глухія завулкі, якія хаваююцца за фасадамі гістарычных будынкаў. Сёння большасць двароў у гістарычным цэнтры горада знаходзіцца ў непрывабным выглядзе, часта не маючы нават ніякага пакрыцця. Іншыя двары застаюцца закрытымі для людзей.

У такія двары думаюць перанесці летнія тэрасы з Ленінскай вуліцы, якія сёння быццам бы звужаюць пешаходку. У якасці прыкладаў прыводзіцца практыка Мінска і Гродна, але ў гэтых гарадах, як і ў любых іншых гістарычных цэнтрах, дзе вуліцы вузейшыя, а патокі ў разы большыя за магілёўскія, няма падобнай практыкі. 

Ленінская вуліца стала вузкай праз неадэкватнага памеру агароджаныя і крытыя тэрасы. Фота: Wikimedia Commons

Праблема не ў летніх тэрасах, а ў тым, што гарадскія ўлады не ў стане рэгуляваць іхні выгляд і памеры, хоць для гэтага існуюць юрыдычныя магчымасці. Замест пары столікаў пад элегантнай маркізай, Ленінская вуліца сёння застаўлена грувасткімі зашклёнымі «парнікамі», якія функцыянуюць нават у зімні перыяд. 

У дварах Паражарнага завулка, які перасякае вуліцу Ленінскую, прапануюць стварыць ціхія зоны для мясцовых жыхароў і турыстаў, дзе б яны маглі прысесці на лаўку альбо глядзець кіно пад адкрытым небам.

Змены чакаюць і сам завулак, які сёння ператварыўся ў гарадскую паркоўку. Адзін бок завулка адвядуць для руху людзей, пашырыўшы ходнік. Ад машын ён будзе аддзелены візуальнай агароджай.

Астраўны бульвар Леніна стане аднабаковым. Фота: Wikimedia Commons

Пешаходку дацягнуць да самага Дома Саветаў, рэканструяваўшы бульвар Леніна, які сёння мае выгляд вузкага зялёнага астараўка паміж скразнымі праездамі. Правая частка бульвара цяпер стане пешаходнай. 

Праз гістарычныя кварталы пракладуць новыя сувязі. Адна з такіх пройдзе ад дома купца Анташкевіча, дзе сёння размяшчаецца музей Бялыніцкага-Бірулі да вуліцы Першамайскай, каля закінутага будынка хлебазавода. Другая — па колішнім Цятковым завулку, якога сёння афіцыйна не існуе, і вакол гарадскога стадыёна да плошчы перад ГЦ «Артыум». Плануецца таксама пракласці дадатковыя сувязі да Піянерскай вуліцы.

Паркоўку на ўчастку ад Болдзіна да Камсамольскай ссунуць у бок сквера, каб яна не замінала прагулкам па пешаходнай вуліцы. Фота: тэлеграм-канал «Могилёв — мой город!»

Абяцаюць трохі выправіць і недарэчны кавалак вуліцы паміж вуліцамі Камсамольскай і Болдзіна. Тут доўгі час пасярод вуліцы створана паркоўка, якую людзі мусяць абыходзіць збоку і карыстацца нязручным пераходам. Раней гарадскія ўлады меркавалі стварыць тут паркоўку для турыстычных аўтобусаў, што яшчэ б больш нашкодзіла візуальнай звязнасці цэнтральнай вуліцы. Але ад стаянкі адмаўляцца не плануюць, яе проста пасунуць бліжэй да Тэатральнага сквера.

Тэраса на высокім беразе Дубравенкі. Фота: тэлеграм-канал «Могилёв — мой город!»

Таксама плануць развіваць пешаходныя сувязі вакол плошчы Славы, прапануецца зрабіць праход ад яе да будынка Магілёўскай філармоніі па броўцы высокага берага Дубравенкі, з якой адкрываецца краявід на магілёўскія прадмесці і парк у рачной даліне. 

У праекце няма нічога пра рэгенерацыю гістарычнага асяроддзя, выяўленне страчаных аб’ектаў, вяртанне гістарычных назваў вуліцы, якая калісьці на адным адрэзку назвалася Ветранай, а на ўсім астатнім працягу Вялікай Садовай. 

Няма нічога і пра веласіпедны рух. Магілёўская пешаходка доўгі час, нягледзячы на шматлікія просьбы веласіпедыстаў, застаецца зонай, дзе рух на веласіпедзе катэгарычна забаронены. Аргументоўваецца гэта ўсё той жа «вузкасцю» вуліцы, маўляў, нешмалікія веласіпедысты будуць ствараць вялікія нязручнасці для пешаходаў. Пры гэтым на парарлельных да яе вуліцах Дзяржынскага, Першамайскай, Піянерскай і Карла Маркса шмат гадоў не могуць занізіць 20-сантыметровыя бардзюры, праз што рух веласіпедыстаў праз цэнтр горада практычна немагчымы.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары7

  • nuraby
    11.01.2024
    А ці дакладна, што магілёўская пешаходная вуліца з'яўляецца "першай пешаходнай у Беларусі"? Ці берасцейская пешаходная вул.Савецкая не раней стала пешаходнай?
  • Хуч
    11.01.2024
    Гарадзенец, а калі першы таптак ў Гародні зьявіўся?
  • дняпровец
    11.01.2024
    Гарадзенец, у каралеўскім горадзе Горадні аж да 2013 года машыны ездзілі па вуліцы, ды й сёння там вылучана праезная частка невядома для чаго.

Сірыйская апазіцыя рыхтуецца да аблогі Дамаска

Сірыйская апазіцыя рыхтуецца да аблогі Дамаска

Усе навіны →
Усе навіны

Міністр фінансаў Селіверстаў пра «Арэшнік» у Беларусі: Можа, Захад здыме санкцыі адразу9

Фрыдман: Эпоха ліберальнай дэмакратыі завяршаецца22

Бондарава хоча ўмяшацца і ў медыцыну — забараніць аборты і замарозку яйцаклетак5

Іспанскі галоўны трэнер працягнуў кантракт са зборнай Беларусі, хоць задачу не выканаў

Лукашэнка і Пуцін дамовіліся па роўмінгу. Вось колькі будзе каштаваць інтэрнэт9

Індыя і Паўднёва-Афрыканская рэспубліка адхрысціліся ад праекта стварэння валюты БРІКС

Лукашэнка папрасіў Пуціна размясціць у Беларусі «Арэшнік»14

Стала вядома, што з сябе ўяўляе тыповы беларускі блогер

Перад другім турам у Румыніі цалкам адмянілі выбары. Прэзідэнцкая кампанія пачнецца наноў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сірыйская апазіцыя рыхтуецца да аблогі Дамаска

Сірыйская апазіцыя рыхтуецца да аблогі Дамаска

Галоўнае
Усе навіны →