Згубіліся ў беларускім ютубе? Вось ажно 17 каналаў — знойдзеце свой
За апошнія гады ў ютубе з'явілася шмат беларускіх праектаў, якія выводзяць гледачоў з расійскай інфармацыйнай прасторы і спрабуюць зацікавіць беларускім парадкам дня. Свае ток-шоу, свае кулінарныя батлы, свае вечаровыя перадачы. «Наша Ніва» расказвае пра тое цікавае, што можна паглядзець.
Гэта другая частка падборкі. У першай — каналы з інтэрв'ю.
ЧинЧинЧенэл
Былыя купалаўцы зладзілі сатырычны праект, што дапаможа паглядзець на беларускую рэчаіснасць з іншага боку. У цэнтры — два выдуманыя беларускія чыноўнікі, Сяргей Мікалаевіч і Мікалай Сяргеевіч, а таксама іх прыгоды ў варожай Еўропе і ў роднай стабільнай Беларусі. Зорачка праекта Алена Жалудок выпускае гумарныя песні (вы дакладна ведаеце «Шчучыншчыну»), а «на дыван» да чынчынаў прыходзяць вядомыя беларусы — апошнім, напрыклад, быў Маляваныч.
Будзьма Беларусамі!
Гэты праект на 43,6 тысячы падпісантаў прапануе беларускамоўны адукацыйны кантэнт. У «Будзьмы» ёсць гістарычнае шоу з Кацярынай Ваданосавай, перадача «Сармат» пра шляхецкую культуру, арыгінальныя беларускамоўныя рэцэпты, праект «Хрусь і папалам» пра стэрэатыпы вакол нашай нацыі і шмат дзіцячага кантэнту. На канале багата архіўных ролікаў.
Купалаўцы
Былыя акцёры Купалаўскага тэатра ўжо даўно маюць свой ютуб-канал, праз які працягваюць рабіць нашу культуру крышачку лепшай. Галоўнае тут — спектаклі, але таксама на канале ёсць аўдыёкніга па знакамітым «Радзіва «Прудок», анімацыя «Тэатр К. у горадзе М.», «1984» у агучцы ад купалаўцаў, асабістыя «Дзённікі эміграцыі» і шмат чаго яшчэ.
ЭТОТ ПРУС
Малады журналіст Іван Прус і яго калега Глеб Сямёнаў робяць сваё шоу «о(б)суждаем» — і гэта кантэнт, якога нам дакладна не хапала. Абаяльныя хлопцы знаходзяць пазітыў у беларускай медыясферы, жартуюць з селебрыці лукашэнкаўскай разліўкі і вышукваюць неверагодныя крынджовыя гісторыі, за якімі хаваецца сумная беларуская рэчаіснасць.
РУДАБЕЛЬСКАЯ ПАКАЗУХА
Незвычайны канал, які часам падкідае цікавыя перлінкі. Блогеры Андрэй і Вольга Павук звоняць беларускім чыноўнікам і іншым прыхільнікам рэжыму — да прыкладу, у іх былі гутаркі з Аляксандрам Саладухам і сёстрамі Груздзевымі. А таксама тут выходзяць песні сатырычнага дуэта «Красная зелень», які складаецца з Маргарыты Ляўчук і Андрэя Павука.
Годна
Перш за ўсё, тут выходзіць моўнае шоу «Трушанка» — у ім блогерка Ліза Ветрава вучыць гаварыць па-беларуску нават на арыгінальныя тэмы. Таксама на «Годна» выходзіць перадача з Мікітам Бялевічам пра беларускую музыку. А ў 2023-м Ліза і Мікіта падарожнічалі па звязаных з Беларуссю мясцінах у Еўропе — знайшлося месца ролікам пра Вільню і Шаўляй, Варшаву, Падляшша, Гданьск і не толькі.
БЕЛСАТ HISTORY
Тэлеканал «Белсат» робіць багата цікавага відэакантэнту. Але адзначым менавіта яго гістарычную частку. Цяпер на канале гісторык Цімох Акудовіч вядзе перадачу «Вусы Скарыны» — тут і пра масонаў, і пра першага прэзідэнта Гаваеў з Магілёва, і пра Барбару Радзівіл. Больш амбіцыйная перадача на канале — Intermarium, дзе гісторыкі ў студыі абмяркоўваюць «башкірызацыю» Беларусі, Армію Краёву і тое, ці паўтарае Беларусь лёс Венгрыі.
Міністэрства сепультуры
Журналіст і пісьменнік Аляксандр Чарнуха мае свой канал пра беларускую музыку, і гэты праект дакладна пашырыць вашы гарызонты. Ён знаходзіць сілы скласці дыскаграфію сясцёр Груздзевых, расказвае пра загадкі гурта «Дразды», але пры гэтым радуе беларускай Б'ёрк і знаёміць з багамі беларускага метала. І ўсё гэта — з тонкім гумарам, які сам па сабе задавальненне.
Овощевоз
Велізарны канал на 228 тысяч падпісантаў прысвечаны музыцы і віктарынам па ёй. У госці да праекта прыходзяць і вядомыя беларусы — напрыклад, там бывалі салісткі гуртоў NAVIBAND і VAL.
Ночь с Чалым
Апошнія месяцы аналітык Сяргей Чалы спрабуе сябе ў жанры late-night show, якога ў беларускім ютубе, здаецца, дагэтуль не было. Ён расказвае пра апошнія навіны, сустракаецца ў студыі з вядомымі беларусамі і, як заўсёды, прэзентуе багата развагаў. Феномен дакладна варты абмеркавання.
ЧАСИКИ ТИКАЮТ
Невялікі (3,5 тысячы падпісантаў) праект часам радуе вялікімі гутаркамі: тут пра тое, ці беларусы — гамафобы, хто працягне даўжэй — Пуцін або Лукашэнка і як варта ставіцца да выбараў-2024 у Беларусі. Усю гэтую актуальшчыну абмяркоўваюць журналістка Яўгенія Сугак і аналітыкі Рыгор Астапеня і Арцём Шрайбман.
Мне тоже не нравится
Яшчэ адзін праект ад Яўгеніі Сугак. Спіс удзельнікаў неабмежаваны: у госці да шоу прыходзілі экс-актрыса Купалаўскага Крысціна Дробыш, журналіст «Радыё Свабода» Віталь Цыганкоў, паэт Павел Горбач, экс-дыпламат Павел Слюнькін і багата іншых суразмоўцаў. А гутараць тут, напрыклад, пра тое, калі нарэшце падзе рэжым ці ў чым прычына канфліктаў у беларускай апазіцыі.
panstandup
Ахова камедыі Бацькаўшчыны! Гэты канал стварылі маладыя беларускія комікі, і на ім яны выкладаюць уласны стэндап на роднай мове. Пакуль праект на паўзе, але там ужо ёсць 43 відэа — хопіць не на адзін вечар у лампавай атмасферы. Да таго ж, ёсць надзея, што хлопцы адновяць канал.
Женщины тяжелого поведения
Кацярына Раецкая, Настасся Карасёва і Марына Ментусава зладзілі шоу, дзе спрабуюць гутарыць пра важнае для жанчын. Некаторыя з апошніх тэмаў — жыццё каралеваў прыгажосці, фінансавая пісьменнасць і хатні гвалт. У госці прыходзілі, напрыклад, актывісткі Стася Глінік і Надзея Сядун, расійская феміністка Заліна Маршанкулава і юрыстка Ганна Рывіна.
ХАДАНОВІЧ | CHADANOVIČ
Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч знаёміць са светам беларускай літаратуры.
«Распавядаю пра літаратуру, якая стала актуальнай у нашы часы, пра літаратуру, у якой мы з вамі цяпер жывём», — тлумачыць ён у апісанні канала.
Тут ёсць і пра Барадуліна з Міцкевіча, і пра беларускае фэнтэзі, і пра твор «Белы шпіц».
Обычное утро
Магчыма, самая эмацыйная беларуская перадача ў інфармацыйным жанры. Кожны будны ранак у 10 легендарныя вядучыя Канстанцін Каверын і Людміла Міласлаўская выходзяць у эфір, каб пагутарыць з гасцямі, абмеркаваць надзённыя праблемы і дазволіць сабе трошкі выпусціць пару — жаданне, якое зразумее кожны з беларусаў.
«Около Культуры» с Никитой Моничем
Беларускі канал пра тое, як атрымліваць задавальненне ад культурных прадуктаў і разумець культуру. Вядомы гід Мікіта Моніч, які раней працаваў у Нацыянальным мастацкім музеі, а цяпер жыве ў Мадрыдзе, лёгка і даступна тлумачыць, у чым геніяльнасць Суціна, як вайна ў мінулым стагоддзі змяніла мастацтва, і расказвае пра беларускія музеі, ад якіх захопіць дух.
А што глядзіце вы?
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Што гавораць, тое і раблю». Вэбкам-мадэлі — пра заробкі, фетышыстаў і Славу Камісаранку
Як цяпер жыве баяніст Віталь Варанко, які ў 2020 годзе называў Лукашэнку супергероем?
«ЧынЧыны ў мундзірах». Запусцілі антываенны сатырычны серыял
Каментары
Быць Беларусам. Там файныя плэйлісты.