Беларусь працягнула контрсанкцыі. Эмбарга ўжо дзейнічае два гады
Харчовае эмбарга ўвялі ў снежні 2021 года
У Беларусі працягнулі забарону на ўвоз тавараў з заходніх краін. Абмежаванні будуць дзейнічаць да 31 снежня 2024 года, пазначана ў пастанове Саўміна, апублікаванай на Нацыянальным прававым партале.
Харчовае эмбарга ўвялі ў снежні 2021 года ў дачыненні да прадукцыі, вырабленай у краінах, «якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні» ў дачыненні да Беларусі.
У спіс уваходзяць дзяржавы Еўрапейскага Саюза, ЗША, Канады, Нарвегіі, Албаніі, Чарнагорыі, Швейцарыі і інш.
Што забаронена ўвозіць
У ліку забароненых застаюцца мясныя прадукты, малако і малочныя вырабы, гародніна, садавіна, арэхі. Нельга ўвозіць з гэтых краін каву, сокі, кандытарскія вырабы, алкаголь і інш.
Спіс прадуктаў пастаянна пераглядаюць. Напрыклад, у чэрвені 2023-га ў яго ўнеслі польскае і літоўскае піва.
Забарону тлумачаць тым, што ў Беларусі вырабляюць частку аналагічнай прадукцыі — і ў дастатковых аб'ёмах.
Пры гэтым пастановай дазваляецца ўвозіць прадукцыю па разавых ліцэнзіямі.
Для «недружалюбных» яблыкаў і зусім зрабілі выключэнне: іх дазволілі ўвозіць з 1 красавіка па 31 ліпеня 2024 года.
Каментары