Гісторыя навагодняга цуду: беларуска выпадкова атрымала ліст ад дзяўчынкі з дзіцячага дому — тая прасіла родную маму падарыць шкарпэткі
Гісторыя, якая магла б легчы ў аснову сцэнарыя галівудскага навагодняга фільма, здарылася ў Беларусі. Дзяўчына, падпісаная ў тыктоку як katya.baturo, распавяла, што праз памылку атрымала ліст ад дзіцяці ў інтэрнаце. Невядомая дзяўчынка пісала роднай маме пра тое, што ёй патрэбныя дзве пары белых шкарпэтак — і прасіла даслаць іх у якасці навагодняга падарунка.
Дзяўчынка забылася пазначыць на канверце горад — хутчэй за ўсё, «Белпошта» паспрабавала яго даставіць, арыентуючыся на імя і прозвішча адрасаткі.
«Мама не атрымала ліст, але яго атрымалі неабыякавыя людзі», — так падпісала сваё відэа ў тыктоку блогерка. Яна прадэманстравала, што разам са сваім хлопцам і сяброўкай сабрала невялікую пасылку: акрамя розных шкарпэтак, яна паклала туды мілы нататнік і шмат прысмакаў.
За першыя 12 гадзін відэа пад музыку з мультфільма пра маманцяня набрала больш за 126 тысяч праглядаў і 8360 лайкаў. Пра тое, якой нацыянальнасці аўтарка роліку, у каментатараў сумненняў не ўзнікла — «100% беларуска!».
Нехта пачаў хвалявацца наконт таго, што ж будзе з дзяўчынкай: «Вы малайчына, але ж як уяўлю, што дзяўчынка будзе думаць пра тое, што ўсё гэта даслала ёй мама…». Аўтарка адказала, што на першай старонцы нататніка пазначыла, хто атрымаў ліст.
Шмат хто з каментатараў адзначыў, што таксама б хацеў нешта падарыць якому-небудзь дзіцяці з дзіцячага дому, але не ведае, як гэта зрабіць. «У нас на школу далі 700 лістоў ад сірот ды інвалідаў… На жаль, мала хто прыняў удзел. А там піжамы, навушнікі, нехта абутак просіць. Такое штодзённае, але ім патрэбнае», — напісала адна з жанчын.
Каментары
Ужас,другого слова подобрать не выходит.Бедный ребенок просит у мамы 2пары носков на новый год,в детдом,просто ад какой то.((