Паўтара года беларуская апека намагалася забраць дзіця ў сям’і ў Польшчы
Сям’я з двума дзецьмі з невялікага беларускага горада была вымушана пераехаць у Польшчу, дзе атрымала міжнародную ахову. Але быў важны нюанс: адно дзіця ў сям'і было родным, а другое знаходзілася пад апекай. Паўтара года беларускія органы спрабавалі вярнуць дзіця на тэрыторыю Беларусі. Пра нервовую гісторыю з хэпі-эндам «Нашай Ніве» расказала юрыстка Ганна Маціеўская, кіраўніца ўсходняга аддзела ў юрыдычнай фірме WKB Wierciński Kwieciński Baehr.
Ганна адстойвае інтарэсы непаўналетніх дзяцей, якія знаходзяцца ў Польшчы. Яна адзначае: гэта ўжо шосты яе кейс. Раней яна дапамагала, напрыклад, дзецям палітзняволеных Антаніны Канавалавай і Сяргея Ярашэвіча, з якімі ў Польшчу з’ехала іх бабуля.
У сям’і, пра якую ідзе гаворка, на шчасце, атрымалася з'ехаць з Беларусі ў поўным складзе. Апроч роднага сына мама і тата выхоўвалі дзяўчынку, якую яны ўзялі пад сваю апеку, калі ёй было ўсяго тры месяцы. Расцілі як родную дачку, і ў свае адзінаццаць гадоў дзяўчынка нават не здагадвалася, што біялагічна ў яе іншыя бацькі.
На пытанне, чаму ж сям'я аформіла менавіта апеку, а не ўдачарыла, Ганна адказвае:
— Я не пыталася, якія былі прычыны канкрэтна ў гэтай сям'і, але звычайна так робяць у двух выпадках. Першы — калі не хочуць, каб дзіця губляла дзяржаўныя льготы. Другі — калі біялагічная маці мае нейкае цяжкае захворванне і не можа выконваць бацькоўскія абавязкі, аднак яе немагчыма пазбавіць бацькоўскіх правоў, каб дазволіць іншым людзям афіцыйна ўдачарыць ці ўсынавіць дзіця.
Сям’я была палітычна актыўнай, і ў нейкі момант стала зразумела: тое, што па бацькоў прыйдуць, пытанне часу. Таму сям'я эвакуявалася ў Польшчу. Тэарэтычна патрэбна было атрымаць дазвол на тое, каб вывезці дзяўчынку з краіны. Але бацькі палічылі, што ніхто ім такі дазвол не дасць.
І гэтыя асцярогі былі небеспадстаўныя. Беларуская апека анулявала бацькам апякунства і стала патрабаваць ад польскіх уладаў вярнуць дзіця на радзіму.
— Насамрэч, у гісторыі гэтай сям’і ўсё з самага пачатку пайшло неяк не так. Пачынаючы ад прыняцця заявы ў памежнай службе, дзе дзяцей палічылі роднымі братам і сястрой — з-за гэтага падчас разгляду пытання аб атрыманні міжнароднай аховы не разгледзелі пытанне аб апякунстве. Таму і здарылася дзіўная сітуацыя: дзіця ўжо мела міжнародную ахову ў Польшчы, але без прызначэння апекі ў Польшчы, адначасова Беларусь патрабавала вярнуць дзяўчынку.
Ганна адзначае: на жаль, суды ў Польшчы працуюць вельмі павольна, таму нават рашэння першай інстанцыі ім прыйшлося чакаць каля дзевяці месяцаў.
— Вы ж разумееце, што афіцыйная апека — гэта не толькі пра дазвол жыць разам. Толькі афіцыйны апякун можа, напрыклад, падпісаць дакументы, каб дзіця пайшло ў школу, ці даць дазвол на нейкую аперацыю ў бальніцы. Тут мы апынуліся ў такой сітуацыі, што сям’я паўтара года жыла ў страху з-за таго, што дзяўчынку маглі ў любы момант забраць — і нават калі не выслаць у Беларусь па запыце беларускіх органаў, то адправіць у дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Польшчы. Уявіце сабе, які стрэс быў бы для дзіцяці, якое не ведае праўду пра сваё нараджэнне.
Рашэнне першай інстанцыі было не на карысць сям'і. Польскі суд вырашыў, што паколькі ёсць дамова паміж Польшчай і Беларуссю аб прававой дапамозе, то пытанне аб апецы павінна вырашацца на тэрыторыі Беларусі беларускімі органамі з прымяненнем беларускага права. Бо канвенцыя па правах дзіцяці не мае першынства перад дамоўленасцямі паміж Польшчай і Беларуссю. У гэты ж самы час беларуская апека запусціла працэс Гаагскай канвенцыі па выдачы дзяцей.
Сітуацыя здзівіла нават польскага пракурора з Міністэрства юстыцыі. Ён прызнаўся Ганне, што за яго шматгадовую практыку гэта першы выпадак, калі дзіця з дапамогай міжнароднай канвенцыі спрабуе вярнуць інстытуцыя — звычайна так робяць бацькі, у тым выпадку, калі адзін павёз дзіця ў іншую краіну без згоды іншага.
— У выніку польскі суд другой інстанцыі адмовіў у выдачы дзіцяці ў Беларусь, адзначыўшы, што гэта б парушыла правы дзіцяці — асабліва з улікам таго, што ёсць палітычны пераслед сям’і. Улічвалі таксама тое, што дзяўчынка вельмі эмацыянальна прывязаная да бацькоў і брата.
Беларуская апека чаго толькі не рабіла: нават знайшлі біялагічную бабулю дзяўчынкі і сталі прымушаць яе напісаць заяву, быццам бы яна хоча аформіць апеку на сябе. Але добра, што бабуля аказалася адэкватным чалавекам. Яна сама напісала ў сацыяльных сетках маме дзяўчынкі (а я, бачачы адносіны жанчыны да дачкі, лічу яе сапраўднай мамай), што лічыць, што дзіцяці будзе лепш у цяперашняй сям'і ў Польшчы. Бабуля сказала, што не хоча, каб дзяўчынцы была нанесена псіхалагічная шкода.
Ганна кажа: польскі суд не толькі факусаваўся на разглядзе справы, але таксама выказаў непрыняцце агульнага парушэння правоў у Беларусі. Суддзя падчас разгляду справы пытаўся ў прадстаўнікоў беларускага боку па скайпе, ці сапраўды ў Беларусі гарантуюць бяспеку для дзіцяці.
Юрыстка адзначае, што ў судзе працу з дзяўчынкай вялі вельмі далікатна. Ёй гаварылі, быццам бы яна прымае ўдзел у здымках дакументальнага кіно і ёй трэба распавесці пра жыццё ў Польшчы. Суддзя нават дазваляў дзіцяці пасядзець на сваім месцы, як на троне.
Цяпер беларуская апека прайграла ўсе абскарджанні — дзяўчынка дакладна застаецца ў Польшчы. Паралельны працэс па апекі дзіцяці ў Польшчы таксама набліжаецца да лагічнага заканчэння. Ганна спадзяецца, што ў хуткім часе сям'я зможа ўздыхнуць з палёгкай.
Чытайце таксама:
Дзеці расстраляных. Дочкі Кляшторнага: цуд выжывання, добрыя людзі і вяртанне ў Беларусь
-
Па загадзе беларуса ў расійскіх школах выраблялі шапачкі з фольгі для абароны ад НАТА
-
Лукашэнка спадзяецца перазапусціць адносіны з Захадам пры Трампе. Вось што напісаў пра яго блізкі паплечнік Трампа
-
Максім з Латвіі пераехаў у Беларусь. Цяпер расказвае, як добра, калі частку заробку выдаюць прадуктамі
Каментары
Вот напрымер:
https://ru.m.wikipedia.org/wiki/%D0%A0%D0%B0%D0%B4%D0%B8%D0%BE%D0%BA%D0%B0%D0%BF%D1%81%D1%83%D0%BB%D0%B0
А да ента чылавек нармальна задзіў у Касьцёл мешду протчым