Кіно1515

У серыяле «Слова пацана» заўважылі Пагоню

Разабраліся, адкуль беларуская нацыянальная сімволіка магла з'явіцца ў рэаліях познесавецкай Казані.

Айгуль і свяцільня з Пагоняй. Кадр з серыяла

Герб Пагоню беларускія гледачы здолелі разгледзець у першай жа серыі папулярнага расійскага серыяла. У сцэне, калі Марат Сувораў тэлефануе Айгуль, на сцяне кватэры, у якой жыве дзяўчынка, вісіць свяцільня з выявай вершніка.

Стваральнікі серыяла імкнуліся строга прытрымлівацца гістарычнай адпаведнасці, каб праўдападобна і дакладна аднавіць атмасферу канца 1980-х гадоў. Пагоня ж на свяцільні, тым больш у расійскай правінцыі, выглядае дзіўным анахранізмам з 1990-х.

Выгляд свяцільні «Віцебск»

Але такая свяцільня сапраўды існавала і з'явілася яна на дзесяцігоддзе раней за падзеі, якія паказваюцца ў серыяле, яшчэ ў часы Брэжнева.

Гэта свяцільня «Віцебск» (ВТ-4), якая мела ў ніжняй частцы графічную выяву, на якой былі адлюстраваны старажытны і сучасны (то-бок савецкі) Віцебск, паміж якімі змешчана выява вершніка з шасціканцовым крыжам на шчыце, а таксама беларускамоўны надпіс «Віцебск». 

Этыкетка свяцільні-сувеніра
Ніжняя частка свяцільні з Пагоняй і краявідамі Віцебска

Як можна даведацца з этыкеткі на заднім баку гэтых свяцільняў, сувенір «Віцебск» быў выраблены на Віцебскім заводзе электравымяральных прыбораў (ВЗЭП) і каштаваў 5 рублёў 83 капейкі. Віцебскі завод стаў першым прадпрыемствам прыборабудавання ў пасляваеннай БССР, а ў 1968 годзе асвоіў новы кірунак — выпуск тавараў народнага спажывання, да якіх адносіцца і гэтая свяцільня. 

Марка да 1000-годдзя Віцебска

Але чаму ўсё ж «сувенір» і Пагоня? Рэч у тым, што ў 1974 годзе ў Віцебску адзначалі 1000-годдзе з моманту заснавання горада. Паводле падання з Віцебскага летапісу, Віцебск быў заснаваны кіеўскай княгіняй Вольгай у 974 годзе. Дата сумнеўная, бо вядома, што Вольга памерла 11 ліпеня 969 года. Магчыма, што летапісец проста пераблытаў лічбы і сапраўднай датай заснавання горада быў 947 год.

Пагоня на ўязным знаку ў Віцебск. Кадр з фільма «Віцебскія ўзоры» 1973 года

Менавіта да такога юбілею было выраблена шмат сувенірнай прадукцыі з мясцовай сімволікай і пазнавальнымі гарадскімі помнікамі. Гарадскім сімвалам была выбрана Пагоня. Яна з'явілася таксама на ўязным знаку ў горад, на сімвалічных ключах ад горада.

Агульнавядома, што за савецкім часам у беларускіх гарадоў і адміністрацыйных адзінак ніякіх афіцыйных гербаў не існавала. На розных значках і іншай прадукцыі, якая была аб'ектам калекцыянавання шматлікіх савецкіх калекцыянераў, спарадычна адлюстроўваліся абсалютна розныя кампазіцыі, якія былі мала звязаныя з гісторыяй месца.

Ключы ад Віцебска з Пагоняй
Падкова-сувенір з выявай Пагоні і надпісам «Віцебск»

Да таго ж і ў наш час, і ў часы Вялікага Княства Літоўскага на гербе Віцебска быў адлюстраваны абраз Спаса Збавіцеля з мячом, а зусім не Пагоня. 

Праз гэта выбар Пагоні савецкімі мастакамі да юбілею абласнога цэнтра выглядае яшчэ больш дзіўным. Але быў усё ж перыяд у гісторыі Віцебска, калі ягоным гербам была Пагоня — гэта, як ні дзіўна, часы Расійскай імперыі. 

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе горад адышоў пад расійскую ўладу. У 1781 годзе былі зацверджаны гербы гарадоў Полацкага намесніцтва, сярод якіх быў і Віцебск. Віцебскі герб меў наступны выгляд:

«Шчыт падзелены напалам: у верхняй частцы ў залатым полі Расійскай імперыі палова дзяржаўнага герба, а ў ніжняй частцы, у чырвоным са срэбрам паласатым полі на кані воін, які трымае ў правай руцэ чырвоны шчыт з падвойным на ім крыжом».

Герб Віцебска за часамі Расійскай імперыі

Усе гарады намесніцтва атрымалі амаль аднолькавыя гербы з Пагоняй і імперскім арлом, якія адрозніваліся толькі колерам поля шчыта. Пасля Пагоня таксама перайшла на герб Віцебскай губерні.

У савецкі час кіраўніцтва горада, такім чынам, звярнулася да гістарычнай спадчыны, але звярнуліся, як заўсёды, спецыфічным чынам. Магчыма, на выбар паўплываў яшчэ той факт, што арыгінальны герб Віцебска меў відавочна рэлігійнае паходжанне і выява Хрыста была менш пажаданай і прымальнай за Пагоню. Прынамсі пра гістарычнае значэнне Пагоні савецкія грамадзяне ўжо забыліся пасля доўгай негалоснай забароны на нацыянальную сімволіку і масавыя рэпрэсіі супраць «нацдэмаў».

Каб атрымаць свяцільню-сувенір, не абавязкова было наведваць Віцебск у юбілей, выраб шырока прадаваўся ў Беларусі i па-за яе межамі. Такое бра мелі многія савецкія сем'і.

Вокладка буклета Віцебскага тэлевізійнага завода 1982 года з варыянтам Пагоні — «Віцязем»

Свяцільня — не адзінае ўвасабленне спароджанай юбілеем віцебскай Пагоні, якое было шырока даступна жыхарам краіны. У 1982 годзе, відаць, пад уплывам сімволікі 1000-годдзя горада, эмблемай Віцебскага тэлевізійнага завода стала Пагоня. Выяву «Віцязя», як яна афіцыйна называлася праз сугучнасць з абрэвіятурай завода — ВТЗ, распрацаваў мастак Аляксандр Вышка.

Так Віцебск нечаканым чынам — праз ідэалагічныя савецкія патрабаванні і расійскую частку гісторыі — трохі апярэдзіў беларускае нацыянальнае адраджэнне, росквіт якога прыпаў на 1980-я гады, у вяртанні спрадвечных нацыянальных сімвалаў.

Сёння гэты артэфакт можна пабачыць не толькі мелькам у серыяле. Аматары вінтажных савецкіх рэчаў і беларускага прадметнага дызайну з лёгкасцю знойдуць яго на інтэрнэт-пляцоўках.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары15

  • Ганьба
    21.12.2023
    Шах і мат, змагары! За імперыяй і саветамі было больш Пагоні, чым зараз! :)
  • Rrr
    21.12.2023
    Ну усе. Пайду церабонькаць на бчб.
  • Mafkees
    21.12.2023
    Слово Пазняка.

Лукашэнка пра пункты пропуску на мяжы з Польшчай: Ды хай хоць апошні закрыюць30

Лукашэнка пра пункты пропуску на мяжы з Польшчай: Ды хай хоць апошні закрыюць

Усе навіны →
Усе навіны

Абяцаных Трампам хуткіх мірных перамоў па Украіне не атрымаецца15

У Аўстрыі 15-гадовага сірыйца абвінавачвалі ў згвалтаванні 12-гадовай. Прымусовы сэкс быў, але яго апраўдалі. Як так?22

Беларусы могуць застацца без шэнгена, нават калі яго атрымалі. З'явілася новая тэндэнцыя анулявання віз6

«Раней была смярдзючая, розніца каласальная». Цяпер усе мінчукі жывуць з артэзіянскай вадой — якія ўражанні?2

Польскія памежнікі затрымалі беларуса, які нелегальна знаходзіўся ў краіне 532 дні2

Туск: Расія планавала акты паветранага тэрору супраць Польшчы і авіякампаній па ўсім свеце

Новае шоу з Шрайбманам запусцілася на ютубе. У яго нечаканы партнёр25

Чаму людзей збіваюць на пешаходных пераходах? Дасведчаны кіроўца задумаўся пасля таго, як збілі яго жонку14

Узламалі сайт кампаніі Валерыя Сахашчыка. І выставілі яму ўльтыматум11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка пра пункты пропуску на мяжы з Польшчай: Ды хай хоць апошні закрыюць30

Лукашэнка пра пункты пропуску на мяжы з Польшчай: Ды хай хоць апошні закрыюць

Галоўнае
Усе навіны →