З канца лістапада з беларускай сталіцы вывезлі больш за 500 тыс. кубаметраў снегу. Пра гэта паведамляе прэс-служба Мінгарвыканкама.
У апошняй дэкадзе лістапада і пачатку снежня ў Мінску выпала снегу на ўзроўні 285% ад нормы, тлумачыць начальнік упраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама Аляксандр Ракаўшчык.
Утылізаваць снег дапамагаюць каля 40 тыс. чалавек, задзейнічана больш за 8 тыс. адзінак тэхнікі.
Акрамя таго, гарадскія ўлады змагаліся і з галалёдам на сталічных вуліцах. Для гэтага выкарыстана больш за 58 тыс. тон рэагентаў. Таксама па горадзе ўстаноўлена каля 8,5 тыс. скрынь для захоўвання пясчана-саляной сумесі.
З пачаткам зімы ў чатыры разы павялічыўся попыт на спецыялістаў па прыбіранні снегу. Толькі ў лістападзе на пляцоўцы для пошуку працы было апублікавана каля 130 вакансій, звязаных з гэтай справай.
Каментары