«Коля ўзяў усё блізка да сэрца». На «Мазырсолі» рабочы памёр пасля таго, як дырэктар прыгразіў яму не падоўжыць кантракта
1 снежня на прадпрыемстве ААТ «Мазырсоль» памёр рабочы. Як расказаў выданню «Флагшток» знаёмы памерлага, работніка звалі Мікалай Заяц, і ён стаў міжвольнай ахвярай заведзеных дырэктарам прадпрыемства «вайсковых парадкаў».
«Пасля ўвядзення забароны на курэнне рабочыя сользавода хаваліся і курылі ў цэхах. Мікалая злавіў начальнік і далажыў кіраўніцтву. Дырэктар яму прыгразіў, што яму не падоўжаць кантракта. Коля ўзяў усё блізка да сэрца. Перад заканчэннем той жа змены памёр», — расказаў знаёмы Зайца.
У 2020 годзе адным з герояў перадачы тэлеканала «Мазыр» быў сушыльшчык цэха № 2 ААТ «Мазырсоль» з такім самым іменем і прозвішчам. Мяркуючы з каментара, які Мікалай Заяц даў тады тэлевізійнікам, на прадпрыемстве ён прапрацаваў не адзін дзясятак гадоў.
Блогер Андрэй Павук перадаў у рэдакцыю «Флагштока» запіс званка, у якім кіраўнік прадпрыемства Уладзімір Дворнік адказвае на пытанне аб гібелі работніка.
«Не загінуў. Проста сардэчная недастатковасць. Памёр», — сказаў Дворнік, а пасля кінуў слухаўку.
Раней Уладзімір Дворнік увёў на прадпрыемстве жорсткія меры, скіраваныя супраць курцоў. Згодна з яго загадам той, хто не курыць на тэрыторыі завода, атрымлівае матэрыяльнае штомесячнае заахвочванне. Пры гэтым на «Мазырсолі» дзейнічае калектыўная адказнасць: дастаткова аднаму чалавеку з брыгады трапіцца на курэнні ў неналежным месцы, каб спагнанне было накладзена на ўсю брыгаду. Для кантролю работнікаў у арганізацыйнай структуры прадпрыемства створана «камісія па культуры вытворчасці», якую ўзначальвае галоўны інжынер.
Каментары