Літаратура33

«Не вядзіцеся на павеўную моду — падглядаць за класікамі ў замочную адтуліну»

Паэт і літаратуразнаўца Міхась Скобла да дня нараджэння Максіма Багдановіча раскрытыкаваў у фэйсбуку памкненні «даследаваць прыватнае жыццё класікаў, ледзь не пад мікраскопам разглядаць іх пражытыя не напаказ дні».

Які самы папулярны твор Максіма Багдановіча? Думаеце, «Зорка Венера»? Не. «Пагоня»? Таксама памыляецеся. «Слуцкія ткачыхі»? І тут адказ несуцяшальны. «Інтымны дзённік»! Мяркуючы па спасылках у Сеціве, менавіта ён засланіў сабою ўсю творчасць Максіма Багдановіча. Якая там «Зорка Венера», «кожную ночку на зорку дзівіцца» — гэта ж так архаічна! А што сучасна? Што-небудзь інтымненькае.

Стала ледзь не нормай падрабязней, чым творчасць, даследаваць прыватнае жыццё класікаў, ледзь не пад мікраскопам разглядаць іх пражытыя не напаказ дні.

Увішныя даследчыкі публікуюць высмактаныя з пальца донжуанскія спісы, падлічваюць колькасць пазашлюбных дзяцей і дэкалітры выпітай гарэлкі, на падставе абраных у якасці псеўданімаў імёнаў робяць сенсацыйныя высновы наконт сэксуальнай арыентацыі сваіх герояў.

Погляд праз замочную адтуліну зрабіўся ледзь не абавязковым ракурсам, без якога творы і жыццяпісы класікаў выглядаюць прэснымі і нецікавымі. Іх абавязкова трэба падсаліць!

«Каласы пад сярпом тваім»? Нуднаватае чытво. А ці траплялася вам кніжка «Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча»?

«Мой свеце ясны» Міхася Стральцова? Паэзія? Не, нам падавай прозу жыцця. Ну, напрыклад, колькі часу Стральцоў правёў у выцвярэзніках…

А праўда, што ў Ларысы Геніюш у ГУЛАГу быў раман з князем Васілём Святаполк-Мірскім?

А праўда, што Цётка (яна ж Гаўрыла з Полацка, яна ж Мацей Крапіўка) была прыхаванай лесбіянкай?

І няма канца гэтай «прозе жыцця», гэтаму перабіранню чужой бялізны перад зацікаўленай публікай. Што ж, і асабістае жыццё класікаў не схаваеш у музейны сейф. Але як тут не згадаць сказанае ў Эклезіясце: «Усё мае свой час, і гадзіна кожнай дзеі — пад небам».

Памятаю, як выпадкова трапіў на спектакль па тым самым «Інтымным дзённіку». Паказ чамусьці адбываўся ў Нацыянальнай бібліятэцы. Коратка перакажу сюжэт: на імправізаванай сцэне — ён і яна, спачатку — як Рэдактар і Журналістка. Журналістка з жарсным прыдыханнем паведаміла, што здабыла для публікацыі сенсацыйны матэрыял — дзённік Багдановіча. На рэзоннае пытанне значна менш сэксуальна заклапочанага Рэдактара: як жа гэта табе ўдалося? — маладзіца з забойчай шчырасцю адказвае: пераспала з дырэктарам Багдановічаўскага музея, вось ён і аддзячыў.

Затым тыя самыя акторы без змены дэкарацый паказалі такую сцэнку. Паэт (Максім Багдановіч) абвёў паўнюткую залю іскрамётным ад жарсці позіркам і зусім не шэптам, перапрашаю, прызнаўся: «У мяне ўстаў. Я задраў ёй спадніцу і паваліў на траву». У гэты час ягоная партнёрка (тэмпераментная, трэба сказаць, дзявуля) качалася па падлозе ў яўна перадчасным экстазе…

Гледачы яўна былі збянтэжаныя. Мой сусед, сярэдняга веку дзядзька, найбольш перажываў, што для акторкі не прынеслі з калідора канапу, і ёй давялося аголенымі плячамі коўзацца па халодным мармуры.

Што ж уяўляе з сябе багдановічаўскі «Інтымны дзённік», сцэнічную інтэрпрэтацыю якога бачылі тысячы (ён ішоў у адным з менскіх тэатраў), але мала хто бачыў першакрыніцу? Вось перада мною на стале — тэкст, некалькі занатовак, зробленых алоўкам. Так, пра блізкасць з жанчынай. Так, вельмі асабістых і адназначна не прызначаных для друку. Нават у самым поўным зборы твораў. А паколькі пісаў паэт не для чытача, скарачаючы і прапускаючы словы, то і прачытаць ягоныя запісы даследчыкі не змаглі.

Цалкам тэкст не ўдалося расшыфраваць нават Навукова-даследчаму інстытуту судовай экспертызы, расчытана толькі каля 800 слоў, якія часам немагчыма звязаць паміж сабой. 800 словаў перасыпаюцца, як шарыкі ў лататроне. І кожны канструюе з іх тую фігуру, якую сам захоча. У тэатры сканструявалі п’есу.

А мой знаёмы выдавец задумаў аднойчы выдаць выбраныя творы Максіма Багдановіча пад выйгрышнай з гледзішча маркетынгу назвай — «Інтымны дзённік». Кніга ўжо запускалася ў вытворчасць, а абавязковы для яе твор усё не знаходзіўся. Я паказаў шуканы тэкст выдаўцу, перакананы, што на варштат Скарыны ён не трапіць. Так і сталася. Выдавец прачытаў і расчаравана ўздыхнуў. Але — назву кнігі не змяніў. Так што «Інтымны дзённік» Максіма Багдановіча ў прыродзе існуе і можа падараваць вам хвіліны высокага чытацкага шчасця.

І ўсё ж не вядзіцеся вы на гэтую павеўную моду — падглядаць за класікамі ў замочную адтуліну. Самапавагі вам гэты занятак не дадасць, ды і на прыказку не варта забывацца, як цікаўнай Амілі нос прышчамілі.

Схадзіце да Максіма Багдановіча на Траецкую гару, да Якуба Коласа на плошчу яго імя, да Янкі Купалы ў надсвіслацкі парк. З адпаведнай адлегласці вы ўбачыце іх ва ўсёй велічы. А калі падыдзеце занадта блізка, пабачыце хіба шнуркі на іхніх чаравіках.

Каментары3

  • Gorliwy Litwin
    09.12.2023
    добра сказана цалкам згодны. але мала хто прыслухаецца, можа 1 %
  • L
    09.12.2023
    Abavazkova treba viedać, što heta byli za liudzi, tvory jakich časta staviacca ŭ pryklad.
  • Жвір
    09.12.2023
    Ні пра што. Аўтар выдумаў неіснуючую праблему і па-сапраўднаму асуджае неіснуючае.

У Маскве за паклёп на Лукашэнку судзяць палітолага Суздальцава. Пагражае да 5 гадоў5

У Маскве за паклёп на Лукашэнку судзяць палітолага Суздальцава. Пагражае да 5 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

«Для працяглага жыцця гэта краіна, напэўна, не падыходзіць». Чым Грузія робіцца падобнай да Беларусі і чаму беларусам лепш у Польшчы13

Экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч пасадзілі на 15 сутак23

Беларусаў вярбуюць у расійскае войска праз інстаграм9

Папулярнаму дамену.io пагражае закрыццё3

«Штадлер» не мае намеру прадаваць завод у Фаніпалі. Хоць беларускія чыноўнікі сцвярджалі іншае5

Дзмітрыеў просіць вярнуць паслоў у Мінск. «Санкцыі б’юць па людзях, а не па ўладзе»140

Што такое «размандыкваць» і чаму Лукашэнка незадаволены, што чыноўнікі займаюцца гэтым?19

У Еўрапарламенце Віктара Орбана правялі з трыбуны песняй Bella Ciao14

Археолагі сцвярджаюць, што старажытны горад на Менцы ўзнік у канцы X стагоддзя16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Маскве за паклёп на Лукашэнку судзяць палітолага Суздальцава. Пагражае да 5 гадоў5

У Маскве за паклёп на Лукашэнку судзяць палітолага Суздальцава. Пагражае да 5 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →