Святару Генрыху Акалатовічу з Валожына выставілі абвінавачванне. Ён застаецца за кратамі
Раней для яго адмаўляліся прымаць цёплыя рэчы.
Затрыманаму святару абраная мера ўтрымання ў выглядзе заключэння пад варту, і ён застаецца за кратамі — гэта азначае, што яму выставілі абвінавачванне, піша katolik.life.
Да змены статусу для яго адмаўляліся прымаць цёплыя рэчы і прадукты. У першыя дні пасля затрымання святару ўдалося перадаць толькі прадметы гігіены, бялізну і таблеткі — ён мае сур'ёзныя хваробы, таму вымушаны прымаць некалькі відаў лекаў.
Артыкул Крымінальнага кодэкса пакуль не называецца, аднак вядома, што, паводле нядаўніх зменаў у КК Беларусі, тэрмін утрымання пад вартай да выстаўлення абвінавачвання быў павялічаны да 20 сутак па шэрагу «антыдзяржаўных» артыкулаў — такіх як шпіянаж, здрада дзяржаве.
Але што менавіта ставіцца святару ў віну, застаецца невядомым. Ніякай афіцыйнай інфармацыі пра справу ксяндза Генрыха Акалатовіча дагэтуль няма, дзяржаўныя органы таксама пакуль нічога не паведамілі пра тое, у чым абвінавачваюць святара.
Генрых Акалатовіч — вядомы і паважаны ў Беларусі святар, які яшчэ з савецкіх атэістычных часоў дапамагаў адраджаць каталіцкую царкву ў рэгіёнах. Не раз станавіўся героем публікацый і сюжэтаў дзяржаўнай прэсы, у адным з матэрыялаў падкрэслівалася, што ксёндз размаўляе па-беларуску не толькі ў парафіі, але і дома.
Каментары
Ксёндз Генрык быў ангажаваны ў гэтую справу
Вось вам і здрада калгасна фашысцкай дзяржаве
Czesc ich pamieci!