Вайна2727

Цела забітай пад Кіевам дзяўчынкі, якую амаль два гады шукалі ва Украіне, знаходзілася ў Мазыры

Дзяўчынку, якую амаль два гады шукала ўся Украіна, знайшлі мёртвай. 15-гадовая Арына Яцюк была параненая расійскімі салдатамі яшчэ 3 сакавіка 2022 года на Жытомірскай трасе, калі яе сям'я спрабавала вырвацца з акупацыі. Аказваецца, цела Арыны Яцюк увесь час знаходзілася ў Беларусі, піша Oboz.ua.

Бацькі дзяўчынкі загінулі на месцы, калі спрабавалі выехаць у бяспечнейшае месца. А параненую Арыну расіяне забралі нібыта для лячэння. З тых часоў пра яе нічога не было вядома.

Беларусь хавала смерць украінскай дзяўчынкі?

У кастрычніку родныя 15-гадовай Арыны Яцюк нарэшце змаглі пахаваць яе ва Умані Чаркаскай вобласці, побач з забітымі расійскімі салдатамі мамай і татам.

Усе гэтыя амаль два гады дзядуля і бабуля, дзядзька і цётка вельмі спадзяваліся, што Арына жывая. Яны адгукаліся на найменшую інфармацыю пра невядомае дзіця, што было вывезена ў Беларусь. 

Але надзеі былі марныя. Усе гэтыя доўгія месяцы цела Арыны знаходзілася ў моргу горада Мазыр у Беларусі.

Арына Яцюк

Сваякі пісалі шмат запытаў у Беларусь, паколькі была інфармацыя, што менавіта туды павезлі параненую дзяўчынку. Але кожны раз ім прыходзіў адказ, што Арыны Яцюк на тэрыторыі Беларусі няма ні сярод жывых, ні сярод мёртвых.

Да таго часу, пакуль цела дзяўчынкі не перадалі ва Украіну па абмене. Яе апазналі ўжо па ДНК.

Мама крычала, што ў машыне дзеці

Трагедыя адбылася 3 сакавіка 2022 года. Сям'я Яцюкоў — мама Ганна, тата Дзяніс, 9-гадовая Валерыя і 15-гадовая Арына — у першыя дні ўварвання расіян ва Украіну выехала з Кіева на лецішча ў вёску Севярынаўка Кіеўскай вобласці.

Акупантаў там яшчэ не было, чуваць была страляніна ў суседняй вёсцы Матыжын, над галавой нешта пралятала. Сям'я хацела пераседзець на лецішчы, пакуль усё не супакоіцца. Але ўжо 2 сакавіка з імі знікла сувязь.

Сям'я выехала з Севярынаўкі на трасу. Малодшую Валерыю знайшлі пазней у вёсцы Капылоў

Як расказала потым валанцёрам малодшая дачка Валерыя Яцюк, якая выжыла, ужо 3 сакавіка бацькі наважыліся выбірацца з Севярынаўкі ва Умань да бабулі і дзядулі. Яны селі ў дзве машыны. Валерыя ехала з мамай, а Арына — з татам. Яшчэ з імі былі хросныя, а таксама каты і сабакі.

Калі аўтамабілі выехалі на Жытомірскую трасу, па іх адкрылі агонь расійскія вайскоўцы. Мама дзяўчынак крычала ім, каб яны не стралялі, бо ў машыне дзеці. Аднак гэта не спыніла расійскіх салдат.

Валерыя спрабавала выклікаць хуткую дапамогу з мамінага тэлефона, цяжка параненая Ганна яшчэ здолела ўвесці свой код у тэлефон. Але датэлефанавацца не атрымалася. Дзяўчынка некалькі гадзін блукала ў акрузе, стукалася ў дамы, але ёй ніхто так і не адчыніў.

Сям'я Яцюкоў, засталася жыць толькі малодшая Валерыя

Па трасе праязджалі расійскія танкі, яна хавалася. А потым яна знайшла машыну бацькі. Дзяніс быў ужо мёртвы, побач сядзела Арына, яна была параненая ў сцягно. Па словах Валерыі, на назе ў сястры быў вялікі і страшны пухір.

Арыну павезлі «лячыць» у Беларусь

Неўзабаве да машыны пад'ехалі расійскія вайскоўцы на танках. Яны пасадзілі сясцёр у розныя машыны. Валерыю яны давезлі да вёскі Капылоў і аддалі незнаёмым мясцовым жыхарам. А пра Арыну сказалі, што павязуць лячыць у Беларусь. Пасля гэтага Арына знікла.

6 красавіка 2022 года, пасля вызвалення Кіеўскай вобласці, бацькоў дзяўчынак пахавалі ў Умані. А Арыну працягвалі шукаць. Родныя давалі аб'явы ў сацсетках. 

Родны брат Дзяніса Уладзімір з жонкай Аксанай падавалі запыты ў МЗС Беларусі. Адтуль прыйшоў адказ, што такой дзяўчынкі ў Беларусі няма.

Арыну шукалі амаль два гады

Сваякі звязваліся з украінскім пасольствам у Беларусі, з Чырвоным Крыжам. Але ніякай інфармацыі пра Арыну не знаходзілася.

Увесь гэты час цела дзяўчынкі ляжала ў Мазыры

«Увесь гэты час цела ўнучкі ляжала ў Мазыры. Там былі даныя, як яе завуць. Але нам ніхто нічога не казаў, усё хавалі. Напэўна, яна памерла ў той жа дзень, 3 сакавіка. Калі б ёй адразу аказалі дапамогу, перавязалі нагу, можа, яна засталася б жывая. Яе цела перадалі па абмене, яе апазналі па ДНК. Усё, больш яе няма», — расказвае дзядуля Валянцін Іванавіч.

Бацькі Арыны, якія загінулі ў машынах
Загінулая Арына з малодшай сястрой Валерыяй

Арыну пахавалі ў Умані побач з мамай і татам. Засталася толькі малодшая сястра Валерыя, якой цудам удалося ацалець пад кулямі расіян. Цяпер яна знаходзіцца ў Польшчы разам са сваім дзядзькам Уладзімірам (братам загінулага Дзяніса) і яго жонкай Аксанай.

Там дзяўчынка ўжо пайшла ў школу, ёй вельмі падабаецца Польшча.

Каментары27

  • Беларус
    06.12.2023
    2 гады ў моргу без чалавечага хрысцiянскага пахавання - гэта ўсе што трэба ведаць пра гэтых падонкаў. Iх голымi рукамi трэба.
  • Чытач
    06.12.2023
    Спадзяемся нюрнберскi трыбунал па злачынствах ва Украiне будзе створаны i туды лукашысты таксама паедуць. У кайданках.
  • Андрусь
    06.12.2023
    Выканаўца абавязкаў загадчыка Мазырскага міжраённага паталагаанатамічнага аддзялення на сакавік 2022 года - Станіслаў Галаўко. Варта зафіксаваць гэтае прозвішча. Калі цела Арыны сапраўды хавалі ў Мазырскім моргу, то інфармацыю пра яе прыхоўвала менавіта гэтая істота. Хаця дакладна ведаю, што многія жыхары Мазыра і наваколля самі спрабавалі шукаць дзяўчынку, у тым ліку тэлефанавалі ў моргі Мазыра і Каленкавічаў і пра яе пошукі Галаўко не мог не ведаць. 
    Ну і датычна расстрэлу аўтамабіляў, якімі ехала сям'я. Служба бяспекі Украіны высветліла асобы датычных і завочна выставіла падазрэнне ў здзяйсненні гэтага ваеннага злачынства камандзіру выведгрупы рф Вадзіму Аўчыннікаву (Вадиму Овчинникову), які аддаў загад страляць па цывільных аўтамабілях, якімі ехала сям'я Яцюк. Выконвалі загад падначаненыя Аўчынніква з прозвішчамі Жаркій, Гарматараў, Зварычэўскі, Белікаў, Нагуманаў.  

Як за 20 кіламетраў ад Беларусі праходзіць фестываль Tutaka ШМАТ ФОТА4

Як за 20 кіламетраў ад Беларусі праходзіць фестываль Tutaka ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

«Аказваецца, і на тым баку ёсць людзі». Маці Івана Падрэза ўсё ж не высяляюць6

Па Мсціслаўскім раёне пранёсся моцны ўраган

У Беларусі ўжо +37,5°С. У сервісе дастаўкі прадуктаў знікла папулярная мінеральная вада1

51 нобелеўскі лаўрэат заклікаў неадкладна спыніць вайну ва Украіне і канфлікт у сектары Газа13

У гонар беларускага байца назвалі вуліцу ва ўкраінскім Канатопе1

Буданаў пра пагрозу наступу РФ з поўначы: Катастрофы няма, але не бачыць праблем не атрымаецца2

Заўтра ў Беларусі будзе да +35°С, але ў Мінску «ўсяго» +30°С3

Прынцэса Кейт Мідлтан наведае фінал Уімблдона ў нядзелю1

Міністарка спорту Францыі за два тыдні да Алімпіяды выкупалася ў Сене, ледзь не паслізнуўшыся на прыступках ВІДЭА1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як за 20 кіламетраў ад Беларусі праходзіць фестываль Tutaka ШМАТ ФОТА4

Як за 20 кіламетраў ад Беларусі праходзіць фестываль Tutaka ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →