У сацыяльных сетках 4 снежня з'явілася інфармацыя аб аварыйнай сітуацыі на газаправодзе-адводзе да газаразмеркавальнай станцыі «Дарава» Ляхавіцкага раёна. У выніку гэтага ў некаторых мясцовасцях горада і раёна адключылі ацяпленне і газазабеспячэнне, паведамляе мясцовы рэсурс Bar24.
Намеснік галоўнага інжынера ААТ «Газпрамтрансгаз Беларусь» Міхаіл Бабко наяўнасць праблем пацвердзіў, але сцвярджае, што сітуацыя ўзнікла ў выніку планавых работ. Яны, маўляў, «праводзяцца для аналізу стану трубаправода і выяўлення яго дэфектаў». Праводзячы гэтыя работы пачынаючы ад Івацэвічаў, урэшце, па словах Бабко, падышлі да ўчастка газаправода-адвода ГРС «Дарава», і «ў гэтым месцы пры ўскрыцці газаправода выяўлена, што стан дэфекту трубы з'яўляецца крытычным».
Два метры трубы ў сувязі з гэтым трэба было замяніць, для чаго «спатрэбілася памяншэнне аб'ёму забеспячэння газаспажыўцоў на некаторы час». Завяршыць работы планавалася да 19.30, пры гэтым «газазабеспячэнне не спынялася — газ дастаўляецца ад перасоўных аўтазапраўшчыкаў».
Тым не менш, у Ляхавіцкай ЖКГ папярэдзілі пра магчымыя перабоі ў падачы ацяплення ў адным з мікрараёнаў Ляхавіч, некалькіх вёсках і ў кацельні раённай бальніцы. Камунальныя службы сцвярджаюць, што ў найбліжэйшыя гадзіны пытанне будзе вырашана. Пазней з'явілася інфармацыя аб часовым абмежаванні газазабеспячэння Ляхавіцкага малочнага завода, Ляхавіцкага кансервавага завода і кацельняў.
Жыхары Ляхавічаў паведамляюць, што 4 снежня ў іх кватэрах «перабояў з газам няма. Батарэі халодныя, але тэмпература ў кватэры пакуль прымальная». У бальніцы ацяплення таксама няма, але, як запэўніў галоўны лекар Георгій Хлябовіч: «Тэмпература ў палатах на дадзены момант камфортная, каля 21-22 градусаў цяпла. Ужо ў найбліжэйшы час батарэі зноў стануць гарачымі».
Каментары