У Кыргызстане вырашылі трохі змяніць выгляд сцяга, каб «не быць больш залежнымі»
Дэпутаты Жагорку Кенеша (парламента) на пасяджэнні 29 лістапада ў першым чытанні прагаласавалі за законапраект, які прадугледжвае змяненне дзяржаўнага сцяга. У гэтай сярэднеазіяцкай краіне законапраекты прымаюцца ў трох чытаннях, а важныя ў чатырох.
Ініцыятыву падтрымалі 66 дэпутатаў, супраць прагаласавалі 8 парламентарыяў, піша Радыё Свабода — Кыргызстан.
Прапанаваны ініцыятарамі новы варыянт сцяга выклікаў бурнае абмеркаванне грамадскасці. У сацыяльных сетках многія карыстальнікі таксама выказалі нязгоду са зменай цяперашняга сцяга і выказваюць крытыку з нагоды таго, што народавыбраннікі павінны займацца іншымі, больш актуальнымі пытаннямі. Выказаліся таксама супраць і некаторыя дэпутаты.
«Змена дзяржаўнага сцяга — гэта штуршок да перапісвання гісторыі. Я не бачу сэнсу ў змене сцяга, у здрадзе нашаму сцягу», — сказаў парламентарый Дастан Бекешаў. Яго калега Эрулан Кокулаў выказаў меркаванне, што трэба было б правесці рэферэндум.
Ідэю аб неабходнасці змене сонечных прамянёў на сцягу ў кастрычніку агучыў спікер парламента Нурланбек Шакіеў. На яго думку, выява тундука (канструкцыя сферычнай формы, якая вянчае кыргызскае жыллё-юрту і з'яўляецца светлавым акном) і сонечных прамянёў у цэнтры сцяга падобныя да сланечніку, іх варта выпрастаць.
Сцяг Кыргызстана — чырвонае палотнішча з сонечным дыскам у цэнтры. 40 прамянёў азначаюць аб'яднанне старажытных плямёнаў. Унутры сонца намаляваны тундук — канструкцыя сферычнай формы, якая вянчае кыргызскую юрту. На сцягу прамяні сонца выгнутыя, а тундук складаецца з трох дубцоў. У новым варыянце прапануюць промні выпрастаць і зрабіць тундук з чатырох дубцоў.
Прэзідэнт Садыр Жапараў у кастрычніку падтрымаў змену сцяга. Ён адзначыў, што не раз жыхары і госці краіны параўноўвалі малюнак на сцягу са сланечнікам. На думку Жапарава, калі дэпутаты ўхваляць змяненне сцяга, то «з гэтага часу мы не будзем залежнымі».
«Мы павінны спадзявацца, што з гэтага часу будзем развітой і самастойнай краінай, падобна промням сонца на нашым сцягу, якія ўваходзяць праз тундук», — сказаў тады Жапараў.
Дзяржаўны сцяг Кыргызстана быў зацверджаны пастановай Жагорку Кенеша ад 3 сакавіка 1992 года. 5 сакавіка ён упершыню быў узняты над будынкам урада Кыргызстана.
Каментары