Вайна1616

Штурмавік Палка Каліноўскага пра расійскіх салдат: Сядзеў з паўтарашкай піва каля падʼезда, а цяпер з такімі ж прыдуркамі едзе «мачыць укропаў»

Штурмавік Палка Каліноўскага Аляксей «Дэн» Кавальчук, які прайшоў Бучу і Бахмут, у новым выпуску «Жыцця-маліны» сярод іншага распавёў пра страх і смерць, расійскіх палонных і расійскую армію і шчыра адказаў, ці змог бы застрэліць Лукашэнку

Аляксей «Дэн» Кавальчук Aleksei "Dan" Kovalchuk Алексей «Дэн» Ковальчук
Аляксей «Дэн» Кавальчук. Скрын відэа malina_by / YouTube

Да вайны Аляксей Кавальчук працаваў у Мінску інструктарам па грэблі і барменам, а чатыры месяцы ўзімку — інструктарам па сноўбордынгу і барменам у Букавелі (Заходняя Украіна). З пачаткам вайны пайшоў добраахвотнікам на фронт. У Палку Каліноўскага ён стаў штурмавіком.

«Рускія мяне радыкалізавалі»

Як заўважае Кавальчук, яму даводзіцца працаваць з праціўнікам на блізкіх дыстанцыях. Тое, што ён пабачыў на вайне з расійскага боку, кардынальна змяніла яго стаўленне да суседняй краіны. Цяпер, калі ён чуе слова «Расія», у яго «дыбам устаюць валасы»:

«Яны мяне радыкалізавалі. Я стаў не русафобам, а русаненавіснікам. Гэта дзікуны з палкамі, якія чыняць такую чарнягу. Я не думаў, што людзі здольныя на такое. Па вялікім рахунку брацкія людзі, такія ж, як і мы.

Я не адчуваў сябе ні рускім, ні беларусам, ні ўкраінцам. Я адначасова і рускі, і беларус, і ўкраінец. Я — рускамоўны чалавек. І як так магло стацца, што за два гады вайны з мяне нармальнага зрабілі нацыяналіста. Я люблю ўсё ўкраінскае. Жоўта-блакітнае для мяне стала блізкім і родным».

Пазней Кавальчук дадае, што сярод расіян ёсць «вельмі цікавыя, інтэлігентныя людзі. Але іх так катастрафічна мала».

Пра расійскае войска

Штурмавік адзначае, што ў расійскай арміі ёсць спецпадраздзяленні, у якіх чоткія хлопцы, прафесіяналы. «Але па вайне, па адносінах да тэхнікі, рыштунку, яны такія неахайныя», — лічыць баец. 

Па словах Кавальчука, ён неаднойчы сутыкаўся з нерацыянальным выкарыстаннем праціўнікам сілаў і сродкаў:

«Калі жывая сіла праціўніка ідзе на заведама забойную аперацыю з іх боку. Часам гэта выклікае нейкае здзіўленне. І ў людзей на полі бою і на КСП (месцы кіравання боем) гэта выклікае збянтэжанасць. Яны не вераць, што такое можа быць. Настолькі нерацыянальная і правальная пастаўлена задача — проста пайсці і памерці».

Па словах байца, цяпер увесь свет бачыць, што пытанне, якое месца займае расійская армія ў іерархіі армій свету, не стаіць. «Расійская армія, па вялікім рахунку, ужо ніякая армія. Усё, што ў іх засталося, па вялікім рахунку, гэта невялікі кангламерат спяцоў, якіх яшчэ не пазабівалі, і ядзерная зброя для стрымлівання».

Што такое вайна

Кавальчук дзеліцца: на пачатку вайны было вялікае пачуццё абурэння, усім хацелася хутчэй ваяваць, але цяпер адносіны змяніліся.

«Шмат хто думаў, што вайна хутка скончыцца, мы хутка дамовімся (бо гэта ў галаве не ўкладваецца, як такое будзе), а шмат хто так ні разу і не зарубіцца. І гэта было так — «дайце мне кулямёт, дайце мне аўтамат, гранатамёт, хутчэй на задачу». Немагчыма было трэніравацца і сядзець у залі. Былі пастаянныя трэніроўкі. Хацелася хутчэй на баявыя, самому прымаць у гэтым непасрэдны ўдзел.

Цяпер людзі трохі астылі, ніхто не хоча быць кулямётчыкам, усе хочуць быць у штабе начальнікам прынтара. Прынамсі не ўсе, але шмат хто астыў.

Таму што, калі ў цябе чатыры кантузіі, поўны твар аскепкаў, парэзаны ўсе ногі, рукі, калені, у сцёгнах кулі сядзяць, яшчэ нешта, ты разумееш, што яно вось так пралятала, раз, два, тры, чатыры, пяць разоў. Калі ты не мог нешта зрабіць, бо ў цябе рукі ў крыві. 

Калі ты з чалавекам сядзеў, смяяўся, а вось ён з адарванай паловай твару ляжыць. Не ва ўсіх гэта ўкладваецца ў галаве. Не ўсе могуць з гэтым жыць, працягваць у такім рэжыме працаваць. Псіхіка гарыць, і разуменне таго, што вось ты ёсць, і хлоп, у секунду цябе няма. Ці хлоп, і ты без ног».

Баец адзначае, што напярэдадні інтэрв'ю ён атрымаў паведамленне, што адзін з яго сяброў загінуў.

«Я не магу назваць яго імя. Гэта беларус. Чалавек з вялікай літары, які таксама прыехаў сюды ваяваць за Украіну і быў тут з самых першых дзён вайны. А ў мяне яшчэ ў тэлеграме ад яго непрачытаныя паведамленні. Я яму не паспеў адказаць. Чалавека няма, а паведамленні вісяць».

Пра расійскіх палонных

Кавальчук распавядае, што не аднойчы камунікаваў з расійскімі палоннымі. 

«Першыя палонныя распавядалі, што едуць на вучэнні. Пра тое, што яны ва Украіне, даведаліся, толькі калі сюды прыехалі. Яны вымушаны былі абараняцца і нейкую сваю армейскую работу рабіць. І так яны патрапілі ў палон. Яны спрабавалі з сябе зрабіць ахвяру абставін. Быццам бы іх падманулі».

Баец згадвае, што пазней сярод палонных трапляліся ідэйныя расіяне: «У Запарожскай вобласці быў адзін спецназавец. Ён вельмі жорстка з намі размаўляў. І вось ён такі ідэйны, верыць у тое, што ён усё правільна робіць, што ён на сваім месцы, што прыйшоў забіваць нацыстаў, якія нясуць нейкую пагрозу для яго радзімы».

Кавальчук адзначае, што з палоннымі ён вельмі шмат камунікуе. Яму цікава, што ў галаве ў праціўніка, якая ў яго матывацыя:

«Без матывацыі на вайне няма чаго рабіць. Калі твой матор не стукае, калі ў цябе зʼяўляюцца сумневы ў тым, што ты нешта робіш не так, то цябе лёгка разгайдаць, ты пачнеш сумнявацца, у цябе апусцяцца рукі».

Баец звяртае ўвагу на адну асаблівасць матывацыі расійскіх ваенных:

«Кантрактнікі і мобікі — гэта яшчэ адна магчымасць у Расіі выйсці з-за мяжы беднасці. Пры заключэнні кантракта яны атрымліваюць ад 2 да 6 тысяч даляраў аднаразовай выплаты. Гэтыя людзі ніколі не бачылі такіх грошай. Гэта ж можна і машыну купіць. А калі за паўгода не забʼюць, то можна яшчэ што-небудзь купіць, што ты раней не мог дазволіць.

Ты сядзеў з паўтарашкай піва каля падʼезда і наплёўваў сабе возера, а цяпер ты з такімі ж прыдуркамі едзеш «мачыць укропаў» і купіш сабе праз паўгады машыну. І ў іх гэта працуе таксама вельмі моцна. Зразумела, што, трапляючы ў палон, такі чалавек будзе табе распавядаць усё, што заўгодна. Што яго падманулі, што ён бедны і няшчасны мабілізаваны, аўтамат ні разу ў руках не трымаў. Выстраліў тры патроны на палігоне — і вось ён тут.

Да ўсяго, цяпер у Расіі ўтварылася такая ваенная субкультура. Я ведаю такіх людзей, для якіх галоўнае — «ехаць мачыць укропаў» — і без розніцы, нацысты яны ці не. Ім плацяць дзве тысячы баксаў у месяц і ён едзе «мачыць укропаў». Уяўляеш? Людзі проста едуць у іншую краіну забіваць іншых людзей. Нейкі каменны век».

Пра стаўленне да Лукашэнкі

Аляксей Кавальчук прызнаецца, што ў яго вельмі дзіўнае стаўленне да Лукашэнкі:

«Часам ён смешны. <…> Але насамрэч ён такі хітры і вельмі жорсткі дзед. Немагчыма гнуць дзесяць мільёнаў чалавек амаль трыццаць гадоў, не будучы пры гэтым не жорсткім, а вельмі бязлітасным і вельмі суровым чалавекам. Такіх, як Лукашэнка, трэба «біць і плакаць не даваць», як мне ў дзяцінстве казалі.

Я не магу сказаць, што жадаю яму смерці. Я ўжо казаў, што забіваць людзей — дрэнна. Але, на жаль, ёсць такая работа і яе павінен нехта рабіць. Каб нехта гэту работу зрабіў, было б усім лепш і лягчэй».

На пытанне пра тое, што зрабіў бы, каб яму прапанавалі такую работу, Кавальчук адказаў: 

«Я ніколі ў жыцці не ваяваў з няўзброенымі людзьмі. Падчас бою гэта адбываецца натуральным чынам. Я не хацеў бы ліквідаваць чалавека без зброі, які канкрэтна мне не стварае ніякай пагрозы.

Адна справа быць ваенным, а іншая — быць карнікам. Карнікам я бы не змог быць. Але, каб ён хаваўся з калашом у пасадцы, я б з ім з задавальненнем пастраляўся. Каб я ведаў, што ў гэтай пасадцы сядзіць Лукашэнка, я б у гэтую пасадку бег так, што мяне б трымалі капец як».

Каментары16

  • Беларус
    26.11.2023
    Слава беларускім ваярам! Слава Героям!
  • Крокус
    26.11.2023
    Хлопцы, хопіць, вы нам патрэбныя
  • Oni
    26.11.2023
    Прыгожая форма. Нято што ў лукашэнаўскіх абарванцаў і невучаў. Хацеў бы ў такой служыць і каб дзеці мае ў такой служылі. З гербам Пагоня і з Бел-чырвона-белым сцягам. Беражыце сябе хлопцы і абавязкова вяртайцеся ў вольную Беларусь. Нізкі паклон Вам і вялікая падзяка за ўсё што робіце. З самымі найлепшымі пажаданнямі.

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі3

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі

Усе навіны →
Усе навіны

Сілавікі затрымлівалі адміністратарку дваровага чата, якая вярнулася ў Беларусь з Польшчы

Назвалі нобелеўскіх лаўрэатаў па хіміі2

Завочна будуць судзіць вядомага эканаміста Паўла Данейку5

Зборная Літвы па пляжным футболе адмовілася гуляць з беларусамі19

У Гомелі за «распаўсюд экстрэмізму» судзілі загадчыка канцылярыі Гомельскай епархіі1

Гэта прыкра, але хутка зноў пахаладае4

Жанчына тры гады атрымлівала пенсію за памерлага мужа — на яе завялі крымінальную справу4

Віктар Ганчарэнка ўзначаліць расійскі «Ніжні Ноўгарад». Якім будзе яго заробак?4

Беспілотнікі нанеслі ўдар па складзе боепрыпасаў у Карачаве Бранскай вобласці Расіі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі3

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі

Галоўнае
Усе навіны →