Шукаюць інвестара для палаца Гутэн-Чапскіх у Прылуках пад Мінскам
Камітэт дзяржаўнай маёмасці Мінаблвыканкама шукае інвестара для палацава-паркавага комплексу ў Прылуках пад Мінскам. Гаворка ідзе пра палац Гутэн-Чапскіх, парк і гаспадарчыя пабудовы, якія адносяцца да комплексу.
На сайце Камітэта дзяржаўнай маёмасці адзначаецца, што гаворка ідзе пра «аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны, якія не выкарыстоўваюцца», іх плануецца вярнуць у гаспадарчы абарот, і яны чакаюць інвестыцыйных прапаноў.
У спіс аб'ектаў уваходзяць, акрамя палаца, будынкі былых свірна, карэтнай, бровара, двух флігеляў і парку. Цяпер яны належаць розным уласнікам. Сам палац належыць РУП «Інстытут абароны раслін», будынак былой карэтнай знаходзіцца ў падпарадкаванні ГП «Жыллёвік Міншчыны», а астатнія гаспадарчыя пабудовы (у нездавальняючым стане) — на балансе ТАА »Прылукіінвест».
Згодна з пастановай урада №763 ад 13 лістапада 2019 года «Аб уцягванні ў гаспадарчае абарачэнне маёмасці, якая не выкарыстоўваецца і неэфектыўна выкарыстоўваецца», такія аб'екты могуць быць прададзеныя, здадзеныя ў арэнду, перададзеныя ў бязвыплатнае карыстанне, перададзеныя з дзяржаўнай уласнасці ў прыватную на бязвыплатнай аснове.
Прылуцкі ансамбль — адзіны добра захаваны ў раёне. Упершыню ён быў пабудаваны тут Ганнай Агінскай у сярэдзіне XIX стагоддзя, а ў 1868 годзе ён згарэў. Граф Эмерык Гутэн-Чапскі купіў маёнтак у 1871 годзе і адбудаваў новы палац — па ўзоры старога.
Пасля 1917 года тут быў дом адпачынку і санаторый, падчас нямецкай акупацыі — рэзідэнцыя гаўляйтара.
Пры адступленні немцы спалілі палац. Ён быў зноў адбудаваны па ўзоры старога і з 1971 года належыць РУП «Інстытут абароны раслін». Палацавы комплекс з'яўляецца матэрыяльнай нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасцю 2-й катэгорыі.
Каментары