У Баранавічах асудзілі жанчыну, якая «абразіла» Лукашэнку і абвінаваціла яго ў забойстве
У судзе Баранавіцкага раёна і Баранавіч вынесены прысуд індывідуальнай прадпрымальніцы Вользе Казлоўскай, абвінавачанай у абразе Аляксандра Лукашэнкі, спалучанай з абвінавачаннем у асабліва цяжкім злачынстве паводле ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса, піша «Вясна».
Напачатку жанчыне выставілі абвінавачанне па трох складах злачынства:
- ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі);
- ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі, спалучаная з абвінавачаннем у асабліва цяжкім злачынстве);
- арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).
Па матэрыялах абвінавачання, пасля прагляду фотавыявы, размешчанай у публічным доступе ў «Аднакласніках» з замацаваным тэкстам, дзе «ў непрыстойнай форме быў зняважаны гонар і годнасць асобы Лукашэнкі і змешчана абвінавачванне яго ў здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства (забойства)», Казлоўская размясціла фотавыяву на сваёй старонцы ў гэтай жа сацыяльнай сетцы, адкрытай для вольнага прагляду і капіявання неабмежаванаму колу чытачоў.
У судзе Вольга паведаміла, што накіравала ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім прынесла яму свае прабачэнні.
Суд, які адбыўся яшчэ 23 жніўня 2023 года, абвінаваціў жанчыну толькі па ч. 2 арт. 368 КК і прызначыў жанчыне пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін шэсць месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Мабільны тэлефон, як сродак здзяйснення злачынства, канфіскаваны ў даход дзяржавы.
Справу разглядала суддзя Іна Паўлоўская.
Каментары