Паводле прагнозаў спецыялістаў, у Беларусі будуць цыркуляваць вірусы грыпу Н1N1, H3N2.
Па прагнозах эпідэміёлагаў, уздым захворвання на грып у нашай краіне чакаецца ў студзені-лютым 2024 г. Пры гэтым хворнасць будзе вышэйшай, чым летась, калі людзі ў асноўным хварэлі на COVID-19. Пра гэта паведаміў 20 лістапада журналістам намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны доктар Беларусі Аляксандр Тарасенка, пішуць «Мінск-Навіны».
А. Тарасенка заўважыў, што, паводле прагнозаў спецыялістаў, у Беларусі будуць цыркуляваць вірусы грыпу Н1N1, H3N2.
— Дарэчы, гэтыя штамы (Н1N1, H3N2) уваходзяць у склад супрацьгрыпозных вакцын, якімі прышчапляюць дарослых і дзяцей у Беларусі, — адзначыў А.Тарасенка.
Паводле яго слоў, вакцынацыя супраць грыпу ў нашай краіне даступная ва ўсіх абласцях (афіцыйна кампанія па вакцынацыі супраць грыпу ў Беларусі прадоўжыцца да снежня).
— У першую чаргу рэкамендавана зрабіць прышчэпкі дзецям ва ўзросце ад 6 месяцаў да 3 гадоў, асобам старэйшым за 65 гадоў, людзям з хранічнымі захворваннямі, медыцынскім работнікам і работнікам фармацэўтычнай галіны, а таксама пастаяльцам дамоў-інтэрнатаў, — дадаў А. Тарасенка.
У Мінску прышчапіцца супраць грыпу можна ва ўсіх дзіцячых і дарослых паліклініках, а таксама ў буйных прыватных медыцынскіх цэнтрах. Акрамя таго, медыкі выязджаюць у арганізаваныя калектывы, дзе праводзяць вакцынацыю супрацоўнікаў.
Каментары