Жыхары Полацка б'юць трывогу: на камені з'явіліся дзіўныя пацёкі.
Высечаныя на легендарным камені крыж і надпісы «ХС НІКА», што азначае «Хрыстос перамагае», і «Госпадзе, памазі рабу сваему Барысу», змянілі колер, каля іх з'явіліся пацёкі.
У Музеі Сафійскага сабора тлумачаць: гэта не хуліганы, і не з'ява прыроды. Надпіс на камені падмалявалі знарок, «каб было чытэльней».
А гэта нармальна — падмалёўваць помнік? На такое пытанне ў аддзеле культуры Полацкага райвыканкама заявілі, што нічога не чулі пра фарбаванне Барысавага каменя, і абяцалі даслаць на месца спецыяліста, каб ён пабачыў усё на ўласныя вочы.
Барысаў камень унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Таму на любыя дзеянні з ім павінна быць атрымана згода Міністэрства культуры.
Барысавы камяні — унікальныя помнікі ХІІ стагоддзя, манументальны праект полацкага князя Барыса Усяславіча, пры якім былі выбітыя надпісы на вялізных валунах у розных канцах дзяржавы.
З сямі ці дзясяці — даследчыкі спрачаюцца, якія з камянёў адносіць да «Барысавых», — вядомых валуноў захаваліся тры. Рэшту ўзарвалі ў савецкі перыяд. Але і з захаваных адзін не ў Беларусі, а яшчэ ў ХІХ стагоддзі быў вывезены расійскімі каланізатарамі пад Маскву, у Каломенскае. А той другі, які ў Беларусі, у Друі, расколаты.
Той Барысаў камень, які ляжыць каля полацкага Сафійскага сабора, знайшлі ў Дзвіне прыкладна за 5 кіламетраў ад Полацка, насупраць вёскі Падкасцельцы. Першая спроба выцягнуць на бераг валун з палявога шпату, абхват якога каля васьмі метраў, адбылася яшчэ ў 1889 годзе, але была беспаспяховай. У 1981 годзе да ідэі вярнуліся. Камень перанеслі ў адну з першых беларускіх сталіц. Гэта адзін з самых старажытных помнікаў беларускай дзяржаўнасці — просты і велічны адначасова.
Каментары