У мінскіх гатэлях на навагоднія святы ўжо зарэзервавалі пераважную большасць нумароў
У аб'яднанні «Сталічны гандаль і паслугі» расказалі, колькі нумароў забраніравалі турысты ў гатэлях на навагоднія і калядныя святы і ў якую суму абыдзецца банкет.
«Ужо з верасня вядзецца актыўнае рэзерваванне ў нашых гатэлях. Па даных на 16 лістапада, з 30 снежня 2023 года да 7 студзеня 2024 года забраніравана каля 87% нумарнога фонду і каля 90% навагодніх карпаратыўных мерапрыемстваў», — расказалі ў аб'яднанні.
Кошт банкета на адну асобу ў гасцінічных комплексах складае ад 120 да 240 рублёў, у навагоднюю ноч — ад 180 да 450 рублёў.
«Сталічны гандаль і паслугі» аб'ядноўвае 13 гатэляў на 1,9 тыс. нумароў, што складае каля 30% ёмістасці гатэльнага рынку сталіцы. Гатэлі адрозніваюцца па ўзроўні зорнасці і тарыфах.
Раней паведамлялася, што ў топ-5 іншаземных гарадоў, у якія на Новы год збіраюцца выязджаць расіяне, уваходзяць тры беларускія — Мінск, Брэст і Гродна. Можна меркаваць, што і пераважная большасць кліентаў мінскіх гатэляў — менавіта яны.
Каментары