Грамадства1414

Што робіцца за «чорнымі дзвярыма». Скандал вакол бара BackDoor, адкуль сышоў Лявон Халатран

Усяго праз паўгода пасля запуску BackDoor Bar у Варшаве аб сваім сыходзе гучна абвясціў адзін з саўладальнікаў Лявон Халатран. Заадно ён абвінаваціў былых калег у неахайным вядзенні бізнэсу — тыя адказалі сустрэчнымі прэтэнзіямі. Паразмаўлялі з удзельнікамі канфлікту, а таксама з персаналам установы. Высветлілася шмат цікавага.

У маі 2023 года трое беларусаў адкрылі ў Варшаве бар BackDoor Bar. Гэта назва добра знаёмая мінчукам — аднайменны праект доўгі час працаваў у сталіцы. Саўладальнікамі ўстановы сталі Лявон Халатран (былы палітвязень і колішні кіраўнік Ruin Bar y прасторы ОК16), Аляксей Навуменка і Настасся Варабей. Апошнія некалі запускалі BackDoor у Мінску.

Фота: сацсеткі бара

Аднак у такім складзе бар адпрацаваў нядоўга. Усяго праз паўгода пасля запуску праект пакінуў Лявон Халатран. Сёння былыя саўладальнікі абвінавачваюць адно аднаго ў неналежным выкананні абавязкаў. Разабрацца, хто ў гэтай гісторыі мае рацыю, складана — гісторыі былых калег адрозніваюцца.

Як працоўныя прэтэнзіі перараслі ў канфлікт

14 лістапада Лявон Халатран апублікаваў пост, дзе гаварылася аб даўнім канфлікце паміж саўладальнікамі BackDoor і непрымальным стаўленні да персаналу з боку Аляксея Навуменкі і Настассі Варабей.

Настасся і Аляксей — даўнія дзелавыя партнёры. У Мінску, да запуску бара BackDoor, яны валодалі фудтракам. Лявон хоць і чуў пра калегаў, але тую іх установу наведваў рэдка: кажа, што гэта быў «не яго фармат».

Тройца пачала сябраваць ужо ў Варшаве. «Мы сустрэліся ў Польшчы ў лістападзе 2022-га і вырашылі, што паспрабуем разам адкрыць бар. Падумалі, што больш разумна будзе, калі ён стане называцца, як мінскі праект BackDoor — фармат быў больш да яго падобны. Атрымліваецца, што я нібыта далучыўся да іх каманды, хаця, насамрэч, гэта была сумесь двух праектаў», — распавядае Халатран.

У сваю чаргу Настасся Варабей кажа, што да моманту запуску бара ў іх з Аляксеем ужо быў распрацаваны гатовы праект, які не патрабаваў дадатковых інвестыцый, а ў сваім допісе адзначыла, што BackDoor адкрыўся б у любым выпадку — нават без удзелу Лявона.

Саўладальнікі падзялілі абавязкі. Аляксей адказваў за закупы, курыраваў кухню, займаўся дробнымі рамонтамі, замяняў кухара. Паколькі ведаў польскую мову, вёў камунікацыю з неабходнымі інстанцыямі і службамі. Настасся вяла бухгалтэрыю, адказвала за працу з персаналам, займалася складскім і барным улікам. Разам з Лявонам яна дзяліла адміністратарскія змены. Лявон вёў СММ, займаўся дызайнам афіш і меню, вёў сетку мерапрыемстваў. Часам, калі ў бары было шмат наведвальнікаў, Насця і Лявон мылі посуд.

Настасся Варабей, саўладальніца бара. Фота: сацсеткі праекта

Насця падзялілася, што на першых этапах усе трое ўносілі раўназначны ўклад у развіццё бара:

«Па часовых і энергазатратных укладаннях на старце ўсе ўкладваліся раўназначна шмат. Што да матэрыяльных укладанняў, я лічу, што гэта абмяркоўваць неэтычна».

Па словах саўладальніцы, спачатку супрацоўніцтва ішло нармальна і нараканняў да працы Халатрана ў яе не было:

«Першы час [ён працаваў] якасна, як мне падаецца. Але ў далейшым, з асабістых прычын, не здолеў належным чынам выконваць свае абавязкі».

Дзяўчына працягвае: «Пасля таго, як мы сумесна абмеркавалі гэта на сходзе заснавальнікаў, сітуацыя змянілася ў лепшы бок, але толькі на некалькі месяцаў. Пасля чаго мы зноў аказаліся ў сітуацыі, калі Лявон не выконваў сваіх абавязкаў, у чым ён сам прызнаваўся, спасылаючыся на асабістыя абставіны. Я лічу, гэта непрафесійна. Гэта стала пачаткам канфлікту».

Лявон бачыць сітуацыю інакш: «Яны (Настасся і Аляксей) лічылі, што я мала часу надаю бару, занадта расслабляюся, занадта шмат тусуюся. Хаця па факце мая пазіцыя называлася «арт-дырэктар» і ў мае абавязкі ўваходзіла падтрыманне кантакту з гасцямі».

Сітуацыю пагаршала рознае бачанне аддачы ад яго працы:

«Людзям лёгка ацаніць працу, якую бачна: напрыклад, закупкі або гатаванне. Але яны не разумеюць, наколькі складана мець зносіны з вялікай колькасцю людзей, як складана зрабіць круты пост у інстаграме або арганізаваць мерапрыемства».

Халатран прызнае, што паўза ў вечарынках, арганізацыя якіх была яго вотчынай, сапраўды адбылася: «У нас былі квізы і стэндап, але мы сумесным рашэннем адмовіліся ад гэтых актыўнасцяў: квізы занадта ламалі фармат, стэндап быў неналежнага ўзроўню. У нейкі момант правал у мерапрыемствах быў. Але арганізаваць мерапрыемства ці нават курыраваць яго на пляцоўцы — вялікі кавалак працы. Для іх гэта выглядае не так».

Па словах Лявона, незадаволенасць з боку Насці і Аляксея выклікалі і яго занадта шчыльныя зносіны з персаналам. З-за гэтага канфлікт дасягнуў піку — у нейкі момант ён быў вымушаны заступіцца за супрацоўнікаў і пайсці насуперак партнёрам па бізнэсе.

Фота: сацсеткі праекта

Версіі таго, як у BackDoor складалася праца з персаналам, ва ўдзельнікаў канфлікту моцна адрозніваюцца. Таму мы звязаліся з супрацоўнікамі ўстановы — на ўмовах ананімнасці яны пагадзіліся даць каментар. 

Што адбывалася за «чорнымі дзвярыма»

Адносіны паміж персаналам і заснавальнікамі абвастрыліся даўно. Прычынай стала так званая «бясплатная гадзіна»: супрацоўнікі прыходзілі ў бар за гадзіну да працы, каб падрыхтаваць памяшканне да адкрыцця. Яны займаліся прыборкай, выконвалі дробныя даручэнні кіраўніцтва. Пры гэтым час на такую ​​»падрыхтоўку» не аплачваўся: прымаючы людзей на працу, саўладальнікі спасылаліся на тое, што бар толькі запусціўся і ім патрэбна дадатковая дапамога, каб праект мог развівацца далей.

Фота: сацсеткі праекта

Паступова бясплатная праца стала падставай для шматлікіх прыдзірак да персаналу з боку Аляксея і Насці: кіраўнікі былі незадаволеныя якасцю прыборкі і рабілі заўвагі наконт нязначных спазненняў. З гэтай нагоды Аляксей Навуменка сабраў агульны сход каманды, на якім агучыў шэраг прэтэнзій і ўвёў сістэму штрафаў за спазненні.

На нашае пытанне, ці выкарыстоўвалі практыку «бясплатнай гадзіны» ў BackDoor і ці сапраўды існавалі штрафы, Настасся адказала: «Мы сумесна з Лявонам вырашылі, што неабходна ўвесці сістэму штрафаў, але саміх штрафаў так і не было. Бясплатная гадзіна працы для супрацоўнікаў бара — гэта міф». Але гэтае сцвярджэнне разыходзіцца з тым, што кажуць работнікі.

Параіўшыся, супрацоўнікі бара вырашылі агучыць сустрэчныя прэтэнзіі кіраўніцтву — людзі не разумелі, як іх могуць штрафаваць за спазненні ў неаплатны час. Акрамя гэтага, яны зрабілі заўвагу Аляксею — той неаднаразова павышаў голас на падначаленых.

«Калі да нас такая колькасць прэтэнзій, то ўладальнікі таксама мусяць адпавядаць. Нельга прыдзірацца да валанцёрскай працы ў такой колькасці, як гэта рабілі яны».

Супрацоўнікі склікалі сустрэчную нараду, на якой агучылі сутнасць незадаволенасці. Па словах персаналу, падчас сходу Лявон выконваў функцыю «перагаворшчыка» — быў «перакладчыкам» паміж імі і ўладальнікамі.

«Нягледзячы на ​​тое, што афіцыйна за персанал адказвала Настасся, супрацоўнікі звярталіся да Лявона, таму што з ім можна было адэкватна абмеркаваць сітуацыю і вырашыць пытанне», — адзначылі людзі. Па іх словах, яны спрабавалі кантактаваць з Насцяй, але на ўсе прэтэнзіі з боку персаналу яна адказвала: «Вось дзверы. Нешта не падабаецца — вас ніхто тут не трымае».

Зрэшты, работнікі адзначаюць, што падчас напружанай размовы Настасся спрабавала згладжваць вуглы і змякчаць нораў Аляксея. Пра апошняга яны распавялі асобна:

«Лёша дазваляў сабе вельмі шмат. У яго быў канфлікт з барвумен, які ўзнік з ніадкуль. Яна не прыйшла на сход, які Аляксей нечакана захацеў правесці. У дзяўчыны ў той дзень быў выхадны і свае планы, пра што яна папярэдзіла начальства. Аляксей прапанаваў ёй «расставіць прыярытэты і ўсё ж такі з'явіцца». Яна ўльтыматум праігнаравала».

Аляксей Навуменка, саўладальнік бара. Фота: сацсеткі праекта

Пасля гэтага Аляксей стаў пастаянна прыдзірацца да работы дзяўчыны. Мог сарвацца, крычаць. Неўзабаве яе звольнілі:

«Ёй распавялі, што яны з кіраўніцтвам «не сышліся характарамі» і што з-за яе дрэннай працы на другога бармена кладзецца вялікая нагрузка».

Настасся патлумачыла гэтае звальненне так: «Яно звязана з некампетэнтнасцю, безадказнасцю, грубасцю ў зносінах і адсутнасцю жадання навучацца і развівацца».

І ўсё ж дэмарш персаналу аказаўся не марным, хоць і не вырашыў усіх праблем. Бясплатную гадзіну сталі аплачваць, але толькі афіцыянтам, на якіх кладзецца асноўная нагрузка па прыбіранні. Работнікі адзначаюць: «Лёша пайшоў на саступкі з-за Лявона і з-за таго, што Насця таксама спрабавала змякчыць канфлікт».

На думку Насці, бакам удалося прыйсці да кансэнсусу: «Улічваючы, што канфлікт быў двухбаковым, канешне, сама сітуацыя была непрыемнай. Некаторыя прэтэнзіі былі абгрунтаваныя — на іх мы адрэагавалі. І, як мне асабіста падалося, усе засталіся задаволеныя вынікам».

Аднак перапрацоўкі і непаразуменні з Аляксеем засталіся. На пытанне «НН», чаму персанал не звальняецца, калі абставіны істотна не палепшыліся, супрацоўнікі адказалі:

«Частка каманды не можа звольніцца: некаторыя баяцца цяжкасцей з легалізацыяй, некаторыя — цяжкасцей з пошукам новай працы».

Што тычыцца напружаных адносін паміж саўладальнікамі, іх персанал збольшага тлумачыць «рэўнасцю»: па іх словах, Настассі і Аляксею было непрыемна, што ў гасцей бар пачаў асацыявацца непасрэдна з Лявонам. Але работнікі былі ў курсе і іншых прэтэнзій, якія гучалі ў бок Халатрана.

«Тое, што ён мала часу надае бару, гучала адкрыта, што нас усіх здзіўляла. Калі былі змены Лявона, ён выконваў абавязкі адміністратара, працаваў з касай, усё рабіў. Але яшчэ размаўляў з гасцямі, што астатнім саўладальнікам не падабалася. Ён не забіваў на свае абавязкі. Ён усё сумяшчаў і, як нам здаецца, рабіў толькі лепей».

З часам сітуацыя ўнутры калектыву абвастрылася. Стала зразумела, што Лявону давядзецца пакінуць праект. 

«У нейкай ступені мы былі рады за яго, што ён сыходзіць, бо бачылі, як усё дрэнна. Таму што мы можам неяк абмежаваць сябе ад кантактаў з Насцяй і Лёшам, ад іх ціску, а ў яго такой магчымасці не было».

Пытанне грошай і рэпутацыі

Пост Халатрана выклікаў бурныя рэакцыі ў сацсетках. Падпісчыкі актыўна абмяркоўваюць канфлікт і выказваюць здагадкі пра далейшы лёс бара.

Настасся кажа, што допіс Лявона стаў для яе шокам: «Скажу шчыра, суткі плачу: ад неразумення яго жадання публічна знішчыць усё тое, што мы стваралі разам. Я асабіста прапаноўвала дапамогу Лявону ў ягоных далейшых праектах і цешыла сябе думкай, што мы зможам нармальна размаўляць далей. Але яго пост канчаткова забіў надзею на гэта. Цяпер я ўпэўнена, што рашэнне аб спыненні супрацоўніцтва было правільным».

Сам Лявон тлумачыць апублічванне ўнутраных разборак так: «Я напісаў пост таму, што не хацеў вось так пакідаць працоўны бізнэс. Я забіраю свае рэпутацыйныя ўкладанні. Я заўсёды быў гатовы дамовіцца, але ў адносінах да мяне былі прыменены непрымальныя інструменты. Пост быў апошнім варыянтам абароны маіх інтарэсаў».

У сваёй публікацыі Халатран казаў і пра фінансы: «Лёша прапанаваў мне аддаць толькі тыя грошы, якія я ўклаў. Я сказаў, што мяне не задавальняе гэты варыянт, бо ён не ўлічвае вялікія нематэрыяльныя ўкладанні. Я прапанаваў павялічыць адступныя ў два разы. Атрымаў адмову».

Пазней у размове з «Нашай Нівай» ён патлумачыў: «Мне вярнулі першапачатковыя ўкладанні і дакінулі зверху 2 тысячы даляраў. Але я хацеў атрымаць суму значна большую. Нават гэтыя 2 тысячы, што мне ўдалося забраць у выніку, я выбіваў са скандаламі». 

Насця парыруе: «Магу сказаць толькі адно: Лявон зайшоў з адной сумай у бізнэс, а выйшаў з сумай прыкладна на 70% большай за пачатковую».

Аляксей Навуменка напісаў у Facebook адносна сітуацыі: «Сёння я даведаўся, што, аказваецца, я не ўладальнік бара, а ўладальнік — той чувак, які сышоў. І яму я павінен быць удзячны за ўсё самае лепшае, што здарылася ў маім жыцці».

Робячы адсылку да гісторыі канфлікту з камандай, ён іранічна заўважыў: «А панібрацкія адносіны з падначаленымі — гэта добра, бо заўсёды ў радасць, зрабіць за іх іх працу, заплаціць ім пабольш грошай, сябраваць і тусавацца з імі, ды ўрэшце, можна заўсёды запрасіць іх дадому і папрасіць пасядзець іх са сваім дзіцем ці пастрыгчы бараду».

Аляксей у пасце рэзюмуе: «Я хачу сказаць наступнае: усе мы людзі розныя, усе мы гаворым і думаем па-рознаму, у кожнага ёсць сваё ўласнае меркаванне і бачанне будучыні, але ніхто не мае права гаварыць адзіна верную ісціну і пераконваць навакольных у яе выключнасці».

Каментары14

  • Войтэк
    16.11.2023
    Навошта нам пра гэта усе ведаць!?
  • Кеша
    16.11.2023
    Ну часам з армянамi, азербайджанамi дамовiцца прасцей чым з беларусамi, гэта я заўважаў увесь час на рынку. I выбраць дадуць, i ветлiвыя заўсёды, i не пiхаюць порчанае, гэтыя ж паводзяць сябе як бадла, хамы, да такiя ўжо хiтразадыя. Вось у чым канфлiкт.
  • І што нам з таго?
    16.11.2023
    "Ніва", ну хопіць ужо скатвацца на ўзровень эміграцыйнага бюлетэня. 

«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы4

«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы

Усе навіны →
Усе навіны

П'яны беларус у адных трусах напаў на паліцэйскіх на Пхукеце і раскідаў іх ВІДЭА29

Памятаеце Арцёма, які адкрыў махлярскі збор у Польшчы? Ён знайшоўся ў Беларусі. За кратамі

Сірыйскія паўстанцы атрымлівалі і беларускую зброю2

У ноч на чацвер Грозны падвергнуўся нападу беспілотнікаў1

У Ізабеліне аднаўляюць сінагогу, пабудаваную ў часы Вялікага Княства Літоўскага9

Трамп запрасіў Сі Цзіньпіна на сваю інаўгурацыю1

«Буду змагацца да канца». Прэзідэнт Паўднёвай Карэі адхіліў абвінавачванні ў мяцяжы1

32-тонную піўную цыстэрну каля мінскай плошчы Бангалор паднялі ВІДЭА

Камунальнік замяніў на мінскім даху чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы, каб «пажартаваць з апазіцыянераў»4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы4

«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы

Галоўнае
Усе навіны →