На анлайн-платформе Vodblisk з’явіліся адразу дзве працы беларускай рэжысёркі Сашы Кулак. Фільмы называюцца «Хронікі ртуці» і «Саламанка».
Саша Кулак родам з Віцебска, а яе работы паказваюць на многіх міжнародных кінафестывалях, адкуль яны часта з’язджаюць, заваяваўшы ўзнагароды.
«Саламанка» — дакументальная стужка і адна з рэзанансных прац Сашы Кулак, зробленая ў суаўтарстве з Русланам Фядотавым. 40-хвілінны фільм апісвае побыт мексіканскага горада, дзе час нібы замёр 200 гадоў таму — з надыходам менанітаў, прыхільнікаў аднаго з самых строгіх напрамкаў пратэстантызму, чый уклад жыцця ў абшчыне не мяняецца стагоддзямі.
«Хронікі ртуці» — дакументальная стужка, якую Саша здымала ў суаўтарстве з Бэнам Гуэзам у ЗША ў 2016 годзе паралельна з прэзідэнцкімі выбарамі. У стужцы расказваецца пра штодзённае жыццё былой скрыпачкі і таленавітай пісьменніцы Кейт Вудс, яе брата Кэмпа і іх сябра Томі сярод руін закінутага каліфарнійскага шахцёрскага пасёлка, дзе раней здабывалі ртуць.
Доступ да фільмаў можна набыць за 5 даляраў на 30 дзён. 30 дзён будуць адлічвацца з моманту першага прагляду фільма. У гэты прамежак часу глядзець стужку можна любую колькасць разоў. Гледачы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, могуць глядзець гэты фільм і ўсе іншыя з медыятэкі Vodblisk у 2023 годзе задарма.
Vodblisk — анлайн-кінатэатр беларускага кіно, які стварыла каманда кінафестывалю «Паўночнае ззянне», каб гледачы мелі магчымасць адкрываць для сябе сучасныя незалежныя дакументальныя і ігравыя фільмы, зробленыя беларусамі і беларускамі.
Украінскія фільмы, якія пакажуць на кінафестывалі «Паўночнае ззянне»
Фільм «Радзіма» атрымаў намінацыю на Еўрапейскую кінапрэмію
Кінафэст «Паўночнае ззянне» агучыў міжнародную праграму. Вось якія 17 фільмаў пакажуць
Кінафестываль «Паўночнае ззянне» агучыў праграму. Вось што можна будзе паглядзець бясплатна
Каментары