Грамадства33

«Пазнаёміліся па перапісцы, да роспісу ні разу не бачыліся». Як муж палітзняволенай сам апынуўся за кратамі 

Палітзняволеная Віталія Бандарэнка трапіла за краты праз каханне — вярнулася ў Беларусь, каб развітацца з хлопцам перад судом. У калоніі па перапісцы яна пазнаёмілася з іншым і праз год выйшла за яго замуж. Але затрымалі і мужа — адразу пасля спаткання з Віталіяй. «Наша Ніва» расказвае гэту гісторыю.

Віталія Бандарэнка і Анатоль Старасвецкі. Фота: праваабаронцы, сацсеткі

Як дзяўчына з'ехала і нечакана вярнулася

Віталія Бандарэнка цяпер у гомельскай калоніі №4. Яе асудзілі за ўдзел у пратэстах 10 жніўня 2020 года ў Брэсце. Дзяўчыне на той час толькі споўнілася 18 гадоў, гэта былі яе першыя выбары. Падчас акцыі пратэсту, калі на вуліцы яе роднага горада выйшла некалькі тысяч чалавек, яна кінула ў бок міліцыянтаў камяком зямлі, потым — двойчы — камянямі. Ані разу не трапіла. Калі Віталія ішла дадому, яе затрымалі. Некалькі сутак дзяўчына правяла за кратамі, але яе вызвалілі да суда.

Судовы працэс над першымі дзесяццю пратэстоўцамі пачаўся ў сярэдзіне лютага 2021-га, аднак да таго Віталія змагла з'ехаць за мяжу. І нечакана вярнулася, каб развітацца са сваім хлопцам, распавядае цётка дзяўчыны Юлія:

«Я даведалася пра гэта выпадкова: мне патэлефанавала класная кіраўніца старэйшага сына і спытала, чаму ён прапускае школу. Яны з Віталінай — так пляменніцу называлі ўсе родныя, а імя «Віталія» значылася толькі ў дакументах — сябравалі з дзяцінства. Сын не хацеў мне казаць, у чым рэч, але ўрэшце прызнаўся, што Віталіна праз сяброўку зняла кватэру і прыехала развітацца са сваім тагачасным хлопцам, Дзянісам Хазеем.

Яго таксама судзілі па той самай справе, што і Віталіну, ужо ішоў судовы працэс, але хлопец быў непаўналетні, таму заставаўся на волі.

Разам з Дзянісам, сяброўкай і маім сынам пляменніца была на той здымнай кватэры. Я загадала, каб яны зараз жа сыходзілі адтуль, але Віталіна перахавацца не паспела — яе затрымалі ў двары. Гэта было на трэці дзень па яе вяртанні, 1 сакавіка 2021 года».

Стасункі з Дзянісам перапыніліся падчас зняволення

З Дзянісам Хазеем Віталіна пазнаёмілася падчас навучання ў Высокаўскім сельскагаспадарчым каледжы ( Высокае — мястэчка ў Камянецкім раёне, за 45 км ад Брэста). 17-гадовага хлопца асудзілі праз 10 дзён пасля затрымання Віталіі паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) — тры гады калоніі.

Віталію спачатку трымалі ў Брэсцкім ІЧУ, потым перавялі ў следчы ізалятар.

«Перапісвацца Віталіне і Дзянісу не дазвалялі. Дапамагалі сваякі: яна пісала ў лістах да нас некалькі радкоў для Дзяніса, а ўжо мы перапісвалі іх на асобны аркушык і дасылалі яму ў калонію. Падобным чынам была наладжана і зваротная сувязь, але праз нейкі час Віталіна напісала мне, што стасункі з Дзянісам разладзіліся, што яна не бачыць з ім супольнай будучыні. На той час яна была ў вельмі прыгнечаным стане, бо ўжо паўгода была за кратамі.

У Брэсцкім СІЗА яна сядзела разам з Палінай Шарэнда-Панасюк, яна натхняла Віталіну сваёй нязломнасцю. Але ж Віталіне было ўсяго 18, не было ў яе яшчэ столькі маральных сілаў, як у Паліны. Яе часта каралі за непадпарадкаванне, і яна шмат плакала»,

— прыгадвае цётка палітзняволенай.

Былі і іншыя непрыемнасці, кажа Юлія. Прыкладам, аднойчы вярнулася харчовая пасылка, якую дасылалі Віталіі — нібыта яна не мела на яе права. Потым высветлілася, што мела, і пасылку давялося збіраць нанова, бо нейкія прадукты паспелі сапсавацца… Некаторы час ад дзяўчыны не было лістоў, а потым тэлефонны званок дадому, і яна пытаецца ў маці: «Ты ж да мяне заўтра прыедзеш?» Аказалася, ім дазволілі спатканне, а лісты, дзе Віталія пісала пра гэта, да маці не дайшлі.

З будучым мужам пазнаёмілася па перапісцы

«Ён аднекуль даведаўся пра Віталіну і пачаў ёй пісаць, — кажа сваячка пра цяперашняга мужа дзяўчыны. — І гэта былі не проста лісты накшталт «ну, ты там трымайся».

Анатоль знайшоў яе здымкі ў сацыяльных сетках і пачаў сам фатаграфавацца ў тых мясцінах, дзе фатаграфавалася яна. І пісаў, да прыкладу: «Ты пакуль не можаш сюды прыйсці, дык я за цябе прыйду». І дасылаў ёй здымкі, дзе ён у тых самых позах, як яна. Або фатаграфаваў для яе коцікаў — ён ведаў, што Віталіна вельмі іх любіць.

І не проста любіць — яна падбірала хворых кацянят на вуліцы, прыносіла іх дахаты, яны з бабуляй іх даглядалі, лячылі. І Віталіну аднойчы лячылі — падхапіла лішай, але адгаварыць ад «ветэрынарнай дапамогі» так і не змаглі».

Віталія Бандарэнка. Фота: сямейны архіў

На думку родных, будучы муж спадабаўся ёй сваім аптымізмам і ўвагай. «Ёй не патрэбныя былі ад хлопцаў нейкія дарагія падарункі, але яна вельмі цаніла, калі ёй робяць нешта прыемнае», — зазначае спадарыня Юлія.

Анатоль Старасвецкі не толькі перапісваўся з Віталіяй — ён пазнаёміўся з яе мамай (бацька дзяўчыны памёр, калі ёй было 5 гадоў), пасябраваў з яе бабуляй. Ён часта прыязджаў у Брэст, яны разам рыхтавалі перадачы, шмат размаўлялі. Анатоль адразу шчыра расказаў пра свае няпростыя сямейныя акалічнасці — што ён нарадзіўся ў Мінску, што там у яго ёсць сваякі, але сувязяў з імі ён не падтрымлівае ўжо больш за 15 гадоў, што даўно жыве самастойна. Нейкі час працаваў у Расіі, потым вярнуўся ў Беларусь, зарэгістраваўся індывідуальным прадпрымальнікам.

Расказаў і пра тое, што ў 2020 годзе быў аштрафаваны за ўдзел у пратэстах. А пазней, ужо ў 2021-м, трапіў на суткі як былы палітычны: міліцыянты затрымалі яго з улёткамі, але не разабраліся, што гэта была рэклама рамонтных паслуг, бо Аляксей працаваў «майстрам на гадзіну». У пратаколе запісалі, што ён бегаў па двары, крычаў «Жыве Беларусь», свяціў ліхтарыкам у вокны і тым самым заклікаў людзей выйсці на мітынг… Вынік — 15 сутак арышту, страта замоваў ад кліентаў і тыдзень лекавання, бо ў ІЧУ было вельмі халодна, увесь час былі адчынены вокны, а на дварэ — канец сакавіка.

Да роспісу маладыя ні разу не бачылі адно аднаго

Анатоль перапісваўся з Віталіяй каля года. І аднойчы дзяўчына ў тэлефоннай размове сказала, што яны вырашылі распісацца. Маці не пярэчыла: сур'ёзны хлопец, на 10 гадоў старэйшы, самастойны. Не была супраць нават бабуля, хаця яна даўно марыла ўбачыць адзіную ўнучку ў белай вясельнай сукенцы. Маўляў, калі Віталіне так лягчэй, то і няхай распішуцца — за кратамі і так мала радасцяў.

Потым адна з былых сукамерніц распавяла, як усё прайшло.

Не было не толькі ўрачыстага ўбору — нявеста ўвогуле нікому не сказала, што ў яе наперадзе важная падзея. Як звычайна, працавалі на «промцы», прыйшла наглядчыца і кудысьці яе павяла. Калі Віталія праз гадзіну вярнулася, усе адразу заўважылі, што ў яе незвычайна радасны настрой. Але пра тое, што выйшла замуж, сказала толькі адной дзяўчыне, з якой сябравала — па вялікім сакрэце.

«Для яе найбольш цяжка за кратамі, што нельга давяраць людзям. Было некалькі эпізодаў, калі яна падзялілася з сукамерніцай сваімі рэчамі, і іх за гэта пакаралі. Адной дзяўчыне, прыкладам, яна дала запасны стрыжань, бо ў яе скончыўся, а праз паўгадзіны збіралі лісты. Гэта, аказваецца, забаронена. Увогуле Віталіна піша, што ёй цяжка, бо яна вельмі адкрыты чалавек, і вельмі шчыры — кажа, што думае. У турме такім нялёгка. Яшчэ напісала аднойчы: «Калі я буду выходзіць, я буду, напэўна, дрэнна пахнуць. Пацярпіце, калі ласка, я адразу ж памыюся, як толькі траплю дахаты. І запішыце мяне адразу ў цырульню і на манікюр, хачу быць прыгожай». Вось такая Віталіна — з аднаго боку, ужо дарослы чалавек, з другога — зусім яшчэ дзіця», — гаворыць цётка палітзняволенай.

Анатоля затрымалі на ганку турмы пасля спаткання з жонкай

Пра тое, што яе мужа затрымалі 7 верасня, Віталія паведаміла родным у лісце, які яны атрымалі роўна праз два тыдні. Напісала, што яе выклікалі ў адміністрацыю і зачыталі, што яе муж знаходзіцца ў Гомельскім СІЗА. Дзяўчына папрасіла родных, каб сабралі для Анатоля самыя неабходныя рэчы, бо на спатканне ён прыехаў у шортах і майцы, а ў канцы верасня істотна пахаладала.

Родныя Віталіі, для якіх Анатоль Старасвецкі ўжо таксама стаў блізкім, хутка сабралі перадачу. Праз колькі часу атрымалі ад яго ліст з падзякай, але настойлівай просьбай не траціць грошы на перадачы — хлопец пісаў, што больш трэба клапаціцца пра Віталію, а ён даўно прывык абыходзіцца мінімумам.

Прычыны затрымання мужа Віталіі не назвалі. Сам ён у лісце на волю напісаў, што «яны доўга думалі, які артыкул мне даць, і вырашылі, што падыдзе «спрыянне экстрэмізму» (арт. 361-4 КК). У сваякоў Віталіі склалася ўражанне, што гэты ліст некалькі разоў ускрывалі і зноў заклейвалі, і што ён быў не першы, адрасаваны да іх, але ранейшыя не даходзілі.

У чым канкрэтна вінавацяць Анатоля Старасвецкага, застаецца невядомым. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары3

  • No
    13.11.2023
    Сам ён у лісце на волю напісаў, што «яны доўга думалі, які артыкул мне
    даць, і вырашылі, што падыдзе «спрыянне экстрэмізму» (арт. 361-4 КК).
    ----
    Лукашысты-сілавікі зусім хворыя.

    Адна невісць да гэтых істот!
  • ksm
    13.11.2023
    бред,придурок,захотел пиар сделать,пусть его опустят
  • Ныт
    13.11.2023
    ksm, по себе не суди повизгивая из под руzzкого сапога

Коля Лукашэнка сыграў на раялі на «Дні народнага адзінства». Яго тата перад гэтым прыгразіў Трэцяй сусветнай вайной31

Коля Лукашэнка сыграў на раялі на «Дні народнага адзінства». Яго тата перад гэтым прыгразіў Трэцяй сусветнай вайной

Усе навіны →
Усе навіны

Ігар Сігоў: Падыходжу да Лукашэнкі і лаўлю сябе на тым, што хачу сагнуцца4

Айцішнік пасля 3+ гадоў у EPAM стаў афіцыянтам. Працу ў ІТ так і не знайшоў2

ГУР Украіны атакавала расійскую базу беспілотнікаў у Сірыі

Падазраванаму ў замаху на Трампа выставілі абвінавачванне3

Па свеце распаўсюджваецца новы варыянт кавіду ХЕС. Чым ён адрозніваецца ад папярэдніх1

Зляпілі з таго, што ўжо было: пачаў працу новы тэлеканал — «Першы інфармацыйны»7

Рамзан Кадыраў выгуляў па Грозным матацыкл «Мінск»2

«Жыць будзеш, але бабы не захочаш». Як у 1939 Беларусь аб'ядналася39

«Мучымся». Дальнабойшчык расказаў, што ў чарзе на мяжу пад Брэстам стаяць тыднямі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Коля Лукашэнка сыграў на раялі на «Дні народнага адзінства». Яго тата перад гэтым прыгразіў Трэцяй сусветнай вайной31

Коля Лукашэнка сыграў на раялі на «Дні народнага адзінства». Яго тата перад гэтым прыгразіў Трэцяй сусветнай вайной

Галоўнае
Усе навіны →