У следчым ізалятары Варшавы знайшлі павешаным 19-гадовага хлопца, былога палітвязня з Гродна
Былога палітвязня Кірыла Кетурку знайшлі мёртвым 20 кастрычніка ў камеры следчага ізалятара ў Варшаве. Папярэдняя версія следства — суіцыд. Але ў самагубства былога палітвязня з Беларусі вераць не ўсе, піша MOST. На момант смерці Кірылу было 19 год.
У 2022 годзе Кірыла Кетурку адлічылі з каледжа падчас яго зняволення і асудзілі да 2,5 года «хатняй хіміі» за каментары і ўдзел у маршы. Праз год хлопцу хацелі змяніць «хатнюю хімію» на калонію, але ён паспеў зʼехаць з Беларусі.
Пасля ўцёкаў Кірыл жыў у Варшаве. У кастрычніку 2023 года ён знік і перастаў адказваць на паведамленні ў тэлеграме. Першым біць трывогу стаў яго прыяцель, які звязаўся з рэдакцыяй MOST.
— Апошні раз Кірыл быў анлайн 10 кастрычніка. Ніхто не ведаў, дзе ён. І толькі праз 11 дзён ягонай сям'і патэлефанавалі з беларускай амбасады ў Варшаве і паведамілі, што Кірыла знайшлі павешаным у польскай турме. Канешне, усе былі ў шоку і не разумелі, як ён апынуўся ў турме і тым больш павешаным.
Па інфармацыі MOST, Кірыла затрымалі ў Варшаве 10 кастрычніка за махлярства ў інтэрнэце. Крыніца рэдакцыі паведаміла, што былы палітвязень звязаўся з групай ашуканцаў, якая, хутчэй за ўсё, займалася крадзяжом грашовых сродкаў з банкаўскіх рахункаў.
«Наша Ніва» пісала пра затрыманага ў Варшаве беларуса, якога вінавацілі ў махлярстве. Ашуканцы тэлефанавалі палякам і, прадстаўляючыся супрацоўнікамі банка, па вядомай беларусам схеме выманьвалі грошы. Імаверна, гэта была гісторыя Кетуркі.
— Кірыла затрымала паліцыя 10 кастрычніка, а знайшлі яго павешаным праз дзесяць дзён. Ці палохалі яго, невядома. Можа, пагражалі высылкай у Беларусь, куды яму нельга было вяртацца ні ў якім разе. Ён былы палітвязень, збег з «хатняй хіміі», даваў інтэрв'ю экстрэмісцкім медыя.
Ніхто са знаёмых і сяброў Кірыла не верыць, што ён мог сам павесіцца. Ён прайшоў беларускую турму, дзе здзекуюцца з людзей. Яго не зламалі там, і ён выйшаў. І тут рэзка ў варшаўскай турме ён рашаецца на суіцыд. Цяжка паверыць.
Можа, яму дапамаглі гэта зрабіць, каб нічога лішняга не сказаў? Мы нічога не ведаем. Трэба падключаць беларускіх і польскіх праваабаронцаў, праводзіць расследаванне і дабівацца праўды, — лічыць суразмоўца MOST.
Папярэдняя версія следства — суіцыд. Так напісана і ў даведцы, якую перадалі разам з целам у Беларусь.
— У Кірыла няма сваякоў у Польшчы, якія маглі б тут задаць пытанні следству. Эксперты далі выснову, што гэта суіцыд, на целе не было прыкметаў гвалту. Цела змаглі перадаць сваякам пры падтрымцы беларускага пасольства, — гаворыць суразмоўца.
У канцы кастрычніка цела Кірыла перавезлі ў Гродна. Яго пахавалі 2 лістапада ў родным горадзе побач з бацькам.
Каментары