«За два дні да таго званіў брату». Што здарылася з палітвязнем, якога знайшлі мёртвым у Рызе
Цела 52-гадовага палітвязня было знойдзена сёлета 14 верасня ў адным з паркаў Рыгі. За два дні да таго ён размаўляў па тэлефоне з братам і больш на сувязь са сваякамі не выходзіў. 27 верасня родным патэлефанавалі з віцебскай міліцыі і паведамілі пра смерць Вадзіма.

«Сваякам далі кантакты латвійскага следчага, які паведаміў, што смерць не мела крымінальнага характару, а прычынай стала хранічнае захворванне, таксама далі кантакты паліцэйскага ўчастка, дзе захоўваюцца ягоныя асабістыя рэчы. Цела памерлага, пакуль ішло следства, захоўвалі ў моргу.
Сваякі вырашылі, што пахаваць Вадзіма трэба на радзіме. Усе неабходныя дзеянні па дастаўцы цела ў Беларусь і падрыхтоўцы да пахавання ўзяла на сябе латышская фірма Angel, рахунак за паслугі складае 2 500 еўра. Фірма пайшла насустрач сваякам — дазволіла аплаціць рахунак ужо пасля ўсіх рытуальных дзеянняў. Фонд BYSOL абвясціў збор на пакрыццё выдаткаў на рэпатрыацыю», — распавёў віцебскі праваабаронца Павел Левінаў.
Папярэдняя версія прычыны смерці — панкрэатыт.
Вадзім Кавалёў быў асуджаны паводле артыкула 370 Крымінальнага кодэкса (здзек з дзяржаўных сімвалаў) за тое, што сарваў і кінуў пад ногі афіцыйны беларускі сцяг. 9 чэрвеня 2022 года суддзя Кастрычніцкага раёна Віцебска Ілля Белавус даў мужчыну два гады «хатняй хіміі». Але гэтае рашэнне аспрэчыла пракуратура і новы вырак аказаўся больш жорсткім: паўтара года калоніі.
26 жніўня 2022 года Міністэрства ўнутраных спраў унесла прозвішча Кавалёва ў спіс грамадзян, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.
Мужчына вырашыў тэрмінова выехаць з Беларусі, і летась у лістападзе апынуўся ў Латвіі, дзе атрымаў статус уцекача. У Беларусі Вадзім Кавалёў працаваў дальнабойшчыкам і хацеў знайсці такую самую працу ў замежжы. Якраз на 14 верасня яму быў прызначаны экзамен для атрымання правоў кіроўцы.
Пахаваюць мужчыну заўтра ў Оршы.
Каментары