Грамадства55

«Перада мной спыніўся бус і выйшлі два бамбізы». Аператар Ціханоўскага, які застаўся на волі, распавёў пра пераслед каманды

З моманту затрымання блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых іншых чальцоў каманды «Краіна для жыцця» пасля правакацыі на выбарчым пікеце ў Гродне прайшло амаль тры з паловай года. Пасля многіх з іх асудзілі на тэрміны ад 2 да 18 гадоў калоніі. Аднак аднаму чалавеку з каманды «Краіна для жыцця» удалося пазбегнуць крымінальнага пераследу. Гэта адзін з аператараў праекта — Канстанцін Сярогін.

Сяргей Ціханоўскі і Канстанцін Сярогін

Яго затрымлівалі з першым відэааператарам каманды Арцёмам Сакавым на трэці дзень пасля пікета, але ён, у адрозненне ад калегі, здолеў схавацца. Трэці аператар Вяргілій Ушак, які ў першы дзень у камандзе зафіксаваў правакацыю і затрыманне Ціханоўскага ў Гродне, яго паплечнікаў і сябе, пасля двух месяцаў СІЗА пакінуў Беларусь. «Вясна» паразмаўляла з Канстанцінам Сярогіным пра паездкі з Сяргеем Ціханоўскім на аўтадоме ды іх пераслед, затрыманне на кватэры з Арцёмам Сакавым і падпольнае жыццё ў Беларусі да 2021 года.

«Пачалі разумець, што нам ужо небяспечна ездзіць адным»

Канстанцін Сярогін да 2020 года прафесійна займаўся відэаздымкамі — ён атрымаў адпаведную адукацыю ў Акадэміі мастацтваў у Мінску. Менавіта праз відэавытворчасць ён пазнаёміўся з Сяргеем Ціханоўскім.

«У пачатку 2020 года я здымаў відэаблог аднаго бізнэсоўца ў Віцебску, які сутыкнуўся з карупцыяй у судах. Яны запрасілі Сяргея Ціханоўскага на жывы эфір. Так я пазнаёміўся з камандай «Краіны для жыцця», у якой тады быў толькі сам Сяргей і аператар Арцём Сакаў. У той час яны ўжо ездзілі па Беларусі і бралі інтэрв'ю ў беларусаў, якія выказваліся на камеру, што ім не падабаецца ў краіне».

Хлопец далучыўся да Сяргея і Арцёма ў пачатку выбарчай кампаніі вясной — тады яны запісалі серыю інтэрв'ю з прэтэндэнтамі ў кандыдаты ў прэзідэнты.

«Мы наладжвалі святло і эфір. У нас была шматкамерная здымка. Потым я пачаў ездзіць з камандай па ўсёй Беларусі на аўтадоме. Але, па сутнасці, мы паспелі так паездзіць толькі каля трох месяцаў».

Сярогін адзначае, што перш за ўсё ён сышоўся з камандай «Краіна для жыцця» ў палітычных поглядах. Сваю аператарскую працу ён выконваў на валанцёрскіх пачатках.

«Мне было гэта цікава. Я таксама падтрымліваў палітыку змены ўлады. Я верыў, што сапраўды нешта можа змяніцца ў краіне. І я хацеў у гэтым паўдзельнічаць і дапамагчы неяк. Гэтая вера ўва мне жыла нават пасля выбараў. Але надзея стала знікаць, калі пачалі жорстка ламаць усіх. Збіццё, сінія целы… Тады стала зразумела, што ніякіх зменаў не будзе. Я да апошняга стараўся не з'язджаць з краіны. Колькі мог — столькі там і знаходзіўся».

Пры гэтым Канстанцін адзначае, што тыя тры месяцы працы ў камандзе «Краіна для жыцця» ў 2020 годзе заўсёды суправаджаліся пераследамі і запалохваннямі:

Арцём Сакаў, Канстанцін Сярогін і Уладзімір Няронскі. Скрыншот з відэа канала «Слуцк для жыцця»

«Кожную раніцу, калі я стэлефаноўваўся з жонкай, я казаў фразу: «Ксюша, мне здаецца, сёння нас прымуць».

Гэта ўжо стала традыцыяй. І з Сяргеем мы таксама так жартавалі. І калі мы ехалі на нейкія вялікія сустрэчы з падпісантамі, то мы ўжо ведалі, што па дарозе нас будуць сустракаць органы. Нас пастаянна суправаджалі супрацоўнікі міліцыі і вялікая колькасць розных аўтамабіляў. Адразу гэта было не так актыўна. Супрацоўнікі на пачатку стараліся неяк хавацца і весці сваю дзейнасць па сачэнні за намі больш утойліва. Але чым далей — тым больш усё было відавочна і адкрыта.

У нейкі момант мы пачалі ўшчыльную падыходзіць да гэтых шэрых машын, у якіх былі супрацоўнікі спецслужбаў, і здымаць на камеру іх твары. Я памятаю, як падышоў так да аднаго, стаў здымаць яго, а ён зрабіў выгляд, што размаўляе па тэлефоне, хоць на тэлефоне былі карцінкі меню.

Я яму грукаю ў акно, мы на адлегласці 30-40 сантыметраў, а ён робіць выгляд, што мяне не бачыць. Гэта выглядала так па-дурному.

Па Беларусі на аўтадоме мы пачыналі ездзіць утрох, а калі наш рух стаў папулярным, да нас далучаліся падпісанты і гледачы. Ды і ў нейкі момант мы пачалі разумець, што нам ужо небяспечна ездзіць адным. Вось, напрыклад, Саша Арановіч [у далейшым асуджаны да шасці гадоў калоніі]. Гэта просты хлопец-кіроўца. Яго тады кшталту з працы звольнілі ці нешта такое, і ён сказаў: «А я з вамі буду ездзіць!» І ён адразу на сваім аўтамабілі без тэхагляду ўсюды ездзіў. Яго столькі разоў штрафавалі за гэты тэхагляд, што мы проста вырашылі пакінуць гэтую машыну. Так каманда пастаянна расла. І ў тым ліку праз тое, што было проста страшна ездзіць адным».

«Людзі, што давалі нам інтэрв'ю, таксама пачалі трапляць пад рэпрэсіі»

Канстанцін згадвае, у камандзе пастаянна абмяркоўвалі тое, што героі іх відэа таксама трапляюць пад пераслед:

«Памятаю, як адбіралі зямлю ў фермера, звольнілі настаўніка і медыка, які быў незадаволены сістэмай і распавёў пра гэта нам. Людзі, якія давалі нам інтэрв'ю, таксама пачалі трапляць пад рэпрэсіі. Пры гэтым нашы героі заўсёды сустракалі нас вельмі душэўна і цёпла: стараліся накарміць, абагрэць, нават у лазню прапаноўвалі схадзіць.

У гэтай складанай працы такія моманты дапамагалі трохі выдыхнуць і перазарадзіцца. Я цяпер, наколькі гэта магчыма, сачу за героямі нашых ролікаў. Вось, напрыклад, за блогерам Аляксандрам Кабанавым, які здолеў з'ехаць потым…».

«Памятаю, неяк гаварыў з Сяргеем Ціханоўскім, прыблізна ў красавіку, што вось мы ездзім столькі і незразумела, колькі часу нам засталося хадзіць на волі, таму прапанаваў, каб мы з'ездзілі дадому і правялі час са сваімі блізкімі. Мы хацелі заехаць на адзін дзень, але ў выніку Сяргей застаўся на два ці тры дні з роднымі», — з цеплынёй прыгадвае Канстанцін.

Канстанцін Сярогін здымае, як Сяргей Ціханоўскі бярэ інтэрв'ю

Хлопец адзначае, што на той момант — вясна 2020 года — не было размоваў і нават не ўзнікала думак пра тое, каб не давяраць камусьці ў камандзе, або пра тое, што хтосьці з іх можа супрацоўнічаць з органамі:

«Пытанняў да людзей, якія сякуць з пляча праўду, не было. Давер быў да тых людзей, якія былі з намі пастаянна і былі актыўныя. Памятаю, як мы пазнаёміліся з Дзмітрыем Фурманавым і яго дзяўчынай — да іх саміх была ўжо цікавасць з боку органаў, але мы ў іх яшчэ відэа здымалі.

Мне падаецца, калі стала вельмі шмат падпісантаў, якія ездзілі з намі, сярод іх маглі быць тыя, хто так ці інакш быў звязаны з органамі. Але да выбараў, на мой погляд, усё ж імкнуліся прытрымлівацца прававога поля і не выходзіць за яго».

«Супрацоўнікі сышлі на пратэсце, але сачэнне за намі працягнулася»

Сяргей Ціханоўскі з камандай 5 мая 2020 года прызначыў сустрэчу з падпісантамі ў Магілёве. Прыкладна за паўтары гадзіны да сустрэчы аўтадом блогера чарговы раз спынілі, аднак самога Ціханоўскага ў ім не знайшлі. Там былі Аляксандр Арановіч, Арцём Сакаў, Уладзімір Няронскі і Канстанцін Сярогін, які на той момант быў за рулём машыны. Супрацоўнік пырснуў апошняму ў твар пярцовым балончыкам і хацеў затрымаць, але яго адбілі пратэстоўцы. Перад тым, як кіраўніцтва супрацоўнікаў (Канстанцін мяркуе, што гэта быў КДБ) дало каманду сысці, адзін з іх заявіў Канстанціну, што «ўзяў яго на аловак».

«У нас тады атрымалася сысці. Пасля гэтага мы паехалі да «Маці-328», дзе і засталіся начаваць. Там мы сустрэліся з блогерамі Сяргеем Пятрухіным, Уладзімірам Цыгановічам і Аляксандрам Кабанавым. Адтуль я з'ехаў каля сямі раніцы, а літаральна праз паўтары-дзве гадзіны да хлопцаў прыехалі.

Атрымліваецца, пасля гэтага стрыму ў Магілёве супрацоўнікі сышлі канкрэтна на пратэсце, але сачэнне за намі працягнулася. Яны ведалі, дзе мы знаходзімся, і раніцай прыйшлі па нас. Тады і разграмілі аўтадом з АМАПам, і яго забраў гаспадар. Я ўжо не памятаю, што тады з хлопцамі было, але, па-мойму, іх затрымалі».

На наступны дзень затрымалі ютуб-блогера Сяргея Ціханоўскага на аб'язной дарозе каля Магілёва. Канстанціна затрымалі 8 мая 2020 года:

«Я стаяў на святлафоры, перада мной спыніўся бус, з якога выйшлі два бамбізы. Я тады нават ім не супраціўляўся, бо мяне проста б пераламалі. У РАУС мяне завезлі на падлозе буса. Там мяне супрацоўнікі ў форме хакі збілі і далі падпісаць пратакол.

Я папрасіў пачытаць, але атрымаў ззаду па рэбрах і нырках каленам так, што мачыўся два месяцы крывёю. Пасля гэтага даставілі ў ІЧУ Магілёва, дзе я паскардзіўся на здароўе. Да мяне прыехала хуткая. У мяне быў такі стан, было відаць, што мяне «паштурхалі». Акрамя гэтага, у мяне западозрылі COVID-19. Зноў жа, мне пашанцавала, і мяне забралі ў лякарню».

Супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС склаў пратакол па артыкуле 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі) за тое, што Канстанціна каля сотні магілёўцаў здолелі адбіць у міліцыянтаў у Магілёве.

З 9 па 13 мая Сярогін правёў у Магілёўскай «лаўсанаўскай» лякарні № 1. Канстанцін ляжаў у шпіталі пад пільным кантролем канвою. Пасля выпіскі супрацоўнікі адразу ж павезлі яго ў суд, дзе за 15 хвілін прызначылі трое сутак.

«Усё, хлопцы, працуе АМАП»

29 мая 2020 года Канстанцін з камандай таксама быў на плошчы ў Гродне, дзе быў пікет Святланы Ціханоўскай па зборы подпісаў. Аднак яму з Арцёмам Сакавым адразу ўдалося пазбегнуць затрымання.

«Ну і тады атрымаўся цікавы збег абставінаў. Калі адбылася правакацыя з жанчынай і міліцыянтам, які паваліўся, і пачаліся затрыманні, мы з Арцёмам адышлі на другі бок вуліцы ў краму за вадзічкай. Калі мы вярталіся, то ўбачылі Сяргея, які крыкнуў: «Усё, хлопцы, працуе АМАП». У гэты час я проста штурхнуў Арцёма за кусты, таму што ўсіх пачалі круціць.

Было вельмі шмат міліцыі вакол і было вельмі жорстка. У нас атрымалася схавацца за кустамі, і мы выпалі з гэтай усёй мітусні. Потым мы хутка заскочылі ў выпадковую гарадскую маршрутку. За намі забег нейкі мужчына ў цывільным — мы адразу з Арцёмам зразумелі, што гэта чалавек са структуры. Мы кіроўцу сказалі: «Давай-давай паехалі!»

Вельмі не пашанцавала хлопцу — Вяргілію Ушаку, — якога затрымалі ў першы дзень у нашай камандзе. Ён таксама хацеў быць аператарам з намі, але ўсё так склалася… У нас былі стрымы з камеры на канал «Краіна для жыцця» і на канал «Belarus12Stop» праз тэлефон — на выпадак, калі нас пачнуць затрымліваць, каб гэта было можна ўбачыць у жывым эфіры. Так яно і адбылося. Я з ім паспеў толькі павітацца. Памятаю, у яго былі чаравікі вялізнага памеру і ён трохі недарэчна выглядаў, таму запомніў яго.

«Мы адзіныя з нашай каманды, хто застаўся на волі»

Так мы з'ехалі на маршрутцы з той плошчы.

Але нам трэба было яшчэ сысці ад гэтага супрацоўніка ў маршрутцы. Мы зрабілі выгляд, што прапусцілі наш прыпынак, і папрасілі спыніцца на абочыне. Так гэты супрацоўнік з'ехаў далей.

Мы выцягнулі сімкі і праз двары дабіраліся на кватэру знаёмай Арцёма. Мы ішлі туды некалькі гадзін. Але мы праходзілі праз запраўку, на якой былі камеры відэаназірання. Так, напэўна, яны вылічылі наша месцазнаходжанне. На першым паверсе нашага пад'езда таксама вісела камера. Праз некаторы час супрацоўнікі ўжо ведалі, у якім доме Гродна мы знаходзімся, але не ведалі, у якой менавіта кватэры. Выхадныя мы адседзеліся на гэтай кватэры.

У інтэрнэце мы прачыталі, што ўсіх затрымалі, і зразумелі, што мы адзіныя з нашай каманды, хто застаўся на волі. З сабой у нас былі нейкія вінчэстары і выбарчыя спісы з подпісамі людзей. Мы ведалі, што вакол дома дзяжураць супрацоўнікі — увесь дом праглядаўся. Яны хадзілі званілі па кватэрах, але мы не адкрылі. Я прапаноўваў проста па-тупому выйсці і пабегчы, але нас так бы адразу затрымалі».

Канстанцін Сярогін здымае Сяргея Ціханоўскага ў Гродне. Скрыншот з жывой трансляцыі «Радыё Свабода»

Канстанцін згадвае, што ў нядзелю ўвечары 31 мая супрацоўнікі прыйшлі ў кватэру з гаспадаром, які адчыніў дзверы сваім ключом. Яго з Арцёмам Сакавым затрымалі.

«Мы з Арцёмам ведалі, што за намі прыйдуць, таму ўжо стаялі апранутыя, сабралі з сабой зубную шчотку і перакус. Супрацоўнікі трошкі ачмурэлі ад гэтага. Нас адразу вывелі з кватэры і павезлі ў пастарунак [Канстанцін не запомніў, у які менавіта РАУС яго даставілі].

У аддзяленні нас з Арцёмам падзялілі. Мяне пратрымалі ноч. Я зразумеў у той момант: ці цяпер я буду дзейнічаць, ці паеду далей, так бы мовіць. Я досыць агрэсіўна пачаў пытацца ў іх, чаму я затрыманы, што мне ставіцца ў віну, чаму не складаюць пратакол і г. д. Аднаго супрацоўніка так давёў, што ён ледзь не пачаў за сваю табельную зброю хапацца. У адзін момант ён сказаў: «Зараз прыйду» — і выйшаў з кабінета. Замест яго прыйшоў іншы супрацоўнік — клерк папяровы, які перакладаў дакументы і сядзеў у камп'ютары. Я пачаў яго тым жа шляхам «наколваць», але там я ўжо патрабаваў, каб мяне адвялі да начальніка.

У выніку мяне адвялі да нейкага начальніка. Я думаю, што за кошт таго, што мяне перадавалі ад супрацоўніка да супрацоўніка, праз што наступны нават не ведаў, хто я такі і чаму затрыманы, і іх мэтай былі выбарчыя спісы, то яны не ведалі, што са мной рабіць. Мяне проста трымалі, а я пачаў патрабаваць адпусціць мяне. Потым я дадаў, што калі яны цяпер не складуць пратакол ці не скажуць, за што я затрыманы, то я проста ўстану і пайду. Калі я рэальна ўзняўся, то вы б бачылі твар гэтага супрацоўніка. І ў мяне неяк так атрымалася, што яны мяне рэальна адпусцілі. Мае дзеянні неяк усё ж такі спрацавалі.

Калі я раніцай сыходзіў, то ўбачыў Арцёма апошні раз на волі — ён сядзеў на другім паверсе. Як толькі я выйшаў з участка, то растварыўся куляй. Я быў без грошай, тэлефона і дакументаў. Я ўгаварыў маршрутчыка завезці мяне ў Мінск. Пасля гэтага дастаткова доўга хаваўся.

Мне здаецца, што мэтай былі спісы, таму мне гэта сыграла на руку таксама. Але, калі шчыра, то я дагэтуль не разумею, як я адтуль выбраўся. Гэта нейкі сюр. Напэўна, мяне бог убярог».

«Мяне адразу б затрымалі ў час перасячэння мяжы»

Пасля гэтага, як распавядае Канстанцін, яго шукаў участковы і прасіў прыйсці для дачы паказанняў па невядомай справе. Да кастрычніка 2021 года Канстанцін заставаўся ў Беларусі, пры гэтым стараўся яшчэ здымаць відэа для беларускіх выканаўцаў, пра палітвязняў:

«Я зразумеў, што гэта званочак, таму памяняў тэлефон і кватэру. Потым пачалі прыходзіць да маёй цешчы: то выклікалі мяне для дачы нейкіх паказанняў, то суткі даседжваць. Але ў гэты час я паспеў зняць фільм «Беларус» пра тады яшчэ палітвязня Аляксея Кудзіна.

Калі ў Магілёве мяне адбіваў натоўп пратэстоўцаў, то супрацоўнік сказаў: «Сярогін, я цябе запомніў і «ўзяў на аловак», паплацішся за гэта». Гэта была наўпроставая пагроза. Ён не назваўся, але я разумеў, што гэта камітэтчык [супрацоўнік КДБ].

І гэта мне потым сапраўды адгукнулася, бо яны маюць карані ва ўсіх галінах сістэмы. У майго дзіцяці былі праблемы са здароўем. У бараўлянскім шпіталі яму хацелі зрабіць хіміятэрапію без дыягназу. Сказалі, што хочуць паглядзець, як будзе сябе паводзіць выяўленая пухліна. Пры гэтым пагражалі пазбаўленнем бацькоўскіх правоў, калі мы адмовімся ад аперацыі, хоць гэта было нашым правам. Тым больш, яны хацелі зрабіць гэта без афіцыйна пастаўленага дыягназу. Я зразумеў, што гэта ўсё не проста так. Гэта ўсё складана, але мне не давалі магчымасці лекаваць дзіця.

Быў час, калі я ў хлопцаў у вёсцы жыў чатыры месяцы. Нават быў выпадак, калі я быў у цешчы ў глухой вёсцы, дзе нават дарогі не чысцяць, прыехала патрульная машына. Мабыць, па сігнале тэлефона ўбачылі. Я тады ўцёк у лес. Яны спыталі ў жонкі, дзе шукаць мяне, але яна адказала, што я нібыта з'ехаў у Мінск і пакінуў тэлефон.

Вось тады я ўжо зразумеў, што ў мяне вялікія праблемы з органамі. Але апошняй кропляй стала тое, што быў пачаты працэс па пазбаўленні бацькоўскіх правоў з-за адмовы ад аперацыі без дыягназу.

Канстанцін са сваім сынам

Вырашыў, што трэба выбірацца з Беларусі з сям'ёй. Мы доўга шукалі, як выехаць, таму што афіцыйна гэта немагчыма было зрабіць — мяне адразу б затрымалі пры перасячэнні мяжы. Мы знайшлі чалавека, які дапамог нам перабрацца ва Украіну ў кастрычніку 2021 года. Праз тыдзень пасля гэтага цешчу пачалі наведваць супрацоўнікі і шукаць мяне. Пасля выезду да мяне паўсталі нейкія пытанні ў падатковай, хоць да гэтага ўсё было добра. І да гэтага часу працягваюцца званкі, візіты людзей у цывільным, нейкія позвы. Я нават не ведаю, якая структура і з якой нагоды мяне выклікае».

Цяпер Канстанцін Сярогін знаходзіцца з сям'ёй у адной з бяспечных краін Еўрапейскага саюза.

Каментары5

  • /
    05.11.2023
    а откуда название "страна для жизни"? откуда белые ленточки?

    спойлер - они были до 2020 года
  • \
    06.11.2023
    мой быушы микра-шэу
    с его слов
    ходил на все митинги, убегал от омона (а ему больше лет, чем мне. не суть) прятался в подъздах, сидел и все такое...

    но )
    как минимум 3 раза после того слетал за разный океан... тадададам

    как жэ так?)
  • макака
    06.11.2023
    если кто-то думает, что в русских есть какой-то элемент культуры
    нет
    нет в них никакого элемента культуры

    как в прочем и в любом другом народе

Шахеды пачалі адзін за адным збівацца з курсу і вяртацца ў Беларусь. Сёння з-за беспілотніка зноў паднялі баявую авіяцыю

Шахеды пачалі адзін за адным збівацца з курсу і вяртацца ў Беларусь. Сёння з-за беспілотніка зноў паднялі баявую авіяцыю

Усе навіны →
Усе навіны

Вячорка: Лукашэнка абвесціць дату сваіх выбараў, толькі калі скончацца амерыканскія5

Памёр мастак Валерый Чайка. Ён афармляў мінскае метро

Зяленскі пра заяву Буданава пра наступ Расіі з поўначы: Яго не так зразумелі1

Ральф Шумахер здзейсніў камінг-аўт16

Якімі будуць выбары 2025 года? Разважаюць Вячорка, Латушка і Шрайбман51

Як выглядае чарга па ваду ў Мазыры6

Яшчэ адна ахвяра ўрагану: у Светлагорску дрэва забіла 90-гадовага мужчыну

Украінцаў спыталі, ці прыйшоў час пачынаць перамовы з Расіяй — вынікі сацапытання1

«Паспелі развітацца з жыццём». Відавочцы расказалі пра смяротны ўраган на Вілейскім вадасховішчы5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Шахеды пачалі адзін за адным збівацца з курсу і вяртацца ў Беларусь. Сёння з-за беспілотніка зноў паднялі баявую авіяцыю

Шахеды пачалі адзін за адным збівацца з курсу і вяртацца ў Беларусь. Сёння з-за беспілотніка зноў паднялі баявую авіяцыю

Галоўнае
Усе навіны →