Хімікі прэзентавалі самую гладкую водаадпорную паверхню
Адкрыццё мае патэнцыял для розных галін прамысловасці, у тым ліку для стварэння самаачышчальных паверхняў і незамярзаючага шкла для аўтамабіляў.
Даследчая група з Фінляндыі пад кіраўніцтвам Сакары Лепіка (Sakari Lepikko) з Aalto University распрацавала рэактар для стварэння паверхняў, якія называюцца самазборнымі манапластамі (або SAM). Гэтыя манапласты маюць паверхню, падобную да вадкасці, якая ўтвараецца з пластоў малекул, кавалентна звязаных з кавалкам крэмніевага матэрыялу (прыкладна гэтак жа малекулы вадкасці ўтрымліваюцца разам). Вынікі працы даследчыкаў былі апублікаваныя ў канцы кастрычніка ў Nature Chemistry.
Гэта значна памяншае трэнне паверхні, дазваляючы кроплям вады лёгка саслізгваць з яе. Даследчыкі называюць гэты вытворчы працэс першым у сваім родзе. «Наша праца — гэта першы раз, калі хто-небудзь перайшоў непасрэдна да нанаметровага ўзроўню для стварэння малекулярна гетэрагенных паверхняў», — перадае словы кіраўніка даследавання Gizmodo.
Як кажуць самі навукоўцы, галоўная праблема пакрыцця SAM у тым, што яно вельмі тонкае — і таму лёгка рассейваецца пасля фізічнага кантакту. Даследчыкі ўпэўненыя, аднак, што далейшае вывучэнне SAM прынясе фундаментальныя навуковыя веды, на аснове якіх будуць створаныя прадукты працяглага карыстання.
Лепіка і яго калегі стварылі SAM, выкарыстоўваючы спецыяльны рэактар для асаджэння пары — машыну, якая наносіць тонкія пласты матэрыялаў на паверхні шляхам кандэнсацыі выпаранага матэрыялу. У гэтым выпадку працэс уключаў апырскванне паверхні крэмнію хімічным рэчывам, вядомым як octyltrichlorosilane, каб стварыць паверхню, падобную да вадкасці. Змяняючы колькасць часу, на працягу якога крамянёвы матэрыял знаходзіўся ў рэактары, даследчыкі маглі зрабіць SAM больш альбо менш слізкім.
Вывучэнне спосабаў зрабіць паверхню больш слізкай можа падацца дзіўным заняткам, але гэтае даследаванне мае шмат практычных сфер для ўжывання. У 2016 годзе даследчая група з Pennsylvania State University стварыла пакрыццё таўшчынёй 2,5 мікрона, натхнёнае васковым налётам на раслінах, якое дазваляе такім густым вадкасцям, як кетчуп і гарчыца, саслізгваць з паверхні.
Лепіка адзначае, што даследаванні яго каманды таксама маюць практычныя ўласцівасці і ў перспектыве могуць прывесці да стварэння паверхняў з эфектамі антыабледзянення і антызапацявання, а таксама самаачышчальных паверхняў.
Каментары