Грамадства3939

«Каля 60% заняткаў ідзе па-расейску, 2% — па-беларуску». Спыталі рэктара ЕГУ пра харасмент, стыпендыі і дэмакратыю

Сем месяцаў таму Кшыштаф Рыбіньскі, былы віцэ-прэзідэнт Нацбанка Польшчы, узначаліў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Эканаміст з багатым рэктарскім досведам распачаў ва ўніверсітэце рэформы, але і сутыкнуўся са скандалам — у харасменце абвінавацілі аднаго з выкладчыкаў. Мы пагутарылі з Рыбіньскім пра сітуацыю ў ЕГУ.

«Казахскае Мінадукацыі друкавала вялікія постары з маім тварам»

«Наша Ніва»: Вы ўжо сем месяцаў на пасадзе рэктара ЕГУ. Што лічыце сваімі галоўнымі дасягненнямі за гэты час?

Кшыштаф Рыбіньскі: У ВНУ вынікі працы бачныя не праз пару месяцаў, а праз пару гадоў.

Тым не менш, ёсць некалькі вельмі вялікіх і важных для ВНУ праектаў, якія атрымалася паскорыць. Яны ідуць паспяхова, і я спадзяюся, што мы іх запусцім афіцыйна і з вялікім бюджэтам цягам пары месяцаў.

Напрыклад, гэта Distance Learning Hub — праект, які мы робім сумесна са шматлікімі беларускімі НДА. Мы ствараем пляцоўку для правядзення анлайн-курсаў на беларускай мове па тэмах, патрэбных беларускаму грамадству. Гэта праект з вялікім еўрапейскім бюджэтам, і ён складаны, бо для яго патрэбная каардынацыя шматлікіх партнёраў ЕГУ. 

Сумесна з інстытутам BEROC мы запускаем праграму па эканоміцы і бізнэсе, цяпер яна праходзіць акрэдытацыю. Спадзяюся, першы набор студэнтаў будзе ў наступным годзе.

Унутры ВНУ ёсць вялікія змены, якія мусяць палепшыць тое, як мы працуем. Мадыфікуем працэсы, змяняем сістэму кіравання ўніверсітэтам, паляпшаем супрацоўніцтва паміж адміністрацыяй і выкладчыкамі, пераглядаюцца і лепшаюць акадэмічныя праграмы. Расце колькасць навуковых артыкулаў, і мы ствараем механізмы, каб гэтых артыкулаў было яшчэ больш, а з імі звязаны прэстыж універсітэта.

Студэнты з Беларусі не могуць цалкам аплочваць навучанне, патрэбныя стыпендыі. Таму мы прыцягнулі новых донараў, вярнуліся тыя, што былі раней. Гэта паказчык, што донары вельмі задаволеныя зменамі ва ўніверсітэце і гатовыя ўкладаць у яго болей грошаў.

«НН»: Ці маеце вы стыпендыі для студэнтаў з Беларусі, якія перажылі палітычныя рэпрэсіі?

КР: Так. У нас сем катэгорый стыпендый, у тым ліку і для тых студэнтаў, хто трапіў пад пераслед у Беларусі. Таксама ёсць стыпендыі для студэнтаў, якія былі вымушаныя выехаць з Украіны. 

«НН»: Як па-вашаму, чаму вас выбралі рэктарам ЕГУ?

КР: Гэта пытанне не да мяне, але маю некалькі здагадак.

Я працаваў рэктарам у двух універсітэтах, у Польшчы і Казахстане. У абодвух выпадках я разам з маёй камандай укараняў вельмі глыбокія рэформы, якія цягам пары гадоў прынеслі станоўчыя вынікі. Напрыклад, у Польшчы я кіраваў універсітэтам «Вістула», і ён за тры гады скокнуў у польскіх рэйтынгах з 55 на 5 месца, цяпер там вучацца студэнты са ста краін свету. 

У Казахстане я мусіў знішчыць карупцыю ва ўніверсітэце, бо ў шмат якіх ВНУ Цэнтральнай Азіі карупцыя — вялікая праблема. Гэта ўдалося. Казахскае Мінадукацыі друкавала за дзяржаўныя грошы вялікія постары з маім тварам і надпісам «можна стварыць ВНУ без карупцыі», і іх можна было пабачыць амаль што ва ўсіх гарадах Казахстана.

Так што, напэўна, [калі мяне выбіралі,] улічылі гісторыю паспяховых рэформаў, якія я ладзіў з камандай у двух універсітэтах, і тое, што я ведаю рускую мову, бо ў ЕГУ гэта важна.

Я прайшоў сем сумоўяў — багата дзе працаваў у жыцці, але ніколі раней не праходзіў сем сумоўяў на адну пасаду.

«НН»: ЕГУ, у які вы прыйшлі, таксама заслугоўваў глыбокіх рэформаў?

КР: Так.

ЕГУ — гэта ўніверсітэт з асаблівым статусам. Як і ў іншых ВНУ, ён мае місію даваць якасную адукацыю, але ЕГУ таксама мусіць спрыяць развіццю грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, як і ў рэгіёне ў цэлым, праз якасную адукацыю міжнароднага ўзроўню. Універсітэт не працаваў па гэтай місіі так, як мусіў. Для гэтага шмат было зроблена, але ёсць яшчэ багата чаго рабіць.

Прыклад — супрацоўніцтва ЕГУ з беларускімі НДА не было такім цесным, як мусіла быць. Таксама трэба змяняць шматлікія ўнутраныя працэсы, тут адбываліся розныя канфлікты, якія не дапамагаюць камандзе ЕГУ добра працаваць.

«НН»: ЕГУ — гэта беларускі ўніверсітэт у выгнанні ці літоўскі прыватны ўніверсітэт, які арыентуецца на Усходнюю Еўропу?

КР: ЕГУ з’яўляецца беларускім універсітэтам у выгнанні, у Літве нават ёсць закон, які пацвярджае асаблівы статус ЕГУ. Але ўніверсітэт знаходзіцца ў Літве, якая ўваходзіць у Еўрасаюз, таму мы працуем па стандартах вышэйшай адукацыі Еўрасаюза і заходніх стандартах у цэлым. У гэтай сітуацыі мы спрабуем стварыць асяроддзе, у якім улічвалася б і тое, што мы — беларуская ВНУ ў выгнанні, і тое, што мы знаходзімся не ў Беларусі, дзе працуюць па зусім іншых стандартах.

ЕГУ — адна з самых дэмакратычных ВНУ ў свеце. Тут студэнты ўдзельнічаюць у працы ўсіх камісій, усіх камітэтаў, такое нават на Захадзе не заўсёды бывае. Ёсць камісіі, дзе падчас галасавання і студэнт, і рэктар маюць па адным голасе. Гэта паказчык, што мы працуем па прынцыпах дэмакратыі, адкрытасці і празрыстасці.

«НН»: Возьмем, для прыкладу, Сенат ЕГУ. На колькі працэнтаў ён складаецца са студэнтаў?

КР: У нас ёсць выбары ў члены Студэнцкага саюза, і потым саюз прадстаўляе студэнтаў ва ўсіх органах універсітэта. Калі казаць пра Сенат, там, наколькі памятаю, 15 членаў, з іх трое студэнтаў. Ёсць прапановы павялічыць склад Сената. 

«НН»: Ці вы плануеце неяк змяняць падыход да падбору кадраў?

КР: Так, мы будзем змяняць сістэму KPI. Адзін з прыкладаў — мы дагэтуль недастаткова ўлічвалі меркаванне студэнтаў пра якасць выкладання. Так што будзем больш глядзець на фідбэк ад студэнтаў, які паступае пасля кожнага курса, нам патрэбныя добрыя выкладчыкі.

«НН»: Вы супрацоўнічаеце з універсітэтамі з іншых краін?

КР: Гэтага ў нас таксама недастаткова. Мы палепшылі фінансавую падтрымку ўніверсітэцкіх навуковых праектаў, у тым ліку звязаных з міжнародным супрацоўніцтвам. Стварылі для гэтага фонд развіцця памерам 150 тысяч еўра, адкуль будзем на конкурснай аснове выдзяляць грошы на даследніцкія і іншыя праекты. 

Я нядаўна вярнуўся з паездкі ў ЗША — трыццаць сустрэч за амаль што два тыдні, у тым ліку сустрэчы з прадстаўнікамі вельмі прэстыжных навукова-даследніцкіх інстытутаў, якія займаюцца нашым рэгіёнам, напрыклад, Джорджтаўнскі і Ельскі ўніверсітэты. Цяпер лістуемся з імі і распрацоўваем сумесныя праекты.

«НН»: Наколькі цесна ў вашай працы вы камунікуеце з заснавальнікам ЕГУ і аўтарытэтнай для ВНУ фігурай Анатолем Міхайлавым?

КР: Мы часам сустракаемся. Перад паездкай у ЗША я цікавіўся яго меркаваннем, з кім варта сустрэцца, бо ў яго добрыя сувязі, які наратыў працуе, каб прыцягваць донараў з ЗША ў ВНУ. Бо раней мы мелі вельмі шмат амерыканскіх донараў, потым у нейкі час яны перасталі падтрымліваць універсітэт.

«НН»: Ці былі вы з ім знаёмыя да таго, як занялі гэтую пасаду?

КР: Не.

«Разбіральніцтва ў тым, што адбывалася, мусіла пачацца нашмат раней»

«НН»: На якой стадыі цяпер знаходзіцца расследаванне гісторыі Сяргея Сялецкага — выкладчыка ЕГУ, якога студэнткі абвінавацілі ў харасменце?

КР: Пасля таго, як з’явіўся артыкул пра нашага выкладчыка і патэнцыйныя выпадкі харасменту і гвалту ў мінулым, мы стварылі спецыяльную камісію. Яна складаецца з прадстаўнікоў менеджменту ВНУ, адміністрацыі, а таксама выкладчыкаў і студэнтаў — калі я правільна памятаю, усяго 14 чалавек. Камісія разглядае абвінавачванні ў бок выкладчыка. Жанчыны, узгаданыя ў артыкуле kyky.org пра гэтую гісторыю, патрабавалі, каб [у працы] ўдзельнічалі незалежныя эксперты, таму мы стварылі яшчэ і групу з такіх экспертаў, не звязаных з ЕГУ. Там ёсць эксперт па праве, які працуе з мобінгам, харасментам і гвалтам, псіхолаг, прадстаўнік Рады студэнтаў Літвы і яшчэ адзін эксперт. Яны будуць працаваць з kyky.org і паспрабуюць даведацца ад жанчын, узгаданых у артыкуле, іх гісторыі. Нам патрэбныя факты і доказы, і пры гэтым трэба захаваць ананімнасць гэтых жанчын, стварыць для іх камфортнае асяроддзе, каб яны маглі расказаць, што адбылося.

На аснове гэтай інфармацыі эксперты падрыхтуюць справаздачу для камісіі, камісія яе абмяркуе і зможа даць рэкамендацыі рэктару, тады рэктар прыме рашэнне наконт гэтага выкладчыка. Магчымыя розныя рашэнні, яны прапісаныя ў нашых унутраных правілах і звязаныя з Працоўным кодэксам Літвы, недзе ў лістападзе гэтае рашэнне мусіць быць прынятае.

Таксама пытанне ў тым, як у нас працуе механізм супрацьдзеяння харасменту і іншым парушэнням этычнага кодэксу. Перагледзім усе адпаведныя працэдуры, склад нашай камісіі па этыцы і рэгламент яе працы, зробім неабходныя змены.

Прыцягнем экспертаў, каб патлумачыць нашым супрацоўнікам, выкладчыкам і студэнтам, што такое харасмент. Магчыма, не ўсе разумеюць, што пэўныя паводзіны могуць быць успрынятыя як гвалт і харасмент, таму раскажам пра гэта. І будзем працаваць над правільнай камунікацыяй унутры ВНУ і за яго межамі, данасіць да ўсіх супрацоўнікаў і студэнтаў ЕГУ, а таксама да ўсіх медыя, якія рашэнні былі прынятыя, каб усё было празрыста.

«НН»: Вы згадалі артыкул kyky.org, пасля якога была створаная камісія. Гэты артыкул выйшаў у пачатку кастрычніка, але ў другой палове верасня выйшаў тэкст пра Сялецкага на «Нашай Ніве». Да гэтага выйшлі артыкулы на гэтую ж тэму на «Еўрарадыё» і «Белсаце», а яшчэ раней здарылася сама сітуацыя, з якой пачаўся скандал — праз рэпутацыю Сялецкага адмянілі яго выставу ў Вільні. Як вы можаце патлумачыць тое, што ЕГУ адрэагаваў так позна?

КР: Я не чытаю СМІ штодзень. Калі мяне праінфармавалі, што ў СМІ гэта абмяркоўваецца, я прыняў рашэнне [стварыць камісію]. Раней я пра гэта проста не ведаў.

«НН»: То-бок пытанне да працы дэпартамента камунікацыі ЕГУ?

КР: Я займаюся развіццём ВНУ, а не аналітыкай СМІ. Калі мне паведамілі, што ёсць артыкулы пра такія сур’ёзныя пытанні, я прыняў рашэнне стварыць камісію. Мне больш важна, каб быў правільны і празрысты працэс высвятлення ўсяго гэтага, які мы стварылі, і прыняцця рашэнняў на будучыню, чым пытанне, чаму мы гэта зрабілі не ў першы дзень, а ўмоўна ў дзясяты. Магчыма, зрабіць гэта раней было б лепш, але так атрымалася. 

«НН»: Абвінавачванні Сялецкага ў харасменце датуюцца рознымі гадамі. Вядома, што ў 2022 годзе студэнтка Таццяна Барысава падала ў камісію па этыцы адпаведную скаргу, якая не была задаволеная. Таксама вядома, што і да гэтага былі спробы падаваць скаргі на Сялецкага ў камісію па этыцы. Пра што сведчыць тое, што ніякага разбіральніцтва ў дачыненні да яго не было праведзена раней? Разумею, што пытанне да вашых папярэднікаў на пасадзе рэктара, але цікава пачуць ваша меркаванне. 

КР: Гэта сведчыць, што ВНУ працавала няправільна, а цяпер яна працуе правільна. Разбіральніцтва ў тым, што адбываецца, мусіла пачацца нашмат раней, так разумею, што некаторыя з гэтых выпадкаў адбыліся пару гадоў таму. Але цяпер мы над гэтым працуем і, спадзяюся, усё высветлім. 

Важна, каб усе разумелі, што ніякая ВНУ не будзе прымаць рашэнні на аснове чутак. Мусяць быць факты і доказы, што такія выпадкі мелі месца, і што чалавек пацярпеў. Мы не пракуратура і не паліцыя, але мы можам звярнуцца да экспертаў, якія скажуць нам сваё меркаванне. Па гэтым меркаванні рэктар мае права прыняць рашэнне датычна працоўных адносін. 

Не да канца разумею вось што. Выпадкі харасменту і гвалту — гэта парушэнне закону. І калі гэта адбываецца, мусіць быць заява ў пракуратуру і паліцыю. Не разумею, чаму за шмат гадоў такога не было. Спадзяюся, што мы высветлім, калі былі выпадкі харасменту і гвалту, але мы займаемся толькі працоўнымі адносінамі, астатняе вырашае закон.

Можа быць сітуацыя, калі студэнт атрымаў двойку, і тады ён ананімна абвінавачвае ў нечым такім выкладчыка. Гэта таксама недапушчальна, гэта парушэнне студэнтам этычных нормаў.

Мусім стварыць у ВНУ асяроддзе, у якім не будзе выпадкаў харасменту і гвалту з боку супрацоўнікаў і выкладчыкаў, але і не будзе магчымасцей студэнтам скарыстацца механізмам ананімных заяваў, каб паўплываць на тое, як выкладчыкі ставяць адзнакі.

Таму патрэбна працаваць з экспертамі, якія патлумачылі б, што такое правільная культура камунікацыі і паводзінаў у ВНУ.

«НН»: Вы кажаце пра тое, што патрэбныя доказы. Якога кшталту доказы могуць быць, на вашу думку, у выпадкаў харасменту і гвалту?

КР: Не ведаю, я не эксперт у гэтым. Мы ўзялі экспертаў і будзем слухаць іх меркаванне. Я эксперт па эканоміцы, па кіраванні ВНУ. За маё прафесійнае жыццё, кіраванне ВНУ ў дзвюх краінах свету і працу ў ВНУ як прафесар і член Сената я ніколі не сутыкаўся з выпадкамі харасменту.

«НН»: Канкрэтызую пытанне. У ЕГУ забароненыя аўдыя– і відэазапіс без дазволу. Харасмент нярэдка выражаецца ў словах ці ў жэстах. Калі гаворка ідзе пра гэта, якога кшталту доказы вы чакаеце?

КР: Не ведаю, можаце пагутарыць з нашымі экспертамі. Не буду прыдумляць механізмы, якія могуць выкарыстоўваць студэнты. Хачу сказаць, што ва ўніверсітэце мусяць быць нармальныя адносіны, калі студэнты прыходзяць па кампетэнцыі ці веды, а выкладчык прыходзіць, каб іх перадаць, мусіць быць добрая атмасфера навучання. Мы над гэтым працуем. А калі з’яўляюцца выпадкі харасменту, яны, спадзяюся, могуць быць выяўленыя з дапамогай метадаў, якія ў такіх сітуацыях выкарыстоўваюцца.

«НН»: Ці нясе ўніверсітэт адказнасць за тое, каб студэнт ці студэнтка, якія выбралі ў ім вучыцца, сутыкаліся з этычным стаўленнем да сябе?

КР: Так, ВНУ за гэта адказвае. У ім мусіць быць каманда, якая стварае бяспечнае асяроддзе навучання для студэнтаў.

«НН»: У ЕГУ існуе сістэма грантаў: студэнт атрымлівае адзнакі і яны ўплываюць на тое, колькі ён мусіць плаціць за навучанне. Ці бяспечна для студэнта скардзіцца на харасмент з боку выкладчыка?

КР: Тут рэч не ў харасменце, а ў тым, наколькі адзнакі адпавядаюць дасягненням студэнтаў. Ёсць розныя ўніверсітэцкія механізмы, якія прымяняюць для праверкі выстаўлення адзнак, некаторыя з іх прымяняюцца ў ЕГУ, некаторыя — яшчэ не, але мы будзем іх укараняць. Напрыклад, цяпер ідзе стратэгічны агляд усіх праграм ЕГУ, у тым ліку мы правяраем размеркаванне адзнак і тое, наколькі яны адпавядаюць працам студэнтаў. 

«НН»: Як магчымыя ахвяры харасменту могуць звяртацца ў камісію і што робіцца для іх бяспекі?

КР: Адна з задач камісіі — стварыць механізм бяспечнай падачы заяваў да яе па выпадках парушэнняў этычнага кодэксу. Усё будзе працаваць прыкладна так. Любы студэнт ці супрацоўнік універсітэта зможа падаць ананімную заяву, але да яе будзе прывязаны пэўны код ці псеўданім. Потым ён атрымае зваротную сувязь: маўляў, чалавек пад такім псеўданімам, звярніцеся, калі ласка, да дырэктара па кадрах, рэктара ці кагосьці яшчэ. Тады чалавек прыходзіць і ў бяспечным асяродку гутарыць з прадстаўніком ЕГУ, гэта ўжо не ананімная заява. Але пра тое, хто канкрэтна падаў заяву, ведаюць толькі некалькі супрацоўнікаў, якія прымаюць заявы, так што ўсё бяспечна.

«НН»: Была інфармацыя, што Сяргей Сялецкі цяпер адхілены ад працы. Ці можаце яе пацвердзіць?

КР: Так, адхілены без захавання заробку.

«Працуем над тым, каб павялічыць долю беларускай мовы»

«НН»: Якое месца ва ўніверсітэце займае беларуская мова, а якое — руская?

КР: Заняткаў па-беларуску мала. У гэтым семестры каля 60% заняткаў ідзе па-руску, 2% — па-беларуску, астатняе — па-англійску. 

«НН»: Гэта нармальныя суадносіны для беларускага ўніверсітэта ў выгнанні?

КР: Не, і мы працуем над тым, каб павялічыць долю беларускай мовы. Адна з задач перагляду праграм — прапрацаваць іх такім чынам, каб студэнты з Беларусі маглі б удзельнічаць у беларускамоўных занятках. Гэта не заўсёды магчыма, бо могуць быць прафесары, якія не выкладаюць па-беларуску, і ў нас ёсць студэнты з іншых краін, якія не ведаюць беларускую мову. 

Для студэнта вельмі добра, калі ён мае міжнароднае асяроддзе навучання. Калі студэнт заходзіць у аўдыторыю і ў яго групе студэнты з іншых краін, гэта добра, ён можа атрымаць новы досвед. Усе якасныя ВНУ за мяжой так і працуюць. І зразумела, што ў Беларусі адбываецца вельмі моцны працэс русіфікацыі — у краіне няма беларускамоўных ВНУ і вельмі мала школ, дзе вучаць па-беларуску. А ідэнтычнасць нацыі, у якой няма сваёй мовы, знаходзіцца пад вялікім пытаннем.

Таму мы мусім павялічваць колькасць заняткаў па-беларуску, але ў той жа час, калі студэнты жадаюць вучыцца з калегамі з іншых краін, даць ім такую магчымасць. Спадзяюся, што ўжо ў наступным годзе ў нас будзе нашмат больш беларускамоўных заняткаў.

«НН»: Як вы ацэньваеце працу сістэмы аплаты ва ўніверсітэце, заснаванай на грантах, якія студэнты атрымліваюць у залежнасці ад адзнак?

КР: Механізмы размеркавання грантаў працуюць, як і ў мінулым, як гэта вызначана ў дамовах з донарамі. Я іх пакуль не вывучаў дэтальна, але планую таксама прагледзець гэтыя працэдуры. Працуем над тым, каб грантаў было болей.

«НН»: Калі цягам вашага рэктарства ў Беларусі зменіцца ўлада, ці вернецца ЕГУ ў Беларусь?

КР: Я выступаў у Ельскім універсітэце і прадстаўляў артыкул з апытаннем 250 чалавек з нашага ўніверсітэта — студэнтаў і супрацоўнікаў, 75% з іх былі беларусамі. Задавалі ім і тое пытанне, пра якое вы кажаце. 90% адказалі, што ў такой сітуацыі ВНУ мусіць застацца ў Вільні і адкрыць другі кампус у Мінску. Пару працэнтаў выбралі «застацца ў Вільні», яшчэ пару працэнтаў — «вярнуцца ў Мінск».

«НН»: Як вы гэта тлумачыце?

КР: Вельмі карысна, каб універсітэт працаваў у Вільні, гэта цудоўны горад, міжкультурны. Таксама гэта частка Еўрасаюза, і дыпломы, якія выдаюцца тут, прызнаюцца па ўсім Еўрасаюзе. У нейкі час Беларусь таксама далучыцца да Еўрасаюза, але гэта пытанне будучыні.

«НН»: Ці ёсць нешта, што б вы хацелі дадаць да нашай гутаркі?

КР: Дзякуй, што вы зацікаўленыя тым, што адбываецца ва ўніверсітэце. Як бачыце, я адкрыта адказваю на ўсе пытанні. Не ўсё ведаю і не ўсю працу пакуль змог зрабіць у ВНУ, шматлікія віды дзейнасці патрабуюць разгляду і паляпшэння, але будзем гэтым займацца. Ёсць выпадкі, як з Сялецкім, якія мы будзем вырашаць, але ў цэлым ЕГУ — гэта вельмі паспяховая гісторыя.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Прыніжаў разумовыя здольнасці студэнтак». Чаму ў Вільні са скандалам адмянілі выставу беларускага мастака

«Нельга выгнаць Беларусь з ЕГУ». Што кажуць былыя выпускнікі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта пра сваё навучанне там

«Калі я адказны за тое, што Пятрашка цяпер робіць у эфіры, то мяне трэба пакараць». Шчырае інтэрв’ю з экс-дацэнтам журфака — пра калег і чорныя спісы

Каментары39

  • Вероятный
    07.11.2023
    > ў цэлым ЕГУ — гэта вельмі паспяховая гісторыя.

    Для каго? 
  • Сонейка
    07.11.2023
    Мярзотна чытаць, як ён выкручваецца з гісторыяй харасменту. Канешне, нічога ён не ведаў : ведаць не хоча. Толькі думае, як усё замяць
  • No
    07.11.2023
    У гэтым семестры каля 60% заняткаў ідзе па-руску, 2% — па-беларуску
    ----
    Амінь.Нават за мяжой бедарусам непатрэбна беларуская мова..
    Якое адраджэнне пасля лукамора? Неафітам гэта не патрэбна

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак8

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак

Усе навіны →
Усе навіны

Наступленнем паўстанцаў у Сірыі кіруе Абу Махамед аль-Джулані. Хто ён такі і чаму яго лічаць прагрэсіўным джыхадзістам?7

Вядомы IT-інвестар патлумачыў, чаму ў Польшчы няма свайго EPAM і чым крутыя Мікада і Мельнічак5

«Толькі бізнэс, нічога палітычнага». Еўрапейскія бізнэсмены прыглядаюцца да падсанкцыйнай Беларусі7

Расійскую шпіёнку, якая збіралася спакусіць і выкрасці журналіста Грозева, пры арышце заспелі ў ложку з іншым агентам Крамля4

Сірыйская апазіцыя рыхтуецца да аблогі Дамаска13

Лаўроў назваў апанентаў Асада ў Сірыі «законнай апазіцыяй»9

Новы кіраўнік МУС Літвы расказаў, ці трэба закрываць рэшту пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю8

Імя Мухамед стала самым папулярным у Вялікабрытаніі? Так, але вы робіце з гэтага памылковыя высновы18

Нямецкі інжынер ужо два месяцы жыве пад вадой4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак8

Асад уцёк у Расію і папрасіў палітычны прытулак

Галоўнае
Усе навіны →