Свет2626

Вось як Трамп хоча змяніць ЗША ў выпадку сваёй перамогі

Чарговыя прэзідэнцкія выбары ў ЗША адбудуцца 5 лістапада 2024 года. Кандыдат у прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі хоча рэзка скараціць колькасць федэральных чыноўнікаў, узяць пад кантроль выканаўчай улады агенцтвы, якія раней былі незалежнымі, і забраць у Кангрэса паўнамоцтва выдаткоўваць сродкі, піша The Wall Street Journal.

Donald Trump in Sioux City
Дональд Трамп праводзіць перадвыбарчы мітынг у Су-Сіці, штат Аёва. Фота: Scott Olson / Getty Images

На працягу дзесяцігоддзяў амерыканскія кансерватары спрабавалі – і ў асноўным беспаспяхова — карэнным чынам перабудаваць федэральны ўрад. Вытокі гэтых намаганняў узыходзяць да 1982 года, калі тагачасны прэзідэнт Рональд Рэйган заснаваў камісію па павышэнні эфектыўнасці ўрада з мэтай «асушыць балота» ў Вашынгтоне.

Група, вядомая як Камісія Грэйс, апублікавала 47-томную справаздачу з больш як дзвюма тысячамі рэкамендацый адносна дзяржаўных служачых. Многія з рэкамендацый так і не былі выкананы.

Аднак калі Дональд Трамп верне сабе Белы дом, кансерватары могуць дамагчыся поспеху.

Чаму Трамп можа «падмяць» урад пад сябе і што такое прынцып унітарнай выканаўчай улады

Перабудаваць урад можа дазволіць так званы прынцып унітарнай выканаўчай улады, які зафіксаваны ў Канстытуцыі і надзяляе выканаўчай уладай прэзідэнта. Гэты прынцып з'явіўся ў амерыканскім канстытуцыйным праве яшчэ ў XVIII стагоддзі.

У артыкуле 2 Канстытуцыі ЗША гаворыцца, што выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту Злучаных Штатаў Амерыкі. На падставе гэтай нормы прыхільнікі тэорыі ўнітарнай выканаўчай улады сцвярджаюць, што, хоць Кангрэс і мае абмежаванае права ўмешвацца ў выканаўчую ўладу шляхам адпраўлення ў адстаўку некаторых службовых асоб, толькі прэзідэнт мае канстытуцыйныя падставы кантраляваць распрацоўку палітычных стратэгій і рашэнні органаў выканаўчай улады.

Многія мяркуюць, што крайняя форма ўнітарнай выканаўчай улады ў ЗША сфармавалася пры прэзідэнце Джорджы Бушу-малодшым, калі ён запрасіў на пасаду віцэ-прэзідэнта Дзіка Чэйні. Разам яны пачалі вырашаць уласныя палітычныя інтарэсы, і гэта выявілася ў такіх спрэчных рашэннях, як вядзенне вайны з міжнародным тэрарызмам, уварванне ў Ірак і выкарыстанне незаконных метадаў допыту.

Сёння Трамп дамагаецца прагрэсу па некаторых са сваіх прапаноў шмат у чым дзякуючы Вярхоўнаму суду, у якім былы прэзідэнт дапамог замацавацца кансерватыўнай большасці. Кансерватыўныя суддзі неаднаразова сігналізавалі аб падтрымцы прынцыпу ўнітарнай выканаўчай улады і выказвалі скептыцызм у дачыненні да федэральных агенцтваў — так што яны могуць з разуменнем паставіцца да сцвярджэння Трампа наконт таго, што федэральную бюракратыю трэба ўтаймаваць.

Але пры гэтым трэба згадаць, што Трамп не атрымаў ласкі ад Вярхоўнага суда падчас свайго прэзідэнцтва. Суд заблакаваў яго намаганні па ўключэнні пытання аб грамадзянстве ў перапіс насельніцтва, які праводзіцца раз у дзесяць гадоў, і па адмене праграмы легалізацыі для дзяцей-нелегалаў Deferred Action for Childhood Arrivals (DACA), створанай за часам Абамы. Суд таксама адхіліў хадайніцтва Трампа аб адмене крымінальнага расследавання, распачатага пракуратурай Нью-Ёрка ў дачыненні да самога Трампа.

«Цяжка прадказаць, як далёка можа зайсці [Вярхоўны суд]. Але я думаю, што цяпер значна менш судовай стрыманасці і больш гатоўнасці дапусціць тое, што калісьці лічылася экстрэмальнымі або маргінальнымі канстытуцыйнымі прапановамі»,

— дзеліцца сваім меркаваннем наконт таго, як можа паводзіць сябе Вярхоўны суд у дачыненні да рашэнняў, прынятых Трампам, Шалеў Ройсман, прафесар права ва Універсітэце Арызоны.

Некаторыя людзі, якія ведаюць былога прэзідэнта, выказваюць занепакоенасць тым, што асмялелы Трамп можа выйсці на ўзроўні законаў далёка за межы таго, што ён рабіў падчас свайго першага прэзідэнцкага тэрміна, і акружыць сябе дарадцамі, якія не будуць супраціўляцца яго парывам.

Дарадцы галоўнага рэспубліканца будуць імкнуцца атрымаць больш паўнамоцтваў для найму і звальнення прафесійных федэральных службоўцаў, каб уплываць на тое, хто праводзіць прэзідэнцкую палітыку ва ўсім урадзе.

У 2020 годзе Трамп выдаў выканаўчы ўказ, які мог бы пазбавіць тысячы федэральных службоўцаў абароны на дзяржаўнай службе і скасаваць конкурсныя экзамены ў якасці крытэра прыёму на працу. Прэзідэнт Байдэн адмяніў гэты ўказ, але дарадцы Трампа плануюць яго аднавіць.

Што канкрэтна Трамп хоча змяніць падчас свайго прэзідэнцтва

Гэта тое, што паабяцаў зрабіць кандыдат у прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі ў выпадку абрання ў 2024 годзе:

Федэральныя чыноўнікі

Звольніць тысячы федэральных службоўцаў, якіх прэзідэнт лічыць чальцамі «глыбіннай дзяржавы», а некаторых — перавесці за межы Вашынгтона.

Агенцтвы

Усталяваць кантроль над незалежнымі агенцтвамі, такімі як Федэральная камісія па гандлі і Федэральная камісія па сувязі.

Бюджэт

Адрадзіць так званую «канфіскацыйную ўладу». Гэта азначае любое дзеянне або бяздзейнасць службоўца федэральнага ўрада, якія блакуюць выдаткі або абавязацельства па фінансаванні, прынятае Кангрэсам і замацаванае ў законе. Закон аб бюджэце 1974 года абмежаваў права выканаўчай улады ўтрымліваць сродкі без ухвалення Кангрэса.

Грамадзянства

Выдаць выканаўчы ўказ, які адмяняе канстытуцыйнае права на грамадзянства па праве нараджэння, якое больш за стагоддзе давала грамадзянства ЗША дзецям, што нарадзіліся ў краіне — незалежна ад іміграцыйнага статусу іх бацькоў.

Праваахоўныя органы

Спыніць фінансаванне Федэральнага бюро расследаванняў і Міністэрства юстыцыі.

Іміграцыя

Правесці тое, што, са слоў Трампа, стане «найбуйнейшай аперацыяй дэпартацыі ў гісторыі», і адправіць тысячы вайскоўцаў, дыслацыраваных за мяжой, да амерыкана-мексіканскай мяжы.

Наркотыкі

Загадаць ваенна-марскім сілам ЗША ўвесці поўнае ваенна-марское эмбарга, каб прадухіліць траплянне ў краіну фентанілу і іншых наркотыкаў.

Гандаль

Увесці ўніверсальны базавы тарыф у памеры 10% на большасць тавараў, якія імпартуюцца.

Кітай

Увесці абмежаванні на валоданне Кітаем інфраструктурай у ЗША.

Жыллё

Пабудова новых гарадоў на федэральнай зямлі.

Бяздомнасць

Перасяляць бяздомных людзей у наноў створаныя намётавыя мястэчкі.

Кансерватыўныя чыноўнікі, якія ўдзельнічаюць у дыскусіях, адмаўляюць ідэю таго, што Трамп спрабуе захаваць некантраляваную ўладу, і кажуць, што яны хочуць вярнуцца да бачання прэзідэнцтва, выкладзенага ў Канстытуцыі. Паводле іх, падчас другога прэзідэнцкага тэрміна Трампа «бюракратыя будзе больш клапаціцца пра тое, што думае прэзідэнт і які яго парадак дня».

Байдэн узмацніў сваю крытыку на адрас Трампа, звярнуўшы ўвагу на намаганні былога прэзідэнта па пашырэнні сваёй улады.

«Гэтая пагроза MAGA (Make America Great Again — «Вернем Амерыцы былую веліч» — амерыканскі палітычны лозунг, папулярызаваны Дональдам Трампам падчас яго прэзідэнцкай кампаніі 2016 года) ёсць пагрозай асновам нашых дэмакратычных інстытутаў»,

— заявіў Байдэн у мінулым месяцы падчас выступу ў Арызоне.

Калі раптам Трамп выйграе другі тэрмін, чакаецца, што дэмакраты ў Кангрэсе пачнуць расследаванне дзеянняў Трампа, бо яны будуць кантраляваць Сенат або Палату прадстаўнікоў. Аднак прыняцце заканадаўства, якое радыкальна процідзейнічае яго палітыцы, імаверна, будзе складанай задачай.

Каментары26

  • Common sense
    01.11.2023
    Vik, трамписты уже на прошлогодних выборах облажались проиграв кучу мест в хаусе и сенате которые им прогнозировали.
  • Mafkees
    01.11.2023
    Надеюсь этого крикливого американского лукашэнку скорее посадят в тюрьму лет на 20.
  • Васіль
    01.11.2023
    На Трампа адна надзея. Удачы табе, Дональд!

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»7

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»

Усе навіны →
Усе навіны

«Асад паў. Не бойцеся». Як вызваляюць вязняў сумна вядомых турмаў Сірыі6

Пастаянны прадстаўнік РФ аб сітуацыі з Асадам: Расія застаецца вернай сваім сябрам у бядзе9

Асад быў здзіўлены, як дзейнічала яго армія3

Міліцыя будзе ўзмоцнена правяраць вакзалы і цягнікі3

Лесніка са Свіслачы судзяць за каментары ў тэлеграме па шасці крымінальных артыкулах. Яму пагражае да 12 гадоў1

«Не падайце духам, паручык Шпакоўскі». Як беларускія прапагандысты і аналітыкі рэагуюць на падзеі ў Сірыі15

Мінабароны: Беларусь не плануе ствараць наступальных груповак войскаў6

У турме Асада выявілі сакрэтную турму, якая ідзе пад зямлю на чатыры паверхі3

ЗША нанеслі ўдары па аб’ектах Ісламскай дзяржавы ў Сірыі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»7

КДБ выпадкова выдаў двух супрацоўнікаў, адказных за стварэнне спіса «тэрарыстаў»

Галоўнае
Усе навіны →