У Бабруйску ва ўзросце 65 гадоў памёр літаратуразнаўца і этнограф Аляксей Ненадавец, паведамляе суполка Bellit.info.
Аляксей Міхайлавіч нарадзіўся 12 лютага 1958 года ў вёсцы Чухава, Пінскага раёну. У 1980 скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт. 3 1992 працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі.
Даследаваў беларускую міфалогію, краязнаўства, фальклор, узаемасувязі літаратуры з міфалогіяй, а таксама Міншчыну ў легендах і паданнях.
У апошнія гады працаваў выкладчыкам Бабруйскага філіяла БДЭУ.
Аўтар кніг «Святло таямнічага вогнішча» (1993), «Каму пакланяліся продкі» (1996), «Тэадор Нарбут» (1996), «За смугою міфа» (1999), «Сілаю слова: Чорная і белая магія» (2002), «Міфалогія. Духоўныя вершы», 2003 (кніга з серыі «Беларускі фальклор: Жанры, віды, паэтыка»).
Доўгі час навукоўца змагаўся з анкалагічным захворваннем.
Развітанне з Аляксеем Міхайлавічам адбудзецца на Мінскіх могілках Бабруйска 29 кастрычніка а 16:00.
Каментары