Чаму так шмат добраахвотнікаў ужо загінула на вайне? Меркаванне Сахашчыка
Учора стала вядома пра гібель ваяра Паўла Горбача. Гэта 36-я смерць беларускага добраахвотніка ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Пра колькасць беларусаў, якія ваявалі ва Украіне, і прычыны столькіх ахвяраў сярод беларускіх добраахвотнікаў «міністр абароны» ў Аб’яднаным пераходным кабінеце Валер Сахашчык раней разважаў у інтэрв’ю праекту «Ток».
Пра беларускіх добраахвотнікаў
Валерый Сахашчык адзначыў, што дакладную статыстыку колькасці беларусаў, якія з пачатку вайны бралі ўдзел у ваенных дзеяннях на баку Украіны, цяжка даць, бо яна не вядзецца. Да таго ж людзі хаваюць свае імёны. І яны маюць на гэта падставы, бо ў Беларусі пераследуюць іх родных.
«Я думаю, што не менш за тысячу прайшло праз вайну. Магчыма, што і болей», — лічыць Сахашчык.
Валерый называе ваяроў сапраўднымі героямі, генафондам і будучым нашай нацыі. Разам з гэтым ён звяртае ўвагу на іншы аспект:
«Каб быць да канца сумленным, неабходна сказаць, што вайна калечыць усіх. І ўсе людзі, якія там знаходзяцца, асабліва тыя, што знаходзяцца працяглы час, асабліва як Ваўкалак, які шмат разоў быў паранены і ўжо паўтара года знаходзіцца ў вось гэтых цяжкіх абставінах. Я, напрыклад, не ўпэўнены, што чалавек цалкам зможа аднавіць сваю псіхіку».
Адказваючы на пытанне, чаму беларускія афіцэры не едуць масава добраахвотнікамі ваяваць за Украіну, Сахашчык звярнуў увагу на шэраг абставін:
«Шмат людзей прывезлі сем'і ці маюць семʼі, якія трэба карміць. Не кожны можа кінуць працу і паехаць. Нейкі арэол рамантызму, які, магчыма, быў у першыя тыдні вайны, асабліва дзякуючы паспяховым дзеянням партызанаў, калі калоны па 60 кіламетраў расійскай тэхнікі стаялі, і іх з найбліжэйшага лесу, з узлеску расстрэльвалі з «Джавелінаў», і суадносіны страт былі сем да аднаго на карысць украінцаў… Гэта была адна вайна.
Потым вайна перакачавала ў стэп. Дзе поле бітвы роўнае, як стол, дзе нікуды не схаваешся, дзе над табою лётаюць расійскія дроны, карэктуюць і па табе прылятаюць снарады і міны.
Рамантыкі ў гэтым мала. Гэта насамрэч жахліва і страшна. Шмат людзей загінула, самых выдатных нашых хлопцаў-беларусаў. Нехта атрымаў цяжкія раненні. Нехта проста выгараў ад працяглага знаходжання ў стане жаху, крыві, бясконцых смерцяў і раненняў вакол. Людзі зʼехалі. Гэта вельмі складана. Даць гэтаму ацэнку можа толькі чалавек, які сам праз гэта прайшоў. Гэта немагчыма зразумець па кнігах і фільмах».
Чаму так шмат добраахвотнікаў ужо загінула на вайне
Адказ на пытанне пра прычыны вялікай колькасці загінулых беларусаў у вайне для Валерыя Сахашчыка вельмі складаны, бо ён вельмі баіцца закрануць чыёсьці самалюбства. Валерый называе наступныя прычыны:
«Першая, якая найбольш вызначальная, гэта жахлівая вайна, на якой гінуць тысячы ўкраінцаў. Хіба што беларусы панеслі страты суразмерна ад сваёй колькасці тым стратам, што нясуць украінцы.
Разам з тым я б праводзіў працу над памылкамі, запісваў бы досвед. На жаль, ёсць выпадкі, калі людзі гінулі з-за не зусім разумных рашэнняў камандавання, з-за недастатковага навучання. Мы павінны прызнаць, што такія выпадкі, на жаль, былі».
Глядзіце цалкам:
Каментары
Увидите, овно ещё всплывёт!...
«Шмат людзей прывезлі сем'і ці маюць семʼі, якія трэба карміць. Не кожны можа кінуць працу і паехаць."
дык ці ёсць беларускія афіцэры ў прынцыпе? і ў прынцыпе афіцэры? бо тыя, што засталіся ў Беларусі, яны не беларускія, а русское офицарье, а тыя, што з'ехалі - у іх семьи...и-и