Павел Горбач (справа)

Павел Горбач (справа)

Пра смерць ваяра таксама ў сваіх акаўнтах паведамляюць сябры Горбача ў Instagram. Апошні раз у Telegram ён з'яўляўся на гэтым тыдні. Падрабязнасці гібелі беларуса пакуль невядомыя.

Павел Горбач нарадзіўся 10 студзеня 1992 года. Вядома, што з 2012-га да 2015 года ён служыў на кантракце ў беларускім войску, быў старшыной. У Беларусі Горбача асудзілі за нестатутныя адносіны, ён адбываў пакаранне на «хіміі».

Сам Павел Горбач у інтэрвʼю тэлеканалу «Белсат» казаў, што мае на руках усе дакументы і хацеў бы абскардзіць гэты прысуд.

Вядома, што Павел быў фанатам футбольнага менскага «Дынама». У размовах з карэспандэнтам «Свабоды» добраахвотнік расказваў, што яго, як фаната, яшчэ да 2020 года спрабаваў завербаваць ГУБАЗіК.

Горбач актыўна ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года, быў вымушаны выехаць з краіны, каб не трапіць пад крымінальны пераслед. У Польшчы працаваў дальнабойнікам.

Ва Украіну паехаў ад самага пачатку вайны разам з сябрам Змітром «Тэрорам» Апанасовічам. У сакавіку 2022 года «Борт» і «Тэрор» удзельнічалі ў баях у Ірпені Кіеўскай вобласці. Там Апанасовіч атрымаў смяротнае раненне.

У далейшым Павел «Борт» быў камандзірам разведкі ў батальёне «Тэрор». Удзельнічаў у баях на поўдні Украіны, у вызваленні Херсона.

Паводле звестак «Свабоды», за некалькі месяцаў да смерці Павел Горбач пакінуў «Тэрор». Апошнім часам ён ваяваў у іншым падраздзяленні.

Гэта як мінімум 36-ы беларускі добраахвотнік, які загінуў ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

Клас
2
Панылы сорам
2
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
67
Абуральна
6