У краіне скончыўся тэрмін, да якога арганізатарам канцэртаў трэба было падаць пэўны пакет дакументаў, каб застацца ў дзяржрэестры, піша Sputnik Беларусь.
Некалькі дзясяткаў арганізатараў канцэртаў выключаныя з адпаведнага рэестра Міністэрства культуры Беларусі.
Станам на май 2023 года ў рэестры арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў на сайце Мінкультуры было 736 індывідуальных прадпрымальнікаў і кампаній. З іх каля 20 лічыліся як ужо выключаныя.
У верасні ўрад прыняў пастанову, якая змяніла патрабаванні да арганізатараў. Усіх удзельнікаў рэестра абавязалі да 23 кастрычніка падаць пэўны пакет дакументаў.
Напрыклад, трэба было прадставіць выпіску аб правапарушэннях кіраўніка кампаніі (ці ІП). Другое патрабаванне — падача даных аб арганізацыі культурна-відовішчных мерапрыемстваў за апошнія тры гады. Тых, у каго стаж працы ў гэтай сферы меншы за тры гады, было вырашана выключыць з рэестра.
Калі ўлічыць інфармацыю на май, то пасля прыняцця пастановы выключана каля 50 арганізатараў канцэртаў і іншых відовішчаў. Сярод іх былі не толькі кампаніі, але і індывідуальныя прадпрымальнікі.
Па апошніх звестках, у спісе 737 пунктаў. З улікам выключаных удзельнікаў рынку ў краіне арганізоўваць канцэрты і іншыя відовішчныя мерапрыемствы мае права каля 660 прадпрымальнікаў і кампаній.
Раней былі планы забараніць ІП арганізацыю канцэртаў і пакінуць гэтае поле дзейнасці кампаніям. Пакуль што такую норму не прынялі, і ў рэестры налічваецца прыкладна тры сотні ІП. Сярод кампаній ёсць тыя, у якіх асноўны бізнэс — рэтэйл (напрыклад, «Еўрагандаль») альбо рэстаранная справа (мінскія рэстараны Fabriq, «Сябры» і іншыя).
Каментары